У кожнага свой Пушкін

Адукацыя

Выданне кніг, суаўтарамі якіх зяўляюцца самі навучэнцы, становіцца добрай традыцыяй у выдавецтве Беларускай асацыяцыі «Конкурс».

У 2016 годзе выдадзена кніга «Слова пра настаўніка», у якой апублікавалі свае творы 75 навучэнцаў.  І вось у 2019 годзе выйшаў новы зборнік, прысвечаны 220-годдзю з дня нараджэння Аляксандра Пушкіна.  Больш за тысячу творчых работ (вершы, эсэ, дзённікавыя запісы, малюнкі) даслалі дзеці з розных куткоў Беларусі.  У кнігу таксама ўвайшлі работы  вучаніц СШ № 3 г. Стоўбцы: Маргарыты Сінянковай, вучаніцы 5 класа (эсэ – «Сапраўднае чараўніцтва заўсёды побач») і Влады Грэкавай, вучаніцы 8 класа (дзённікавыя запісы – «Дзіўнае і цудоўнае імя –Пушкін»). У гэтых працах кранальныя прызнанні ў любові да пушкінскай мовы, адкрытасць пачуццяў і першая «спроба пяра».  Ілюстрацыі, вершы, проза – разнастайныя грані творчасці юных мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў.

Гэта юбілейнае выданне – і пацвярджэнне таго, што творы А. С. Пушкіна ведаюць і любяць усюды.   «Ні адной краіне не дадзена двойчы нараджаць чалавека з такімі выдатнымі і такімі рознабаковымі здольнасцямі», – напісаў у французскім часопісе Le Globe паэт Адам Міцкевіч напярэдадні 38-й гадавіны з дня нараджэння Пушкіна, які не дажыў да гэтага  дня.  Праз стагоддзе рускі паэт Апалон Грыгор’еў скажа: «Пушкін – наша ўсё».  Сёння, у XXI стагоддзі, імя Пушкіна – у назвах гарадоў, вуліц, плошчаў, бібліятэк, тэатраў… На небе свеціцца малая планета 2208 Pushkin, на Меркурыі імем Пушкіна названы кратэр.

Заснаваны медаль А. С. Пушкіна, Расійскай акадэміяй навук прысуджаецца Прэмія імені А. С. Пушкіна ў галіне рускай мовы і літаратуры.  Яго творчасці і сёння прысвячаюць свае даследаванні знакамітыя навукоўцы і юныя літаратуразнаўцы.  Памяці А. С. Пушкіна прысвечана і гэтая кніга, якую напісалі самі навучэнцы Беларусі. Выказваем шчырую ўдзячнасць юным аўтарам, іх бацькам, настаўнікам за праяўленую цікавасць да праекта «У кожнага свой Пушкін», трапяткое стаўленне да роднага слова і бязмежную творчасць. Чытайце – і пераканайцеся самі ў тым, якія таленавітыя нашы  юныя беларускія аўтары!

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *