На творчым шляху ў мастацтва

Адукацыя Важное

24 мая Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў развітвалася са сваімі выпускнікамі.

Выпускны вечар у школе мастацтваў – урачысты момант для кожнага, хто звязаў сваё жыццё з музыкай і творчасцю. Прайшло некалькі гадоў, на працягу якіх дзеці здзяйснялі велізарную штодзённую работу, развучваючы гамы, эцюды, п’есы, вершы, малюючы нацюрморты, партрэты і г. д. І нарэшце настаў той момант, калі на тварах старшакласнікаў з’явілася трывога і прыйшла пара развітання з роднай школай.

Выпускніцы тэатральнага аддзялення Дзіяна Шуцько, Марыя Саладуха, Ганна  Пальчэўская, Софія Кубрына, Арына Кот, Софія Клімко, Алеся Лапкоўская і дырэктар Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Курмышава

Пасля ўрачыстага гучання фанфар дырэктар школы Таццяна Курмышава павітала ўсіх прысутных у святочна аформленай зале раённага Цэнтра культуры. Завуч Аксана Някрасава зачытала загад – і выпускнікі атрымалі пасведчанні аб заканчэнні школы і граматы. Пасведчанні дзяржаўнага ўзору аб дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па розных аддзяленнях (фартэпіяннае, струнна-смычковае, струнна-народнае, народных інструментаў, духавых і ўдарных інструментаў, тэатральнае, харэаграфіі, выяўленчага мастацтва) і па класе народных, эстрадных спеваў атрымаў у гэтым годзе 51 вучань школы. Неабходна адзначыць, што сёлета вучаніца Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Веліна Бычко атрымала два пасведчанні – аб заканчэнні мастацкага аддзялення па класе выяўленчага мастацтва і струнна-смычковага аддзялення па класе скрыпкі. 19 чалавек атрымалі граматы за дасягнутыя поспехі ў навучанні і актыўны ўдзел у школьным жыцці.

Выпускніца фартэпіяннага аддзялення Дзіяна Валахановіч

Завяршылася ўрачыстая частка. Выпускніцы тэатральнага аддзялення і па-сумяшчальніцтве вядучыя свята Софія Кубрына і Арына Кот абвясцілі творчыя нумары, падрыхтаваныя выпускнікамі і іх выкладчыкамі. Калі на працягу вучобы не ўсе дзеці мелі поспех на сцэне ці на музычных пляцоўках, то на выпускным вечары ўсе яны праявілі сябе сапраўднымі артыстамі. У мінулым засталіся рэпетыцыі, урокі, адзнакі, канікулы і званкі, перажыванні на выпускных іспытах.

Яркім падарункам для ўсіх прысутных стала віншаванне ад першакласнікаў, вучняў тэатральнага і вакальнага аддзялення Кіры Кубрынай, Валерыі Бойка, Дзмітрыя Малышава і Данііла Шарапы. Слова ад выпускнікоў трымала выпускніца фартэпіяннага аддзялення Дзіяна Валахановіч. Пасталелыя дзеці развітваліся са школай мастацтваў, але абяцалі не забываць гады, праведзеныя тут, яркія старонкі свайго дзяцінства. Калектыў школы пажадаў сваім выпускнікам дабрабыту, здароўя і поспехаў у творчасці.

Завяршыўся канцэрт традыцыйным выкананнем песні на развітанне ад выпускнікоў 2019 года.

Яўгенія Слесарчык, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *