Справа жыцця франтавіка і настаўніка

Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное

Шавелі Іван Андрэевіч і Лідзія Дзмітрыеўна з сынам Аляксандрам

Шавеля Івана Андрэевіча ў свой час ведала практычна ўся Стаўбцоўшчына. У створаным ім у Старасвержанскай школе краязнаўчым музеі ў 60-80-х гадах пабывалі амаль ці не ўсе настаўнікі раёна разам са сваімі вучнямі. Вопыт яго пазакласнай гісторыка-патрыятычнай работы добра ведалі не толькі ў раёне, але і ў Міністэрстве адукацыі. Нездарма яго работу штогод адзначалі граматамі і дыпломамі рознага ўзроўню. Але самая вялікая ўзнагарода – пісьмы з розных куткоў Савецкага Саюза са шчырымі словамі падзякі ад родных загінулых байцоў пры абароне ў 1941 і вызваленні ў 1944 годзе. Гэта Іван Андрэевіч са сваімі вучнямі даў магчымасць наведаць той куточак Беларусі, дзе знайшлі апошні спачын без весткі зніклыя загінулыя байцы. Ці мог ён, прайшоўшы ваенныя выпрабаванні, паступіць па-іншаму?

Нарадзіўся Іван Андрэевіч на Уздзеншчыне, у вёсцы Кухцічы, 1 сакавіка 1919 года, у простай беларускай сям’і. Ці думаў яго бацька Андрэй Сямёнавіч, удзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, што і лёс яго дзяцей будзе апалены  вайной?

…Студэнта-завочніка гістарычнага факультэта Мінскага педінстытута Івана Шавеля вестка аб пачатку вайны застала дома, куды ён прыехаў дапамагчы бацькам з сенакосам. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі ён займаўся дамашняй гаспадаркай разам з сёстрамі. Была наладжана сувязь з партызанамі праз Курыльчыка Мікалая Іванавіча – партызана атрада «Патрыёт Радзімы» брыгады імя Варашылава. Яны збіралі зброю, распаўсюджвалі лістоўкі, сачылі за рухам фашысцкіх войскаў па шашы на Узду, Негарэлае, Валяр’яны.

2 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія вызваліла Узду. На зборным пункце Івана Андрэевіча залічылі ў 96-ю Гомельскую Чырвонасцяжную ордэнаў Суворава і Кутузава дывізію. У складзе гэтага вайсковага падраздзялення ён прайшоў франтавымі дарогамі роднай Беларусі. А затым была Польшча… Цяжкія баі ішлі пад Беластокам. Неабходна было ўтрымаць абарону ля вёскі Калінава і падрыхтаваць плацдарм для далейшага наступлення. Падмацавання не было. Нямала салдат загінулі тут пад варожым агнём.

У родную вёску бацькам прыйшло паведамленне: «Рядовой  Шавель Иван Андреевич в бою за Социалистическую родину,  верный воинской присяге,  проявил геройство и мужество, был убит 25 августа 1944 года. Похоронен 100 метров восточнее деревни Калиново Чижовского  района  Белостокской области». У сям’ю гэтае паведамленне прынесла вялікае гора.

Аднак бацька застаўся жыць, ён трапіў у палон. Ішло хуткае вызваленне Еўропы. Франтавыя дарогі Польшчы, часткова Германіі. Канец вайны сустрэў у Чэхаславакіі. Як студэнта, які не закончыў навучанне, Івана Шавеля дэмабілізавалі датэрмінова. Вярнуўшыся дадому, адразу ж аднавіўся на вучобе. Пасля атрымання настаўніцкага дыплома быў накіраваны на Стаўбцоўшчыну. Практычна адзіным месцам яго працы стала Старасвержанская школа, якой ён аддаў больш за сорак гадоў  свайго жыцця. Тут ён сярод калег сустрэў цудоўнага чалавека – Лідзію Дзмітрыеўну, настаўніцу матэматыкі, стварылі сям’ю і пражылі шчаслівае, прыгожае жыццё. Бацька маёй маці Савік Дзмітрый Максімавіч, кіраўнік аддзела па барацьбе з бандытызмам пры Коханаўскім аддзеле міліцыі на Віцебшчыне, загінуў ад пабояў фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго тры дачкі Фаіна, Лідзія і Галіна выконвалі заданні партызан брыгады «Чэкіст». У 1944 годзе былі арыштаваны палявой жандармерыяй і змешчаны ў турму за сувязь з партызанамі. Пасля допытаў былі вывезены ў Германію. Вызвалены амерыканскімі салдатамі 1 мая 1945 года. Са станцыі Халодныя Воды, на каменным вугалі таварных вагонаў, дабраліся да станцыі Орша, а затым у Талачын. Дома іх чакала «пахаронка» на брата Аляксандра, які загінуў пры абароне Ленінграда.

Вось так пачыналася мірнае жыццё маладой сям’і, людзей,  лёс якіх аказаўся апалены вайной.

Справай жыцця майго таты стала патрыятычнае выхаванне моладзі на прыкладзе гераічнай гісторыі беларускага народа. Усё пачалося з арганізацыі школьнага краязнаўчага гуртка – экскурсіі, падарожжы, экспедыцыі з мэтай пошуку і збору матэрыялаў па гісторыі раёна. Актыўная праца зацікаўленых вучняў, якіх ён у сваіх успамінах называе «піянерамі краязнаўства», Уладзіміра Філатава, Тамары Сілко, Аляксея Валовіча, Мікалая Далідовіча, Анатолія Шкута, Леаніда Строта і ўсіх выпускнікоў 1966 года, дала магчымасць школьнаму музею, адкрытаму ў 1957 годзе, перарасці ў 1986-м у калгасны. Дзякуючы намаганням старшыні калгаса «Нёман» Цвірку Юльяну Пятровічу быў узведзены будынак. На плошчы 161 м2 размясцілася экспазіцыя з 2,5 тысячы экспанатаў. Асноўны пастулат Івана Андрэевіча: «Няма безымянных герояў». «Чырвоныя следапыты» знайшлі 132 загінулых вызваліцеляў горада Стоўбцы. У ходзе пошукавай работы наладзілі перапіску з роднымі 80 загінулых герояў, якія жылі ў розных кутках былога СССР. Родныя, якія страцілі надзею даведацца, дзе знаходзіцца магіла іх сына, брата, бацькі, дасылалі пісьмы са словамі шчырай удзячнасці, прыязджалі ў школу, у госці да Івана Андрэевіча, а затым наведвалі мемарыял на плошчы Бяссмяротнасці ў Стоўбцах.

Музей працягваў расшырацца. Заканчвалі школу адны вучні, на іх месца прыходзілі іншыя, і справа працягвалася. Мастацтвазнаўца Яўген Сахута дапамог распрацаваць праект размяшчэння экспазіцый. Атрымалася дзесяць раздзелаў – ад даўніны да сучаснасці.

Музей стаў цэнтрам патрыятычнай і гісторыка-краязнаўчай работы. Тут наладжваліся для вучняў шматлікія сустрэчы са знакамітымі людзьмі Стаўбцоўшчыны, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, глыбінная праца майго бацькі і яго спадкаемцаў прыйшла ў забыццё. Напярэдадні слаўнай даты – 75-годдзя вызвалення Беларусі – былыя вучні Івана Андрэевіча, яго землякі, усе, хто яго ведаў, мараць аб тым, што ў Год малой радзімы знойдзецца магчымасць адрадзіць амаль што страчаную спадчыну і памяць пра герояў-вызваліцеляў. Яшчэ ёсць магчымасць выратаваць архівы музея, якія знаходзяцца ў Наваколасаўскім і Старасвержанскім цэнтрах культуры.

Хачу выказаць шчырыя словы падзякі настаўніцкаму і вучнёўскаму калектывам  Старасвержанскай сярэдняй школы за арганізаванае мерапрыемства з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Шавеля Івана Андрэевіча з афармленнем экспазіцыі ў школьным краязнаўчым музеі.

Яўген ШАВЕЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *