Дар Святой Эўхарыстыі

Главное Культура

У апошнюю нядзелю мая парафія святога Казіміра ў Стоўбцах  адзначыла радасную і ўрачыстую падзею: 30 маленькіх вернікаў упершыню ў сваім жыцці прынялі Святую Камунію.

На працягу двух гадоў хлопчыкі і дзяўчаткі рупліва рыхтаваліся да ўрачыстасці: вучылі малітвы, разважалі аб Слове Божым, стараліся зразумець і палюбіць Хрыста ўсім сэрцам.

Папярэднічала Святой Імшы суботняя споведзь дзяцей, а таксама іх бацькоў і хросных. А ў доўгачаканы дзень дзяўчаткі ў белых прыгожых сукенках знаходзіліся поруч з прыбранымі хлопчыкамі ў святыні, якая была дэкарыравана мноствам белых кветак. Сэрцы маленькіх вернікаў з нецярпеннем чакалі Езуса ў выглядзе белай Гостыі.

Першую Камунію ўдзяліў дзецям і павіншаваў з гэтай вялікай падзеяй у іх жыцці дэкан і пробашч ксёндз Ігар Лашук. Святар заклікаў бацькоў быць годнымі сведкамі веры для сваіх дачок і сыноў, дапамагаць ім развіваць еднасць з Езусам Хрыстом, клапаціцца пра іх духоўнае развіццё. Запомніцца дзецям і стол з ласункамі, накрыты ў гэты дзень спецыяльна для іх у палатцы насупраць касцёла.

Пасля Першай Камуніі ў маленькіх парафіян быў «белы тыдзень», на працягу якога яны кожны дзень у белым адзенні хадзілі ў касцёл дзякаваць за дар Святой Эўхарыстыі. Дык няхай жа такая важная падзея стане відавочным знакам прысутнасці Хрыста ў Яго Касцёле і ў жыцці дзяцей!

Ганна БЫЧЫНСКАЯ

Фота Аляксандра ПЯТРОВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *