На Стаўбцоўшчыне прайшла спартакіяда кіруючага саставу органаў унутраных спраў Мінскай вобласці

Соцыум

У мінулую суботу на беразе ракі Нёман ва ўрочышчы Дубы было па-сапраўднаму весела і цікава. Праходзіла ІІ спартакіяда кіруючага саставу органаў унутраных спраў Мінскай вобласці, прысвечаная 80-годдзю ўпраўлення ўнутраных спраў  Мінскага аблвыканкама.

Удзельнікі спартакіяды

Асаблівасць спартыўнага мерапрыемства гэтага года – удзел не толькі супрацоўнікаў унутраных спраў, але і іх сямей. Падчас правядзення мерапрыемства для самых маленькіх удзельнікаў свята была арганізавана работа дзіцячых атракцыёнаў і аніматараў. Кожны мог паспрабаваць стравы палявой кухні: юшку, салдацкую кашу, гарачы чай і квас. Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» праводзілі для ўсіх жадаючых выставу-дэгустацыю. Дзейнічала выстава ўзбраення атрада міліцыі асобага прызначэння УУС Мінскага аблвыканкама і тэхнічных сродкаў ДАІ.

Каманда Стаўбцоўскага і Уздзенскага РАУС на ўрачыстым адкрыцці спартакіяды

Пры непасрэдным кіраўніцтве намесніка начальніка УУС палкоўніка міліцыі Рамана Раманчука адбылося пастраенне 16 камандаў-удзельніц. Права адкрыць спартакіяду было дадзена начальніку УУС Мінскага аблвыканкама генерал-маёру міліцыі Аляксандру Кавальчуку. У сваім выступленні Аляксандр Кавальчук адзначыў: «Летась да ўдзелу ў спартакіядзе далучыліся навучэнцы Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, а ў гэтым годзе адгукнуўся на маю прапанову начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама. Мы павінны прадэманстраваць свае лепшыя фізічныя якасці, атрымаць  добрыя паказчыкі ў параўнанні з вынікамі мінулага года, зрабіць правільныя высновы і паставіць для сябе задачы на бягучы год у гэтых адносінах».

Начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Аляксандр Астрэйка павітаў усіх удзельнікаў мерапрыемства і паабяцаў: «Акрамя набыцця неацэннага практычнага вопыту пры ўдзеле ў спаборніцтвах мы атрымаем масу станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці і пастараемся ўнесці нешта новае ў правядзенне гэтай спартакіяды».

Па добрай традыцыі дарагім гасцям  уручылі сімвал дабрабыту, дастатку і даўгалецця – каравай. Старшыня Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень у сваім прывітальным слове адзначыў: «Правядзенне такога значнага мерапрыемства на Стаўбцоўшчыне з’яўляецца сур’ёзным крокам папулярызацыі нашага краю. Многія з вас упершыню на тэрыторыі раёна, і мы пастараліся зрабіць для вас максімальна камфортныя ўмовы, каб з’явілася жаданне вярнуцца сюды ў найбліжэйшы час і больш глыбока вывучыць нашы славутасці».

Рыгор Мамайка з выхаванцамі клуба «Абаронца Айчыны»

Для ўсіх удзельнікаў і гасцей свята было паказана цеснае ўзаемадзеянне РАУС са спартыўна-патрыятычным клубам баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны». Паказальнае выступленне па рукапашным баі прадэманстравалі Рыгор Мамайка і яго выхаванцы, а на сцэне з музычным віншаваннем спяваў Міхаіл Мамайка.

Аляксандр Кавальчук уручае дыплом Івану Мамайка, начальніку Стаўбцоўскага РАУС

Урачысты старт спаборніцтвам далі і паказалі годны прыклад па выкананні комплекснага сілавога практыкавання  капітаны камандаў: начальнік УУС Мінскага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Аляксандр Кавальчук, начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Аляксандр Астрэйка, начальнік Стаўбцоўскага РАУС палкоўнік міліцыі Іван Мамайка, начальнік Уздзенскага РАУС палкоўнік міліцыі Адрэй Бярозка.

Пасля ўрачыстага адкрыцця спартакіяды кіраўнікі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў на чале з начальнікамі УУС усклалі вянок на плошчы Бессмяротнасці да брацкай магілы воінаў Савецкай Арміі і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна. З экскурсіяй наведалі мемарыяльную сядзібу «Смольня», музей РАУС, дзе кожны змог дакрануцца да гісторыі і адчуць прыгажосць нашай малой радзімы.

 Нападаючы нашай каманды Руслан Харута

У праграму спартакіяды былі ўключаны наступныя спаборніцтвы: пляжны валейбол, перацягванне каната, спартыўная рыбалка, рывок гіры, міні-футбол, агляд-конкурс сярод начальнікаў органаў унутраных спраў па прафесійнай падрыхтоўцы, а таксама конкурсы для ўсіх жадаючых – сіламер, кіданне гіры, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. У ціры Стаўбцоўскага РАУС праходзілі спаборніцтвы сярод начальнікаў тэрытарыяльных органаў унутраных спраў па стральбе з пісталета Макарава. За правільнасцю выканання спартыўных элементаў і захаваннем правілаў пільна назірала судзейская калегія. Міліцэйскія атлеты змагаліся ў прафесійным спрынце, сіле і трываласці як у камандным, так і ў індывідуальных этапах.

Хоць і не пастраляць з аўтамата, але затое патрымаць яго ў руках мог кожны жадаючы

А святочны настрой стваралі ўдзельнікі  ўзорнага ансамбля мажарэтак «Феерыя», узорнага ансамбля танца «Гарошынкі», ансамбля песні «Вясёлы падворак», узорнага ансамбля народнай песні «Жавароначкі», народнага ансамбля народных інструментаў «Кругліца»,  узорнай эстраднай студыі «Арыенцір», Ірына Сапунова і вакальны ансамбль Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС «Любімы горад».

На плошчы Бессмяротнасці ўдзельнікі спартакіяды аддалі даніну памяці загінулым воінам

Па выніках спаборніцтваў былі ўзнагароджаны ўдзельнікі і пераможцы ўсіх конкурсаў, якія праявілі волю да перамогі. У камандным заліку трэцяе месца заняла каманда Стаўбцоўскага і Уздзенскага РАУС, другое месца – у каманды Салігорскага РАУС. Пераможцай ІІ спартакіяды кіруючага складу органаў унутраных спраў стала каманда УУС Мінскага аблвыканкама. Такім чынам, было вырашана правесці ў наступным годзе ІІІ спартакіяду кіруючага саставу органаў унутраных спраў Міншчыны ў горадзе Салігорску.

Гэты дзень аб’яднаў усіх пад агульным дэвізам – «Мы – за здаровы лад жыцця!». Жадаем усім гасцям і ўдзельнікам спартакіяды поспеху, сіл і бадзёрасці духу на карысць далейшага росквіту нашай Беларусі. Каб будаваць моцнае грамадства, рабіць міліцэйскія калектывы працаздольнымі, неабходна пачынаць з галоўнага – здароўя.

Яўгенія Слесарчык, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *