Аптымізацыя не толькі кадраў, але і пабудоў

Эканомiка

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У АСП «Рамонтна-механічныя майстэрні станцыі Стоўбцы» ЭРУП «Цэнтр механізацыі пуцявых работ Беларускай чыгункі» забяспечваюць патрэбы Беларускай чыгункі, але традыцыйна не адмаўляюцца і ад выканання індывідуальных заказаў.

Што датычыць індывідуальных заказчыкаў, то варта назваць, да прыкладу, сялянскую фермерскую гаспадарку «Сула». У палявых умовах, калі з-за паломкі складанай імпартнай тэхнікі не хочацца губляць ніводнага рабочага дня, фермер звяртаецца да спецыялістаў рамонтна-механічных майстэрань для вырабу запасных частак. Больш таго, у майстэрнях могуць аказаць паслугі паводле эскізаў і ўзораў заказчыка. А наяўнасць у прадпрыемства дакументаў еўразійскага ўзроўню на выраб грузазахопных прыстасаванняў прыцягвае да іх такіх партнёраў, як Навасвержанскі лесазавод, будаўнічыя арганізацыі.

Асноўная дзейнасць майстэрань звязана з патрэбамі Беларускай чыгункі. Гэта і адказнасць, і – стабільнасць, перспектыва. Так, згодна з заяўкамі і дагаворамі занятасць калектыву ў 2019 годзе ўжо забяспечана на 75 працэнтаў, і фактычна кожны дзень дабаўляецца колькасць заявак і дагавораў.

– Апошнім часам расшырыліся аб’ёмы работ (з 40 да 49 працэнтаў) па рамонце спецыяльнага рухомага саставу, – адзначае начальнік рамонтна-механічных майстэрань Дзмітрый Федаровіч. – Сёння ў рабоце знаходзіцца пуцявая тэхніка з усёй рэспублікі, а менавіта з Мінскай, Асіповіцкай, Бабруйскай, Полацкай дыстанцый пуці. З пачатку года ажыццёўлены рамонт дзвюх маторных платформаў для перацягвання пуцявой рашоткі, які ўключаў у сябе мадэрнізацыю і замену рухавіка на больш сучасны і эканамічны, для пуцявых машынных станцый Гомеля і Віцебска. Таксама для гомельскай станцыі абноўлены канцавы вагон саставазасмечвальніка – з капітальнымі змяненнямі кабіны кіравання і дызель-генератарнай устаноўкі, яго пафарбоўкай.

Кожны год асвойваем рамонт 2-4 новых адзінак малой механізацыі. Гэты працэс уключае распрацоўку тэхналогіі, афармленне чарцяжоў і да т. п. На даны момант займаемся рэйказмазвальнікам. Развіваем новыя напрамкі дзейнасці. Адчуваем, што перспектыву мае выраб шунціруючага прыстасавання для зніжэння намагнічанасці рэек на стыках. Ужо выраблены дзве партыі такіх прыстасаванняў, яны праходзяць выпрабаванні на розных дыстанцыях пуці. Прыходзяць станоўчыя водгукі.

Для эфектыўнай работы перагледжаны і штатны расклад. Так званая аптымізацыя ўключае ў сябе сумяшчэнне прафесій. У нас слесар-інструментальшчык можа выконваць і абавязкі кладаўшчыка. Цякучкі кадраў няма. Сярэднямесячная заработная плата ў першым квартале бягучага года перавысіла 1000 рублёў, таму людзі за работу трымаюцца.

– Дзмітрый Георгіевіч, імідж майстэрань заўсёды быў звязаны не толькі з вытворчасцю. Вашы аб’екты знаходзяцца побач з чыгуначнымі шляхамі і будуць, адпаведна, у полі зроку ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў – 2019, турыстаў і гасцей нашай краіны. 

– Мы гэта разумеем, таму вялікую ўвагу надаём пытанням добраўпарадкавання, аптымізацыі пабудоў. Складзены план мерапрыемстваў на 2019–2021 гады, які прадугледжвае бягучы і капітальны рамонты многіх будынкаў і збудаванняў. Тое-сёе з яго ўжо рэалізоўваецца. Да прыкладу, выканалі рамонт з уцяпленнем двух выязных варот цэха металаканструкцый, у галоўным вытворчым корпусе – рамонт дзвярэй ва ўсіх падсобных памяшканнях. На даны момант вызвалены памяшканні былога кавальскага ўчастка і старой кацельні, дзе сіламі будаўніча-мантажнага поезда № 760 г. Баранавічы ажыццяўляецца заліўка падлогі, вядзецца пафарбоўка і да т. п. У іх мы плануем размясціць зварачны ўчастак з аддзяленнем наплаўкі, а таксама перанесці сюды асноўны склад таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Стары склад падлягае зносу. Летась таксама была ліквідавана адна з пабудоў, якая па сваіх характарыстыках не падыходзіць пад сучасную вытворчасць.

Згодна з праграмай энергазберажэння, у бягучым годзе запланаваны замена аконных блокаў на другім паверсе адміністрацыйна-бытавога корпуса і бягучы рамонт яго даху. На разглядзе яшчэ два дагаворы: адносна рамонту фасада галоўнага вытворчага корпуса з паўночнага боку і рамонту фасада з заменай аконных блокаў цэха металаканструкцый. Агульны кошт работ складзе 220 тысяч рублёў, таму будзем праводзіць іх паэтапна. І пачнём, зразумела, ужо ў гэтым годзе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *