Аркестр на міжнародным фестывалі

Культура

image_pdfimage_print

Заслужаны аматарскі калектыў духавы аркестр «Віціны» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў працягвае ўдзельнічаць у міжнародным нямецка-польска-беларускім праекце. Маладзёжны склад аркестра здзейсніў паездку ў Польшчу, дзе ў горадзе Лобез паўдзельнічаў у конкурсе-фестывалі нацыянальных культур. Удзельнікі міжнароднага конкурсу зайшлі ў рэдакцыю, каб падзяліцца ўражаннямі аб паездцы.

Аляксандр НІЧЫПАРОВІЧ, мастацкі кіраўнік і дырыжор Заслужанага аматарскага калектыву духавы аркестр «Віціны«:

– Гэты конкурс нацыянальнай музыкі і духавых аркестраў у Лобезе традыцыйны. Сёлета ў ім на працягу трох дзён удзельнічала звыш 600 чалавек. У фестывалі прымалі ўдзел не толькі аркестры розных краін, польскія хары, іншыя песенныя калектывы, але і майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Працавала багатая выстава, на якой былі прадстаўлены практычна ўсе рамёствы Шчэцінскага ваяводства. Упраўленне культуры ваяводства паклапацілася запрасіць у журы вядомых музыкантаў, прафесараў музыкі. Гэта не першая паездка маладзёжнага складу нашага аркестра на такія фестывалі, фінансавыя выдаткі на праезд, пражыванне, харчаванне ў рамках сумеснага міжнароднага праекта бярэ на сябе Еўрасаюз.

Уладзімір ТАТАРЫЦКІ, выкладчык школы мастацтваў:

– Падчас фестывалю ўдзельнікам з розных краін была выстаўлена ўмова прадставіць не толькі нацыянальную музыку, але і нацыянальныя спевы. І нам давялося за суткі падрыхтаваць конкурсную праграму. Так стварыўся новы песенны калектыў «Купалінка». Мы не бралі на фестываль баян ці акардэон. Нашы сябры з Польшчы далі нам выдатную гітару. Дзякуючы нашай таленавітай моладзі мы сумелі прэзентаваць праграму, якая была на ўра ўспрынята гледачамі – іх у зале было больш за тысячу чалавек. У склад ансамбля пад маім кіраўніцтвам увайшлі Дзмітрый Вяршэня, Валянціна Ляхоўская, Генадзь Варанко. Мы выканалі «Купалінку» і «Цячэ вада ў ярок». Выступленне ансамбля было высока ацэнена, мы атрымалі дыплом міжнароднага ўзору.

Аляксей ЖЫВІЦКІ:

– У складзе духавога аркестра я не першы раз ужо ўдзельнічаю ў такіх фестывалях. Кожны раз можна паслухаць, як іграюць твае равеснікі з іншых краін. У іх іншая культура, іншая ігра, іншы падыход. Вельмі цікава пазнаёміцца. Яркія ўражанні пакідаюць сумесныя рэпетыцыі. Мы пражываем з імі ў адным сядзібным комплексе, маем магчымасць зносін. Рэпетыцыйны працэс адметны і тым, што мы маем магчымасць іграць з рознымі дырыжорамі. Вельмі цікавы вопыт. На гэтым фестывалі, з якога мы толькі што вярнуліся, мы далі два канцэрты – у спарткомлексе з тысячнай залай і на кірмашы. Было прадстаўлена шмат нацыянальных музычных і песенных калектываў. Наш аркестр удзельнічаў у марш-парадзе духавых аркестраў.

Інга МІЛІСТФЕР:

– Я першы год іграю ў аркестры на ўдарных інструментах. Пасля заканчэння ўніверсітэта культуры я вярнулася працаваць у сваю родную школу мастацтваў, выкладаю ўдарныя інструменты. Такія паездкі за мяжу цікавыя і карысныя для нас тым, што можна пазнаёміцца з маладымі музыкантамі розных краін, паіграць разнастайны рэпертуар пад кіраўніцтвам розных дырыжораў. А заадно мы дзелімся з імі сваім репертуарам. Мы атрымліваем каштоўны вопыт.

Валянціна ЛЯХОЎСКАЯ:

– Я таксама выпускніца Стаўбцоўскай дзіцячай  школы мастацтваў, выкладаю фартэпіяна, з’яўляюся і канцэртмайстрам. Я шчаслівая, што маю магчымасць іграць у аркестры. Мне дапамагае вопыт, які я атрымала, іграючы ў аркестры музычнага каледжа, дзе вучылася. У аркестры «Віціны» я іграю на клавішных, на сінтэзатары. Выдатна, што ёсць такія міжнародныя праекты, якія аб’ядноўваюць не толькі моладзь, але і народы, культуру. У нас склаўся дружны калектыў, адзін аднаму дапамагаем, проста цудоўны калектыў, не хочацца развітвацца, хочацца пастаянна быць разам.

Аляксандр НІЧЫПАРОВІЧ:

– Хочацца зрабіць такое рэзюмэ. Мае калегі з-за мяжы гавораць мне: «І дзе ты бярэш такую залатую моладзь?» Мне вельмі прыемна гэта чуць.

За прафесіяналізм і высокае выканальніцкае майстэрства журы фестывалю ўзнагародзіла аркестр і песенны калектыў дыпломамі. Аляксандр Нічыпаровіч атрымаў падзяку, выкананую ў выдатным афармленні. Падзячныя пісьмы арганізатараў міжнароднага фестывалю-конкурсу накіраваны начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Таццяне Хмель і старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Дзянісу Колясеню.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *