Бабуля Алена

Важное Год малой родины

«Пакуль сама сабе даю рады. Перанесла складаную аперацыю, але ўжо дзесяць гадоў, як Бог працягвае маё жыццё…» – кажа Алена Траццяк са Слабады. Жанчыне нядаўна споўнілася 90.

Не зважаючы на шаноўны ўзрост, Алену Мікалаеўну яшчэ і цяпер можна сустрэць у градах, са звычнай для яе матычкай. Яна па-ранейшаму любіць ва ўсім парадак.

– Бабуля такая працавітая! Калі ні прыходжу да яе, рукі ў яе заўсёды нечым занятыя, – гаворыць загадчыца мясцовага ФАПа і, па сумяшчальніцтве, стараста Слабады Святлана Клімовіч.

Стараста прыгадвае, як некалі да бабулі Алены ішла ўся вёска. Яна шыла цёплыя буркі, старалася дагадзіць кожнай заказчыцы. А яшчэ яна, сапраўдная рукадзельніца, не пакідае плесці з розных кавалачкаў тканіны, што сталі непатрэбнымі ў гаспадарцы, прыгожыя палавічкі. Яны і сёння ўпрыгожваюць яе дом. У хаце бабулі чысценька, на вокнах зіхацяць накрухмаленыя фіранкі…

Алена Траццяк са Слабады адзначыла 90-гадовы юбілей

Алена Траццяк разам з мужам выгадавалі траіх дзяцей – двух сыноў і дачку. Адзін з сыноў жыве з сям’ёю побач з матуляй, у Слабадзе, толькі на іншай вуліцы. Другі сын – у Стоўбцах, дачка – у Мінску. Дзеці падарылі дзясятак унукаў, ёсць і праўнукі. Усе ў гэтай вялікай сям’і імкнуцца хто чым дапамагчы бабулі. Яна ўжо амаль два дзясяткі гадоў удава.

– Муж мой быў вельмі добры чалавек. Меў цяжкую працу (на шпалапрапітцы – Т. П. ), таму рана пайшоў з жыцця, – дзеліцца Алена Мікалаеўна.

Вяскоўцы кажуць, што гэтая жанчына заўсёды была эталонам жонкі, матулі, гаспадыні. У яе сэрцы жыве любоў да Бога, таму дабрыня, пакора, увага ідуць ад кожнага слова, руху. Алене Мікалаеўне цяпер цяжка дабірацца ў храм, таму пропаведзь бацюшкі яна слухае па тэлевізары.

Да яе ў госці нядаўна завіталі супрацоўнікі Стаўбцоўскага раённага цэнтра народнай творчасці. Павіншавалі бабулю з адметным жыццёвым юбілеем, аздобілі яе аднастайныя будні радасцю сустрэчы з песняй, музыкай. «Дзякуй ім!» – кажа Алена Траццяк і жадае ўсім міру, здароўя і даўгалецця.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *