«Гарошынка» ў россыпе талентаў

Важное Культура

Аматараў мастацтва, бацькоў і ўсіх, хто прыйшоў у гэты нядзельны дзень у раённы Цэнтр культуры, парадаваў сваім справаздачным канцэртам узорны харэаграфічны ансамбль «Гарошынка». Гэтаму мастацкаму калектыву ўжо больш за 33 гады. У розныя часы ён быў у розных ведамствах, цяпер з’яўляецца калектывам Цэнтра культуры. Нязменна ім кіруе прафесіянальная танцоўшчыца Наталля Захарава, для якой Стоўбцы з’яўляюцца малой радзімай.

У складзе калектыву розныя ўзроставыя групы. У рэпертуары кожнай з іх быў свой танец. Высокае выканальніцкае майстэрства, прыгожыя сцэнічныя касцюмы і асаблівая адметнасць гэтага калектыву – артыстызм дзяцей – былі ацэнены гарачымі апладысментамі гледачоў.

Наталля Захарава сумела ўнесці ва ўрачыстасць кранальныя моманты. Да ліку такіх можна аднесці і яе прывітальнае слова да бацькоў і ўсіх гледачоў, у якім яскрава прасачыўся яе воблік як таленавітага кіраўніка дзіцячага калектыву і чалавека, для каго выбраная прафесія – адна на ўсё жыццё. З ноткамі суму Наталля Антонаўна гаварыла аб тым, што вельмі цяжка развітвацца з удзельнікамі ансамбля, якія заканчваюць школу і становяцца студэнтамі. На сцэну былі запрошаны танцоўшчыцы старэйшай групы Віялета Барысевіч, Карына Гурыновіч, Дзіяна Акуліч, Серафіма Кожыч, Паліна Мішук, Аліна Лісоўская, Аляксандра Шухтава. Кожнай з іх было дадзена слова. Яны ўспаміналі свае першыя крокі ў харэаграфіі, гастролі, сумесныя паездкі, цікавыя моманты, і ўсе іх выказванні былі аб’яднаны любоўю да танца, да ансамбля, удзячнасцю свайму кіраўніку. Наталля Захарава пастаралася кожнай з іх падрыхтаваць падарунак і сказаць словы пажаданняў і настаўленняў. Не ўсе з іх выберуць прафесію, звязаную з мастацтвам. Але кожная можа працягнуць сувязь з калектывам, прывёўшы, напрыклад, сюды сваіх дзяцей. Такіх прыкладаў у калектыва нямала. Наталля Кутас з шасці гадоў танцавала ў ансамблі «Гарошынка», прадоўжыла справу Наталлі Захаравай, стаўшы харэографам, і працуе цяпер з малодшай групай ансамбля «Гарошынка».

Прыемным сюрпрызам для кожнага ўдзельніка справаздачнага канцэрта стаў падораны пернік, выкананы ў форме танцоўшчыцы.

У дзяцей пачаліся летнія канікулы. А ў новым навучальным годзе іх зноў чакаюць рэпетыцыі, канцэрты, удзел у конкурсах. Наколькі плённае, багатае, яркае жыццё калектыву, паказаў відэафільм, які «сабраў» усе поспехі і значныя падзеі ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Гарошынка».

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Аляксандра ПЯТРОВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *