Новая лінія працуе без выхадных

Важное Эканомiка

З пачатку бягучага года на 50 працэнтаў павялічыўся выпуск прадукцыі ў вытворча-майстарскім участку «Акінчыцы» Стаўбцоўскага лясгаса. З канвеера сыходзіць за месяц больш за 1500 м3 абразных піламатэрыялаў, запатрабаваных у Германіі, Францыі, Бельгіі, Галандыі і іншых краінах. 

Такі рэзкі рост аб’ёмаў вытворчасці і, адпаведна, валютнай выручкі напрамую звязаны з устаноўкай у дрэваапрацоўчым цэху новай сучаснай лініі па выпуску абразных піламатэрыялаў. Пры перапрацоўцы круглыя лесаматэрыялы ператвараюцца ў прадукцыю з высокім дабаўленым коштам. На новай лініі працуюць станочнікі Канстанцін Емяльяненка, Дзмітрый Ганчарэнка, Юрый Васіленка, абслугоўвае яе сартавальнік Ігар Канановіч і інш.

Лінія задзейнічана 12 гадзін у суткі без выхадных. Сыравіну пастаўляюць лясніцтвы, у сярэднім – 4,5 тысячы м3 лесу круглага ў месяц. Акрамя абразных піламатэрыялаў у цэху выпусцілі ў маі таксама 410 м3 ацыліндраваных вырабаў, 260 тон пелетаў.

У бліжэйшых планах лесаперапрацоўшчыкаў – замена сушыльнай гаспадаркі.

– Зроблены заказ на выраб сушыльнага комплексу ў Літве. Працэс сушкі будзе поўнасцю аўтаматызаваны. Падрыхтаваны фундамент пад новае абсталяванне. Устанавіць яго намечана ў другім паўгоддзі 2019 года, – адзначае начальнік ВМУ «Акінчыцы» Генадзь Клімовіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *