Маторнікі давяраюць свайму доктару

Главное Медыцына

Філіял ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцыадзіны сярод прадпрыемстваў раёна, які паранейшаму ўтрымлівае для сваіх работнікаў ведамасны пункт аховы здароўя.

У гэтай вернасці старой савецкай традыцыі бачыцца сапраўды добры знак. Калі самае вялікае на Стаўбцоўшчыне прадпрыемства не на словах клапоціцца пра здароўе работнікаў, то, значыць, яму гарантаваны доўгатэрміновая перспектыва і поспех. У мінулым годзе філіял адзначыў сваё 25-годдзе, і наперадзе ў яго, несумненна, новыя даты і вехі.

Заходзіш у пункт аховы здароўя і пападаеш у сучасныя памяшканні, аздобленыя новымі матэрыяламі, аснашчаныя розным медыцынскім абсталяваннем.

– Сем гадоў таму ў пункце аховы здароўя быў зроблены вялікі рамонт. Абноўлена, дзякуючы кіраўніцтву філіяла, і яго матэрыяльная база. Такім чынам, мы можам зрабіць на месцы ультрагукавое і іншыя даследаванні, – тлумачыць загадчык пункта аховы здароўя Анатоль Яхнавец.

Загадчык пункта аховы здароўя філіяла маторнага завода Анатоль Яхнавец

Анатоль Яхнавец – доктар вопытны, з больш чым 50-гадовым (!) стажам. Пунктам аховы здароўя ён загадвае з 2006 года, а ўвогуле яго прафесійная школа бярэ пачатак з медыцынскага вучылішча. У свой час нават тэрміновую ваенную службу ён праходзіў у якасці фельчара. Пасля арміі паступіў у Гродзенскі медінстытут. Доўгі час працаваў на радзіме, на Брэстчыне, урачом-тэрапеўтам. Нельга не сказаць, што ўся сям’я Анатоля Яхнаўца (жонка, сын, нявестка) складаецца з медыкаў.

– У пункце аховы здароўя шчыруе невялікі дружны калектыў, уважлівы да пацыентаў. Фельчарамі больш за два дзясяткі гадоў працуюць Людміла Навумчык і Мая Мастоўская, – характарызуе сваіх калег Анатоль Віктаравіч. – Аказваем кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, таксама праводзім прафілактычную, санітарна-асветніцкую работу. Сочым за ўмовамі працы і быту работнікаў, за санітарным станам цэхаў. Штогод у летні перыяд  нашых работнікаў накіроўваюць па чарзе ў ведамасны дзіцячы аздараўленчы лагер «Церамок».

Так, пункт аховы здароўя штогод бярэ ўдзел у планавых медыцынскіх аглядах работнікаў, якія звязаны са шкоднымі ўмовамі працы. Дзякуючы сумеснай рабоце са спецыялістамі  кабінета прафілактыкі раённай паліклінікі значна скараціўся час, неабходны для  праходжання медагляду. У 256 работнікаў, якія падлягалі медагляду ў бягучым годзе, не выяўлена прафесійных захворванняў, і ўсе яны дапушчаны да работы. Тым, у каго выяўлены тыя ці іншыя захворванні, што не перашкаджаюць рабоце, было прызначана лячэнне, за іх станам вядзецца назіранне.

– Штоквартальна праводжу аналіз часовай непрацаздольнасці з устанаўленнем прычын у выпадку яе росту і магчымасцяў для ўхілення гэтых прычын, распрацоўкай мерапрыемстваў па зніжэнні захваральнасці ў кожным цэху, на кожным участку, – звяртае ўвагу Анатоль Віктаравіч і прыводзіць канкрэтны прыклад: – Пры прымяненні агрэсіўнай змазачна-ахаладжальнай вадкасці быў заўважаны рэзкі рост скурных захворванняў. Пасля ўнясення прапаноў кіраўніцтву завода і змене вадкасці колькасць выпадкаў скурных захворванняў вярнулася ў ранейшую норму. У першым квартале бягучага года колькасць захворванняў сярод работнікаў завода скарацілася на восем выпадкаў, аднак ёсць рост захваральнасці на 107 дзён за кошт цяжкіх бытавых траўмаў з працяглымі тэрмінамі лячэння.

Санітарка Алена Рыштоўская і Анатоль Яхнавец

Добрая тэндэнцыя – на прадпрыемстве, дзе многія вытворчасці з’яўляюцца траўманебяспечнымі, колькасць вытворчых траўмаў значна зменшылася. «Удасканальваецца абсталяванне, ды і ранейшыя прыклады нечаму вучаць», – тлумачыць прычыну Анатоль Яхнавец.

…З васьмі раніцы спяшаюцца ў пункт аховы здароўя першыя наведвальнікі – вадзіцелі, якім неабходна прайсці перадрэйсавы агляд. Ідуць, каб атрымаць допуск да работы, і тыя работнікі, якія працуюць у небяспечных умовах. Сёння шмат людзей – проста на прыём да доктара. У каго ціск падскочыў, каму трэба выпісаць рэцэпт на лекі.

– Надвор’е спякотлівае, таму і скаргаў на самаадчуванне пабольшала, – адзначае доктар.

У арсенале пункта аховы здароўя – усе патрэбныя медыкаменты для аказання першай дапамогі. «Дырэкцыя філіяла ідзе нам насустрач: закупляе ўсё, што неабходна для работы», – кажа Анатоль Яхнавец. Пры неабходнасці доктар прызначае абследаванне на апараце УГД органаў брушной поласці, шчытападобнай залозы, мачавога пузыра, нырак, а таксама ЭКГ і інш. Людзям гэта зручна, і ў кампетэнтнасці Анатоля Яхнаўца не прыходзіцца сумнявацца. Былі выпадкі, калі пры абследаванні ён выяўляў нават анкалагічныя захворванні.

Пункт аховы здароўя філіяла абслугоўвае больш за 1000 працаўнікоў. Сярэдні ўзрост іх складае амаль 45 гадоў. Вялікае значэнне маюць прышчэпкавая работа, іншыя віды дзейнасці згодна з атрыманай ліцэнзіяй Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. «Перыядычна прыходзіцца пацвярджаць ліцэнзію, таму ўвесь час вучымся», – падсумоўвае доктар. Дарэчы, водпускаў у работнікаў пункта аховы здароўя, якія дадаткова занятыя ў лагеры «Церамок,» не бывае летам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *