Дэпутацкая дыпламатыя пачынаецца з мясцовага ўзроўню

Афіцыйна Важное

На мінулым тыдні ў Стоўбцах правёў чарговы прыём грамадзян член Савета Рэспублікі Мікалай Радаман. Гэта традыцыйная форма работы з выбаршчыкамі, якая дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з патрэбамі і праблемамі людзей, данесці іх да ўрада краіны. 

Восенню бягучага года ў нашай рэспубліцы пройдуць парламенцкія выбары. Мы запрашаем Мікалая Радамана падвесці своеасаблівы вынік яго сенатарскай дзейнасці ў гэтым скліканні, паразважаць пра сучасныя справы і зазірнуць у дзень заўтрашні.

– Мікалай Вячаслававіч, над чым вы працуеце сёння як дэпутат?

– Работа дэпутата асабліва важная ў перадвыбарны перыяд. Як член Савета Рэспублікі, намеснік старшыні камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні я вывучаю пытанні сувязі мясцовых Саветаў з насельніцтвам, узаемадзеяння заканадаўчай і выканаўчай улады на мясцовым узроўні, яе ўплыву на развіццё раёна, якасць жыцця людзей. Размова ідзе пра дэмаграфічную бяспеку, занятасць, экспарт і іншыя канцэптуальныя рэчы, якія нядаўна акрэсліў Прэзідэнт краіны ў сваім Пасланні да парламента і беларускага народа. Кіраўнік краіны патрабуе, каб выбары былі адкрытымі, сумленнымі і каб лепшыя з лепшых сярод прадстаўнікоў вытворчай сферы, грамадскіх арганізацый і партый трапілі ў склад новага дэпутацкага корпуса. Дэпутаты ўсіх узроўняў працуюць на перспектыву, на карысць людзей.

Сёння галоўная ацэнка дзейнасці мясцовай адміністрацыі заключаецца якраз у тым, што на прыёме не было людзей. Значыць, кіраўніцтва чуе іх, вядзе з імі дыялог і вырашае пытанні.

– А калі пытанні ў выбаршчыкаў узнікаюць, то якія яны?

– Калі зрабіць аналіз па трох раёнах (у акругу сенатара ўваходзяць Нясвіжскі, Стаўбцоўскі і Валожынскі раёны – Т. П. ), то людзей найбольш хвалююць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Не задавальняе рамонт жылля, дарог і да т. п. Узнікае нямала пытанняў юрыдычнага характару, якія не звязаны з маёй дэпутацкай дзейнасцю.

Мною як старшынёй Савета аграрыяў Рэспублікі Беларусь і сенатарам праведзена вялікая работа па пытанні, якое паступіла ад жыхароў Валожынскага раёна, – адносна льготнай пенсіі тым, хто працуе ў шкодных умовах. Была ініцыіравана сустрэча з міністрам працы і сацыяльнай абароны, міністрам сельскай гаспадаркі, кіраўнікамі абласнога прафесійнага саюза работнікаў АПК і ФПБ. Каб абараніць інтарэсы людзей, прынята рашэнне звярнуцца да Прэзідэнта. Пакуль пытанне застаецца адкрытым.

– Вы ў адной асобе і дэпутат, і кіраўнік гаспадаркі. Як ніхто іншы ведаеце, што ўсе хочуць  не толькі стабільнасці ў краіне,але і стабільнасці сямейнага бюджэту. Як дасягнуць гэтага?

– Жыццё кожнага чалавека, яго поспехі, дабрабыт залежаць першапачаткова ад яго самога. У нашай дзяржаве ва ўсіх ёсць магчымасць працаваць і атрымліваць у залежнасці ад кваліфікацыі заработную плату. Безумоўна, хацелася б атрымліваць больш, асабліва ў сельскай мясцовасці, але, не маючы ў дастатковай колькасці прадукцыі, узняць заробак нельга. У гэтым плане я вывучаў вопыт замежных краін – там таксама такі ж падыход. Нельга дапускаць спажывецкага настрою. Маўляў, дзяржава кожнаму нешта павінна, абавязана… А які ўклад унеслі мы? Калі ідзе адток працоўных рэсурсаў у іншыя краіны, то нам, парламентарыям, варта думаць, як будзе ажыццяўляцца медыцынскае і іншае абслугоўванне гэтых грамадзян, членаў іх сем’яў. Нездарма і кіраўнік краіны сказаў у Пасланні аб неабходнасці ўдасканалення Канстытуцыі рэспублікі.

Як прадстаўнік аграрнага сектара бачу, што сёння краіна дае шмат прэферэнцый у выглядзе крэдытаў на паліва і ўгнаенні. Дапамаге і прыняты кіраўніком краіны Дэкрэт № 5. Сапраўды, залог поспеху – дысцыпліна, маральны стан калектыву. Гэтыя паняцці ўзаемазвязаныя, над імі трэба пастаянна працаваць.

– Агракамбінат «Сноў» – флагман аграрнай індустрыі ў Беларусі. Вы як яго кіраўнік задаволены вынікамі работы?

– «Сноў» – сапраўды неардынарнае, шматгаліновае прадпрыемства. Яно займаецца вытворчасцю мяса птушкі, мяса ялавічыны, малака. Працуе каля 1900 чалавек. Сёння мы надойваем ад адной каровы 31,5 літра малака ў дзень. У мінулым годзе атрымалі 10 373 літры на карову. У гэтым годзе сярэдні паказчык па гаспадарцы складзе 10 500 літраў на карову. Такая ўпэўненасць ёсць, таму што ўжо дасягнулі плюса, які складае 100 літраў на карову. Чым вышэй вынік, тым складаней працаваць спецыялістам, жывёлаводам. Але няма мяжы ўдасканаленню. Нашы спецыялісты вучацца і прымяняюць новыя тэхналогіі кармлення, паляпшэння генетыкі жывёлы і да т. п.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *