У вандроўку па гісторыі Рубяжэвічаў

Главное Год малой родины

Праўду кажуць, што цікавае не трэба шукаць далёка. Яно – побач, варта толькі азірнуцца навокал уважлівым поглядам. Мы, супрацоўнікі рэдакцыі газеты, калі выбіралі маршрут для сёлетняй паездкі з нагоды прафесійнага свята, спачатку шукалі адметныя мясціны Беларусі, але ўрэшце спыніліся на сваіх. Рубяжэвічы!.. Слынны куточак нашай Бацькаўшчыны, і спазнаваць яго разам з такім апантаным да гісторыі роднага мястэчка чалавекам, як Рамуальда Сабалеўская, – адно задавальненне.

Па прыступках праваслаўнага храма

Рамуальда Сабалеўская папярэджвае, што экскурсантаў у Рубяжэвічах бывае не менш за тры-чатыры групы ў выхадныя дні, і ім яна расказвае тую гісторыю мястэчка, што не з падручнікаў, а створана продкамі-землякамі. Няма ніякай розніцы, з якога месца пачынаць аповед. У Рубяжэвічах паўсюдна памятныя знакі – крыжы, камяні і нават кампазіцыі з валуноў, як побач са старадаўнім касцёлам святога Іосіфа…

Адзін з першых знакаў, што ўстанавілі рубяжоўцы, – памятны крыж на месцы яшчэ аднаго касцёла, што быў у мястэчку. Гэта касцёл імя святога Антонія прыгожай драўлянай архітэктуры, разабраны дзесьці ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. На памятным месцы – не толькі крыж, але і крапільніца з таго касцёла, якую захавала сям’я Каратышовых. Да крыжа вядуць двайныя прыступкі, а паміж імі засыпана каменне – як сімвал імкнення чалавека ўвысь, няпростага пераадолення ім свайго шляху.

Крыж на камені, які, здаецца, спрабуе ўзняцца, з’явіўся побач з будынкам Рубяжэвіцкага сельвыканкама. Калісьці акурат на гэтым месцы знаходзілася алтарная частка праваслаўнага храма Мікалая Цудатворца. У атэістычныя часы крыж быў скінуты з вежы і чакаў свайго часу… Як і купель з былога храма. «Калі ідзеш ці едзеш міма, заўсёды ўяўляеш гэтую святыню. Заходзіш у сельвыканкам і адчуваеш, што ўзнімаешся па тых жа прыступках, якія вялі да храма. Прыгожы драўляны храм дзейнічаў тут да 1965 года», – расказвае Рамуальда Сабалеўская.

Асобная гісторыя – пра могілкі вакол яго. Калісьці на гэтых руінах была званіца праваслаўнага храма, таму рубяжоўцы мяркуюць аднавіць і яе. Як пацвярджэнне таго, што ў гэтым краі заўсёды будуць жыць вера і ўсё святое, хоць яно і знішчалася часам або людзьмі.

Адкрыты музей у яўрэйскім доме

Цікавая старонка гісторыі Рубяжэвічаў – гісторыя яўрэйскага насельніцтва. Каб пераканацца ў гэтым, варта зайсці ў былы домік Гур’янаў на цэнтральнай вуліцы. У ім ужо другі год дзейнічае музей. Набыў дом А. В. Запольскі, а Сабалеўскія, паставіўшы новы зруб, займаюцца яго рамонтам і зборам рэчаў, якія звязаны з яўрэйскай культурай. «Захацелася захаваць гэты дом, адзіны з 20, у якіх жылі яўрэі», – гаворыць Рамуальда Сабалеўская.

З дакументаў вядома, што мястэчка Рубяжэвічы заснавана пераважна яўрэямі. Выбрана месца на ўзвышшы, паміж дзвюма рэчкамі. Нават была занатавана такая дэталь: «…на роўнай адлегласці ад рэчкі Пярэкуль і ад рэчкі Сула». Тут шмат праточнай вады, багата лесу. Але найважнейшае – блізкасць тракту Мінск – Вільня. У мястэчку акрамя яўрэяў жылі рускія, палякі, беларусы. Заўсёды ладзілі паміж сабой, не цікавіліся, хто якой веры ці нацыянальнасці.

Мясцовыя жыхары прыгадвалі, як пасля нядзельнай імшы па вуліцы ішло шмат народу. Транспарту не было. Усе яўрэйскія лаўкі былі адчынены, і ў кожнай гаспадар запрашаў: «Проша, пан, да мяне!..»

Адметна, што гаспадар дома, у якім размясціўся музей, у вайну змог вырвацца з гета, атрымаў траўму вока, але застаўся жыць. Гадоў пяць таму ён прыязджаў у Рубяжэвічы са сваёй жонкай і чацвярымі дарослымі дзецьмі з Ізраіля. Трэба было бачыць, як дрыжэлі яго рукі, калі падыходзіў да таго ложка, на якім некалі спаў… У ім, між іншым, засела нямецкая куля…

– На беразе Сулы знаходзіўся цэнтр яўрэйскай культуры, – працягвае наш экскурсавод. – Там былі дзве сінагогі (зімняя і летняя), школа і міква для абмывання. У перспектыве хочам зрабіць тэматычную экскурсію: музей – Лаза (мясцовасць, дзе былі расстраляны яўрэі) – могілкі (іх фактычна паднялі з забыцця).

Куточак Вількоцкага

Сабалеўскія таксама мараць адкрыць які-небудзь куточак, прысвечаны С. І. Вількоцкаму.

Пакуль памяць заснавальніка траўнай аптэкі ўвекавечана мемарыяльнай шыльдай на доме, дзе ён жыў. Ураджэнец Запольцаў, ён прыехаў у Рубяжэвічы пасля вучобы ў 1947 годзе. Рыхтаваў зборы траў (лячыў 25 відаў экзэмы) і дасылаў іх па ўсім Савецкім Саюзе. Падчас вайны, калі дапамагаў партызанам, пазнаёміўся са сваім калегам Карніцкім, выпускніком Маскоўскага медінстытута, які таксама практыкаваўся на лячэнні экзэмы. У Вількоцкім ён убачыў свайго прадаўжальніка.

Святыня з арганам

Сёння касцёл святога Іосіфа – своеасаблівая пярліна Рубяжэвічаў, якой больш за 110 гадоў. Гукамі старадаўняга аргана, што быў прывезены ў 1928 годзе з Вільні, нас прывітаў Тадэвуш Сабалеўскі.

Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Рубяжэвічы адышлі да Расійскай імперыі. Касцёл святога Антонія быў перабудаваны ў праваслаўны храм пад такім жа імем – 8000 вернікаў засталіся без свайго касцёла. І сярод гэтага народу знайшоўся Антоній Тур, апантаны ідэяй будаўніцтва касцёла ў Рубяжэвічах. Для атрымання дазволу на будаўніцтва ён пісаў прашэнні і двойчы хадзіў у Пецярбург. За тое, што паставіў на пустым месцы камень з лічбай «1866» і сваімі ініцыяламі, атрымаў 14 гадоў высылкі ў Сібір разам з сям’ёй.

У 1904–1905 гадах дазвол быў атрыманы. У актыўную фазу будаўніцтва на тэрыторыі касцёла працавалі штодзень да 100 чалавек, яшчэ 50 – каменячосаў. Часаныя камяні дастаўлялі на конях, і шэсць конных кранаў падымалі іх наверх. А калі ўзводзілі вежы, выкарыстоўвалі лябёдку. Майстар Цупрыян Трызна, ставячы крыжы над касцёлам, з 45-метровай вышыні засведчыў, што будаўніцтва касцёла завершана.

Добра папрацавалі ўсе вернікі, а Лэнскія ўклалі ў будаўніцтва касцёла столькі, што былі аднесены да ліку ганаровых прыхаджан. І сёння лава з іх імянным гербам упрыгожвае цэнтральны алтар. У касцёле ў нашы вочы глядзіць Маці Божая Вострабрамская, копію абраза якой падаравала прыхаджанка Бянігна Луцэвіч, маці Янкі Купалы.

Цікавыя фотаздымкі і рэчы сабраны ў музеі гісторыі касцёла.

– Усе мы ўсведамляем, што павінны кожны дзень дзякаваць Богу і тым, хто ўзводзіў нашу святыню, – падсумоўвае Рамуальда Ігнацьеўна.

Памяць у камені

Ужо гучала, што каля касцёла святога Іосіфа створана незвычайная кампазіцыя з валуноў.

13 гадоў таму, калі адзначалася 100-годдзе закладкі першага каменю пад будаўніцтва касцёла, узнікла ідэя ўвекавечыць усе 43 вёскі прыхода. Жыхары кожнай вёскі пастараліся прывезці свой камень. Большыя і меншыя, яны трапілі на сімвалічную карту Беларусі. На кожным камені скульптар напісаў назву, а на адным з іх (на гэтым настаялі жыхары), прысвечаным вёсцы Васілеўшчына, выбіта і гістарычная – Жыдавічы.

У 2006 годзе было ўрачыстае адкрыццё гэтай кампазіцыі, якое сабрала вялікую колькасць вернікаў і духавенства, прадстаўнікоў органаў улады. Вакол гэтых камянёў вернікі не забываюць праходзіць з хрэсным ходам.

– Прайшло няшмат часу, і мы зразумелі, што зрабілі добрую справу, – разважае Рамуальда Сабалеўская. – Ужо няма на карце трох вёсак – Ліхачы, Грань і Насалі. Але яны не прапалі, яны жывуць у нашай памяці.

У гонар 100-годдзя касцёла вернікі паклалі чатыры камяні і напісалі на іх сакраментальныя словы: «Вёска жыве з верай, надзеяй і любоўю».

– Мы моцна верым у гэта, – падкрэслівае Рамуальда Сабалеўская.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Шчыры дзякуй вялікай сям’і Сабалеўскіх, якая самаахвярна робіць усё, каб Рубяжэвічы не гублялі былой велічы і мелі сапраўдную турыстычную прывабнасць.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *