Прывабнае жыццё ў сельскіх завадчан

Главное

Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень правёў чарговую сустрэчу ў працоўным калектыве. На гэты раз – у калектыве ААТ «ТБЗ Нёман». У торфабрыкетчыкаў раёна на даны момант гарачая пара: вядзецца нарыхтоўка сыравіны. Працуюць яны з  апярэджаннем графіка. Стабільнасцю вызначаецца праца і ў вытворчых цэхах. На заводзе працягваецца маштабная работа па добраўпарадкаванні. На гэта ў першую чаргу і звярнуў увагу старшыня райвыканкама: «Абнаўляюцца будынкі. Набывае прывабны выгляд тэрыторыя. Прыемна працаваць на такім прадпрыемстве», – зрабіў выснову Дзяніс Колясень і заклікаў калектыў захоўваць гэтую дынаміку, прымнажаць паказчыкі вытворча-гаспадарчага развіцця.

Праекты і задачы

Размова ў калектыве тычылася першачарговых задач, якія стаяць перад выканаўчай уладай і суб’ектамі гаспадарання раёна.

Дзяніс Колясень нагадаў аб тым, што ў Стоўбцах плануецца будаўніцтва  кацельні на мясцовых відах паліва. Праект гэты перспектыўны: дазволіць адысці ад пакупкі цепланосьбіта і сэканоміць у раённым бюджэце значныя сродкі. Выгаду ад праекта адчуе і торфабрыкетны завод «Нёман», які стане асноўным пастаўшчыком сыравіны для новай кацельні. На даны момант вызначана падрадная арганізацыя, заключаны дагавор і можна прыступаць да будаўніцтва кацельні.

Дзяніс Колясень паведаміў і пра рэалізацыю іншых праектаў, якія дазволяць развіваць прамысловасць раёна. Так, мясакансервавым камбінатам праводзіцца работа па будаўніцтве новага цэха па забоі жывёлы. Праект праходзіць экспертызу. «З яго рэалізацыяй перапрацоўчае прадпрыемства атрымае новыя рынкі збыту, павысіць узровень сваіх прыбыткаў, а раён – падатковых паступленняў, фінансавай падтрымкі сельгасвытворцаў», – падкрэсліў Дзяніс Колясень.

Не стаіць на месцы і прыватны бізнес. Прадпрыемства «Фрэор Рэфрыгерайшн» звярнулася наконт выдзялення зямельнага ўчастка для будаўніцтва новага цэха. Фактычна будзе ўзводзіцца яшчэ адзін завод па выпуску халадзільнага абсталявання, вядомага на еўрапейскіх рынках. У сувязі з гэтым раён атрымае новыя рабочыя месцы. Яшчэ адно прадпрыемства, «Сула Плюс», лідар у Мінскай вобласці па перапрацоўцы бульбы, уклала інвестыцыі ў новы завод. Праводзяцца яго выпрабаванні. «Сельгасвытворцы пакуль могуць загрузіць яго сыравінай менш чым напалову, хоць мы і садзім бульбы больш за ўсіх у Мінскай вобласці», – зазначыў Дзяніс Колясень.

Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень знаёміць з развіццём раёна

У аб’ёме выпускаемай на Стаўбцоўшчыне прадукцыі сельскагаспадарчая складае 52 працэнты, таму сельская гаспадарка з’яўляецца вядучай галіной. Для яе апошнім часам характэрны будаўнічы бум: пабудаваны 100 траншэй для якаснага захоўвання кармоў, узведзены 14 новых жывёлагадоўчых будынкаў, што дазволіла павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы на 4,5 тысячы галоў (гэта раўназначна таму, што раён прырос на адну гаспадарку, такую, да прыкладу, як ААТ «Шашкі») і павялічыць вытворчасць малака.

– Будзем спрабаваць замацаваць гэтыя пазіцыі, – запэўніў Дзяніс Колясень. – У бягучым годзе неабходна ўзвесці тры «клюшачнікі», з новым абсталяваннем, даільнымі заламі, і павялічыць пагалоўе на 1200 галоў. Кіраўніцтва вобласці падтрымала нашу ініцыятыву і выдзеліла сродкі з абласнога бюджэту.

Старшыня райвыканкама таксама закрануў работу будаўнічых арганізацый раёна. Сёння ў іх, як і паўсюдна ў будаўнікоў вобласці, склалася няпростая сітуацыя. Мінулы год ПМК-233, РБУ завяршылі са стратамі. Ідзе адток кадраў. Разам з тым будаўніцтва шматпавярховага жылля ў Стоўбцах павінна дапамагчы выйсці на іншыя паказчыкі. У 2020 годзе плануецца прыступіць да ўзвядзення ў райцэнтры новай школы. Старшыня райвыканкама выказаў сваю задаволенасць дзейнасцю дарожных арганізацый.

Акцэнтуючы ўвагу на развіцці сацыяльнай сферы ў горадзе, Дзяніс Колясень звярнуў увагу на такі момант: «Праехаў па сельскіх школах, дзіцячых садах і ўбачыў, што там дынаміка з напаўняльнасцю адмоўная. Іх магутнасці не запоўнены. Безумоўна, людзі маюць права выбіраць, дзе ім жыць – у горадзе ці ў вёсцы, але задача мясцовай улады і кіраўнікоў на месцах – зрабіць свой населены пункт, жыццё ў сельскай мясцовасці прывабнымі».

Пытанні ад торфабрыкетчыкаў

Вада для сельскіх завадчан. І для вяскоўцаў 

Пераважная большасць торфабрыкетчыкаў пражывае ў пасёлку Нёман, які таксама можна аднесці да сельскай мясцовасці. І завадчане не спяшаюцца перабірацца ў горад. Наадварот, на працу на завод прыязджаюць некаторыя жыхары  райцэнтра. Прыцягваюць стабільнасць, высокі заробак.

Якія праблемы хвалююць, так бы мовіць, сельскіх завадчан?

Работнікі торфабрыкетнага завода ўзнялі пытанне рамонту ўчастка дарогі Падгорнае – Шашкі – Найдзёнавічы. Сітуацыя там, як было адзначана на сустрэчы, сапраўды адна з самых крытычных. Згодна з пералікам чарговасці выканання работ (гл. газету «Прамень» за 2 сакавіка 2019 года), яе вырашэнне запланавана на бягучы год, аднак фінансаванне пад гэта не прадугледжана. Жыхары пасёлка звярнулі ўвагу дырэктара Стаўбцоўскага АКС Дзмітрыя Мурына, які таксама браў удзел у сустрэчы, на неабходнасць замены ржавых кантэйнераў. Некаторыя выказалі сваё меркаванне аб тым, каб прыбраць кантэйнеры з прыпынкаў грамадскага транспарту. Маўляў, яны бываюць перапоўненыя і маюць непрывабны выгляд. З гэтай думкай цяжка пагадзіцца, таму што насамрэч плюсаў больш, чым мінусаў. Усё смецце збіраецца ў адным месцы, а не раскідана па абочыне, у прыдарожным лясным масіве. Яго зручна і бяспечна пакідаць тут, заехаўшы ў «карман» для аўтобусаў. «Кантэйнер на прыпынку закрываецца, смецце праз край бывае толькі пасля выхадных дзён», – заўважае  старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева.

Шэраг пытанняў былі наконт водазабеспячэння і якасці вады. Будаўніцтва станцыі абезжалезвання – мерапрыемства дарагое, таму ў Шашках яго рэалізацыя запланавана пазней, пасля Вішняўца, Рубяжэвічаў, Драздоў, Куля. Што тычыцца замены састарэлага водаправода ў Старыне, то работы вядуцца, і да канца чэрвеня іх плануецца завяршыць. Жыхары вёскі вырашылі на сходзе купіць за свае сродкі трубы, а іх укладкай займаецца ААТ «Шашкі», на чыім балансе знаходзяцца водаправодныя сеткі. Для надзейнасці водазабеспячэння на сустрэчы абмяркоўваліся некаторыя тэхнічныя пытанні функцыянавання водаправода.

Актуальная тэма – абкошванне пасёлка Нёман. Раней абкос рабіў завод, хоць гэта і не з’яўляецца яго статутнай дзейнасцю. Дырэктар торфабрыкетнага завода Міхаіл Камейша выказаў гатоўнасць аказваць дапамогу, аднак самі людзі павінны падключыцца, не стаяць убаку. Што датычыць абкосу пустых дамоў, якія належаць ААТ «Шашкі», то, як патлумачыла Святлана Якаўлева, на гэты конт гаспадарцы выдадзены прадпісанні.

Пасля  сустрэчы Дзяніс Колясень азнаёміўся з вытворчым канвеерам завода.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *