Па сучасных тэхналогіях

Важное Сельская гаспадарка

У дырэктара ААТ «Вішнявецкі-агра» Івана Краўчука шмат задум у плане будаўніцтва і рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, рэалізацыя якіх дазволіць не толькі атрымліваць вышэйшыя вынікі ў вытворчасці малака і мяса, але і адначасова палепшыць умовы ўтрымання жывёлы, аблегчыць працу жывёлаводаў.

Адзін з праектаў рэалізуецца гэтымі днямі на МТК «Вішнявец», дзе будуецца прафілакторый для нованароджаных цялят. Як вядома, вырошчванне здаровага маладняку – адна з найважнейшых і даволі складаных задач у жывёлагадоўлі. Менавіта таму кіраўнік і прыкладае старанні для таго, каб пабудаваць памяшканне з максімальным выкарыстаннем сучасных тэхналогій.

Дырэктар Іван Краўчук абмяркоўвае вытворчыя пытанні з брыгадзірам МТК «Вішнявец» Марыяй Талака (у цэнтры)і спецыялістам па ідэалагічнай рабоце Ганнай Трафіменка

– Аналагаў прафілакторыю, які будуем, няма, – гаворыць Іван Васільевіч. – Існуюць тыпавыя праекты. Наш – індывідуальны, своеасаблівы, і мы акумулявалі ў ім лепшыя напрацоўкі будаўніцтва такіх аб’ектаў. Падвялі ўсе камунікацыі. Забяспечым падаграванне вады. Летам будзем выкарыстоўваць альтэрнатыўную крыніцу энергіі – геліясістэму  (сонечны калектар), а на зіму набудзем бойлер. Будаўніцтва эксперыментальнае. Пры неабходнасці ў далейшым будзем праводзіць мадэрнізацыю.

Усе асноўныя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца для будаўніцтва, акрамя піламатэрыялаў, другасныя. Металічныя канструкцыі, пластмасавыя рашоты гноевыдалення, веснічкі для клетак і іншае – усё засталося пасля ліквідацыі былога свінатаварнага комплексу.

У новабудоўлі вядуцца ўнутраныя мантажныя работы

Па такім жа прынцыпе ўзвядуць прафілакторый і на МТФ «Вішнявец». На МТФ «Мархачоўшчына № 2» працягваецца будаўніцтва даільнай залы, дзе будзе ўстаноўлена малочнае абсталяванне «Вестфалія». Плануюць пачаць і завяршыць сёлета будаўніцтва яшчэ аднаго «клюшачніка». Абодва жывёлагадоўчыя памяшканні з’яднае галерэя. Летась прабурылі новую свідравіну і вядуць на гэтую ферму водаправод. На жывёлагадоўчай ферме «Мархачоўшчына № 1» падрыхтавана пляцоўка на ўзвядзенне дзвюх новых сянажна-сіласных траншэй.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *