Трамбуюць масу кругласутачна

Важное Сельская гаспадарка

Першы ўкос сеяных траў у ААТ «Агранёманскі» практычна завяршыўся. Тэмпы правядзення работ па нарыхтоўцы кармоў у гэтым таварыстве адны з самых высокіх у раёне. Пад уборку было адведзена 1167 гектараў. У гаспадарцы цяпер прыпадае на ўмоўную галаву жывёлы каля чатырох цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў. Стараннямі механізаванага кормаўборачнага атрада таварыства для грамадскай жывёлы затрамбавана ў сянажныя траншэі і запрасавана ў палімерную плёнку амаль палова ад запланаванай нарыхтоўкі сенажу.

Галоўны аграном Аляксандр Булаш (злева) і галоўны ветурач Мікалай Дрозд правяраюць якасць закладкі сенажу

– Да касавіцы прыступілі напрыканцы мая, – расказвае галоўны аграном Аляксандр Булаш. – Спачатку сенажаці не асабліва радавалі, але пасля таго як пацяплела і прайшоў дождж, травы паступова пачалі набіраць масу. Ураджай вырас неблагі, і нашы механізатары стараюцца хутчэй яго скасіць. На данай тэхналагічнай аперацыі заняты Казімір Дамброўскі, Яўгеній Емяльянаў і Аляксандр Ханчэўскі. Казімір Станіслававіч – у ліку самых вопытных работнікаў. У яго распараджэнні дзевяціметровая каса. З рупліўцам зялёных палеткаў сустрэліся на полі за Ператокамі, дзе ён касіў люцэрну. Ураджайнасць гэтай багатай на пратэін бабовай травы тут складала прыкладна 100 цэнтнераў з гектара. Варта адзначыць, што Казімір Дамброўскі з году ў год заняты і на сяўбе траў. З гэтай мэтай  ён зрабіў з дзвюх французскіх сеялак адну, з дапамогай якой выконвае работу хутка і якасна. Сёлета пасеяў 150 гектараў.

На трамбаванні зялёнай масы рупіцца Віталій Няволька

Падчас наведвання гаспадаркі (у мінулы панядзелак) закладвалася сянажная траншэя на МТФ «Скамарошкі». Папярэдне запоўнілі сенажом тры – па адной на малочнатаварных фермах «Залужжа», «Дразды» і «Слабодка». Асаблівая ўвага ўдзяляецца тэрмінам закладкі. На трамбоўцы зялёнай масы, якая вядзецца кругласутачна, працаваў Віталій Няволька. Дапамагае яму ў гэтай справе Іван Скурат. Энерганасычаныя трактары са спецыяльнымі велікагрузнымі прычэпамі ПМФ-18 прывозілі здрабнёную правяленую зялёную масу. За вільгаццю і тэмпературай  сенажу пільна сочыць галоўны ветэрынарны ўрач Мікалай Дрозд. З дапамогай спецыяльных прыбораў яны разам з галоўным аграномам  праверылі вышэйназваныя параметры і засталіся задаволенымі: паказчыкі ў норме.

Спорыцца работа ў Аляксандра Фалюка (справа) і Віктара Семянько, якія знаходзяцца ў ліку лепшых механізатараў таварыства

На сенажацях на кормаўборачных комплексах рупіліся Аляксандр Фалюк і Сяргей Палуян. Яны не першы год працуюць на зялёным жніве і выдатна спраўляюцца з даручанай справай. На падварушванні зялёнай масы шчыруе Аляксандр Ветраў.

Механізатар-рацыяналізатар Казімір Дамброўскі

Пакуль што корманарыхтоўшчыкам не ўдалося насушыць сена, але наперадзе другі ўкос. Для таго каб трава своечасова адрасла, аб ёй клапоцяцца загадзя. Вядзе падкормку скошаных участкаў механізатар Аляксандр Пухоўскі. У наяўнасці і 1200 гектараў лугавой травы ў пойме Нёмана, дзе летась правялі на 200 гектарах перазалужэнне. Сюды паступова перабазіруецца кормаўборачны атрад.

На сенажацях задзейнічана высокапрадукцыйная кормаўборачная тэхніка

– Усё складваецца добра, – падвёў рысу сказанаму Аляксандр Мікалаевіч. – Пакуль што сянаж закладваем пераважна ў траншэі. Пэўную частку запрасуем і ў палімерную плёнку, ужо закруцілі 115 тон. На рулонным прэс-падборшчыку рупіцца Арцём Дарашэвіч.

Кармоў у таварыстве ў любым выпадку пастараюцца закласці больш.  Нарыхтаваны трывалы іх запас дазволіць жывёлаводам і ў далейшым павялічваць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *