У мінулую суботу ў Кучкунах ладзілася свята вёскі. Юбілейнае, пяцідзясятае з пачатку правядзення такіх мерапрыемстваў у раёне. На сваёй малой радзіме гасцей сустракалі хлебасольныя жыхары вёскі, якія шчыра падрыхтаваліся, навялі на вуліцах і вакол сядзіб парадак.


Свята сабрала многіх, каго родны кут хвалюе, заклікае зноў сюды вяртацца. Да бацькоў прыехалі дзеці з унукамі. У дружнай вясковай сям’і і тыя, хто купіў тут дамы і жыве на працягу не аднаго дзесяцігоддзя. Гаспадары праявілі фантазію, накрылі сталы. Зрабілі выставы твораў мясцовых майстроў. Галоўнае, што ўсё ад душы, ад імкнення паказаць, чым багата вёска, дзе жывыя традыцыі, заўсёды ў пашане ўмельства.

Шэсце пачалося з вуліцы Палявой. Першы стол накрылі сем’і Малахавых – Пяткевічаў. Гасцінна сустракала гасцей сям’я старасты вёскі Сяргея Віцько разам з суседзямі Уласікамі і Боханамі. Вуліцу Школьную прадставілі сем’і Гусачонкаў, Вайцяховічаў, Новікаў, Драздоў, Шульга, Данічавых, Гацураў. Карані вёскі – старэйшыны, якія перажылі голад і нястачу, разам будавалі мірнае жыццё. Гасцінна расчынілі веснічкі Леанід і Зінаіда Лапко, Людміла Яшкова, Ганна Грамыка, увесь працоўны шлях якіх звязаны з мясцовай гаспадаркай. Віталі прадстаўнікоў райвыканкама і мясцовай улады Боханы і Маліноўскія, Наронскія, Собалевы, Кульгавікі… Заклікалі ў аграсядзібу «Конная застава» яе гаспадары, у гэтай хаце, дарэчы, пражывае самая старэйшая жыхарка вёскі Валянціна Някрасава.
Затым свята працягнулася на імправізаванай сцэне. Ураджэнец вёскі Генадзій Уласік падрабязна расказаў пра гісторыю яе ўзнікнення і звярнуўся да жыхароў з прапановай увекавечыць свой родны кут – паставіць памятны камень з мармуровай плітой і пасадзіць восенню дубы.
Хвілінай маўчання былі ўшанаваны тыя, хто са зброяй у руках змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны.


Як адзначыў старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Шэсцель, у Кучкунах жывуць працалюбівыя, творчыя людзі з адметнай гісторыяй, культурай, традыцыямі, багатай спадчынай. Старшыня Заямнаўскага сельвыканкама Уладзімір Гарохавік дадаў, што вёска гэтая – адна з найпрыгажэйшых мясцін Стаўбцоўшчыны, а свята яднае ўсе яе пакаленні.


Біяграфія вёскі складаецца з лёсаў, працоўных спраў яе жыхароў. Падарункі за шматгадовую працу атрымалі 14 былых работнікаў мясцовай гаспадаркі, а таксама тыя, хто працавалі і сёння шчыруюць у гарадскіх арганізацыях. Ушанавалі і самую маленькую жыхарку – паўтарагадовую Васілісу Малахаву.

Музычныя віншаванні вяскоўцам гучалі ля падворкаў і са сцэны. Выступалі фальклорны гурт «Яблынька» Стаўбцоўскага цэнтра народнай творчасці, народны вакальны ансамбль «Святланы» і народны ансамбль народнай музыкі «Славяначка» Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў, вакальны ансамбль «Світанак» Наваколасаўскага цэнтра культуры.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара