Прафесія, якая патрабуе ахвярнай любові

Важное Медыцына

У трэцюю нядзелю чэрвеня ў нашай краіне адзначаецца прафесіянальнае свята медыцынскіх работнікаў. Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка запрасіла журналістаў, каб на старонках газеты расказаць пра тых, хто выбраў гэтую прафесію і самааддана ёй служыць. І сённяшні тэматычны выпуск – гэта толькі некалькі старонак  у летапісе працоўных будняў медыцынскай установы, які сатканы з прафесійных лёсаў кожнага з тых, хто аддае свой прафесіяналізм у выбранай справе.

Святлана Глебка, глаўрач Стаўбцоўскай ЦРБ

Мы былі папярэджаны, што ў ліку тых, хто стане героем нашага артыкула, будуць не толькі спецыялісты з дыпломамі медыкаў, але і працаўнікі іншых спецыяльнасцяў, без штодзённых клопатаў якіх на сваім рабочым месцы немагчыма ажыццявіць лячэбна-прафілактычную дзейнасць медыцынскай установы, што працуе ў кругласутачным рэжыме.

Як можна арганізаваць работу без транспарту? У цэнтральнай раённай бальніцы абавязкі начальніка гаража выконвае Віктар Трубяцкі, уся працоўная біяграфія якога звязана з сістэмай аўтамабільнага транспарту. У падпарадкаванні Віктара Раманавіча – 43 работнікі, у ведамстве – 32 адзінкі транспарту. Большая частка – гэта спецыялізаваныя машыны. Каб яны бездакорна служылі днём і ноччу, стараецца такі спецыяліст, як слесар па рамонце аўтамабіляў Генадзь Трацяк. Яго ўмелымі рукамі і вопытам праводзяцца як бягучы, так і капітальны рамонты тэхнікі. Вадзіцель Яўген Гавака заняты на аўтамабілі, які дастаўляе будаўнічыя матэрыялы для ведамаснай брыгады. Ён рады, што маштабны аб’ём работ па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскай установы выкананы з яго удзелам.

Начальнік гаража Віктар Трубяцкі з Генадзем Трацяком і Яўгенам Гавакам

У бухгалтэрыі – свае задачы. 18 спецыялістаў пад кіраўніцтвам галоўнага бухгалтара Людмілы Анісовіч нясуць сваю штодзённую вахту: каб была своечасова выплачана заработная плата, праведзены патрэбныя закупкі, ажыццёўлены належны ўлік матэрыяльных каштоўнасцяў. Пералічыць усе напрамкі дзейнасці гэтай службы проста немагчыма. Тыя, з кім нам давялося пагутарыць, – Ірына Ярашэвіч, Надзея Мамайка, Галіна Карповіч – былі салідарныя, што калектыў бухгалтэрыі вельмі дружны, камфортна разам працаваць, ёсць падтрымка, узаемапавага і ўзаемаразуменне. Бухгалтарская служба адна з першых у цэнтральнай раённай бальніцы была інфарматызавана, усе супрацоўнікі прайшлі навучанне і працуюць у некалькіх праграмах. Начальнік планава-эканамічнага аддзела, спецыяліст з больш чым 30-гадовым стажам работы Галіна Скорык, таксама адзначыла прафесіяналізм і адказныя адносіны да работы сваіх падначаленых – вопытнай Вольгі Недзень, Алены Юрчанка, Таццяны Кудрук. Галіна Мікалаеўна падзялілася навацыямі: яна вярнулася з курсаў павышэння кваліфікацыі, ідзе падрыхтоўка да новой сістэмы налічэння заработнай платы, якая закране ўсе арганізацыі бюджэтнай сферы.

Спецыялісты эканамічнай службы: Галіна Скорык, Надзея Мамайка, Галіна Карповіч, Людміла Анісовіч, Ірына Ярашэвіч

Наталля Юркевіч на момант падрыхтоўкі матэрыялу выконвала абавязкі начальніка кадравага сектара. Юрыст з вялікім стажам папярэдняй работы на філіяле Мінскага маторнага завода, у ААТ «Агранёманскі» на цяперашнім месцы з вялікай зацікаўленасцю адносіцца да ўсяго, што звязана з павышэннем прэстыжу арганізацыі, дзе працуе. Нам было прыемна слухаць уражанні Наталлі Уладзімраўны, якія датычаць ацэнкі стаўбцоўскай бальніцы (яна з’яўляецца рэспубліканскай пляцоўкай па правядзенні семінараў, школ вучобы спецыялістаў) калегамі з усёй краіны. Уражваюць усіх не толькі стан матэрыяльна-тэхнічнай базы, багацце клумбаў, арганізацыя работы, але і добразычлівая атмасфера ў калектыве. Работнікі кадравай службы, прымаючы на працу маладых спецыялістаў, урачоў, якія прыязджаюць з іншых мясцін, заўсёды цікавяцца, які быў матыў прыехаць на работу ў Стоўбцы. У большасці выпадкаў медыкі адзначаюць выдатныя ўмовы працы, эстэтычны выгляд медыцынскай установы і ўвагу адміністрацыі да кадраў. І гэта – таксама важкая ацэнка дзейнасці медустановы.

Спецыяліст кадравага сектара Наталля Юркевіч

У аддзеле статыстыкі ў штаце ў асноўным  спецыялісты з медыцынскай адукацыяй, як старажыл, фельчар с вопытам практычнай работы на ФАПе ў Слабадзе, Галіна Кульша, якая працуе медстатыстыкам ужо 29 гадоў, медсястра па спецыяльнасці Ларыса Галайдзіна, якая таксама мае вялікі стаж работы медстатыстыкам. Свой прафесіяналізм аддае цяпер на гэтым участку былы начальнік планава-эканамічнага аддзела Вольга Гуляева, стаж работы ў цэнтральнай раённай бальніцы ў якой складае больш за 30 гадоў. Узначальвае гэты аддзел Наталля Рык, урач з 30-гадовым стажам работы. На новай пасадзе, гаворыць, у яе ёсць магчымасць паглядзець на прафесію ўрача з іншага ракурсу. Работу ў аддзеле статыстыкі ацэньвае як вельмі адказную, таму што сюды сцякаецца ўся інфармацыя па бальніцы, і вельмі важна правільна і своечасова яе апрацаваць, правесці аналіз, падказаць спецыялістам моманты для прыняцця мер, нейкіх упраўленчых рашэнняў ва ўзаемадзеянні ўсяго калектыву. Вядзецца кантроль за выкананнем даведзеных параметраў дзейнасці. На гэтай пасадзе Наталля Уладзіміраўна нядаўна, таму шчырую ўдзячнасць адрасуе ўрачу з вялікім стажам работы Эльвіры Рэгенцюк, якая апошнім часам працавала медстатыстыкам, архіварыусу Тамары Радзько, яны шчодра дзяліліся вопытам, дапамаглі засвоіць неабходныя навыкі і ўменні. 38 гадоў складае стаж работы ў арганізацыйна-метадычным кабінеце фельчара па асноўнай спецыяльнасці Наталлі Мінянковай, з іх 22 гады – у стаўбцоўскай бальніцы. Аўтарытэт Наталлі Леанідаўны настолькі высокі ў адміністрацыі і медыцынскага персаналу, што ёй цалкам давяраюць. Яна стараецца разам са сваімі калегамі, каб паказчыкі работы выгадна выдзялялі стаўбцоўскую бальніцу сярод іншых медустаноў рэспублікі. І гэта камандзе прафесіяналаў удаецца: па выніках работы за мінулы года стаўбцоўская райбальніца заняла першае месца ў вобласці і другое ў рэспубліцы.

Медстатыстыкі: Ларыса Галайдзіна, Галіна Кульша, Наталля Мінянкова, Наталля Рык, Вольга Гуляева

У нас была магчымасць пазнаёміцца з настаўнікамі моладзі ў акружэнні маладых спецыялістаў раённай бальніцы. Людміла Някрылава, намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай частцы, выпускніца Львоўскага ўніверсітэта, мае стаж работы ў медыцыне больш за 40 гадоў. У працоўнай кніжцы Людмілы Яўгенаўны – толькі некалькі запісаў. Пачынала яна работу педыятрам у Феадосіі, у ваенным шпіталі. А потым за мужам, афіцэрам, прыехала ў Беларусь. І вось ужо  больш за 30 гадоў працуе ў стаўбцоўскай бальніцы і вядзе вельмі важны ўчастак, які датычыць арганізацыі і кантролю за ўсім лячэбным працэсам у медыцынскай установе. Аўтарытэт Людмілы Някрылавай пацверджаны тым, што многія гады яна нязменна застаецца на гэтай высокай пасадзе.

Хрысціна Барсук, Яна Міскевіч, Вольга Вяроўка, Часлава Уласік, Раман Кукіш, Людміла Някрылава, Святлана Высоцкая, Аляксандр Плюшчаніца, Аксана Даніленка, Юлія Саковіч

Для Чаславы Уласік Стаўбцоўшчына – малая радзіма. Пасля заканчэння медуніверсітэта Часлава Міхайлаўна пачынала працоўную біяграфію ў Засульскай участковай бальніцы ўрачом-ардынатарам. Затым працавала ўрачом у падлеткавым кабінеце, была загадчыцай паліклінікі, шмат ужо гадоў з’яўляецца намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва, курыруе ўсю амбулаторна-паліклінічную дзейнасць раёна. Часлава Міхайлаўна гатова аддаць маладым спецыялістам столькі свайго вопыту, колькі яны запатрабуюць.

Галоўная медыцынская сястра Святлана Высоцкая з’яўляецца настаўнікам моладзі для персаналу сярэдняга звяна. Яна з радасцю гаворыць, што кожны год штат папаўняецца выпускнікамі медустаноў краіны. І ў гэтым годзе плануецца прыезд каля 20 маладых спецыялістаў – фельчараў, памочнікаў урача, медыцынскіх сясцёр, якіх вельмі чакаюць, асабліва ў паліклінічна-амбулаторных аддзяленнях. Святлана Сямёнаўна з задавальненнем адзначае, што цяперашнія выпускнікі добра падрыхтаваныя, валодаюць камп’ютарам, смелыя, хутка і лёгка ўліваюцца ў калектыў, умеюць паспяваць за часам. Ва ўсіх іх ёсць магчымасць раскрыць не толькі свае прафесіянальныя здольнасці, але і творчыя – удзелам у канцэртах, святах, урачыстасцях, якія праводзяцца ў медыцынскай установе.

Святлана Высоцкая

На самай справе, маладыя кадры райбальніцы выклікаюць сімпатыю. Нам надарылася магчымасць пазнаёміцца з загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення, раённым кардыёлагам Вольгай Вяроўка. Вольга Мікалаеўна і яе муж Яўгеній Вяроўка, урач-рэаніматолаг-анестэзіёлаг, лічацца перспектыўнымі кадрамі. У сваю чаргу маладыя ўрачы стараюцца апраўдаць давер адміністрацыі сумленнымі адносінамі да работы і гатоўнасцю павышаць сваё прафесіянальнае майстэрства. Яна Міскевіч другі год працуе ўрачом агульнай практыкі. Да творчай работы, раскрыцця сваіх здольнасцяў яе стымулююць выдатныя ўмовы працы і спагадлівыя адносіны адміністрацыі. Аксана Даніленка – медыцынская сястра тэрапеўтычнага ўчастка № 2. У бягучым годзе ў яе заканчваецца час адпрацоўкі пасля каледжа, аднак кантракт падоўжаны, Аксана Ігараўна застаецца і надалей у штаце стаўбцоўскай бальніцы, чаму вельмі рада. Хрысціна Барсук на пасадзе памочніка ўрача агульнай практыкі працуе трэці год, прыехаўшы ў Стоўбцы па размеркаванні. Гаворыць, што імкнецца знаходзіць патрэбныя словы ў зносінах з пацыентамі, каб пераканаць іх, што быць здаровым – гэта не толькі асабістая патрэбнасць чалавека, але і сям’і, і дзяржавы.

Юлія Саковіч – малады ўрач-псіхіятр. Сур’ёзна ўнікае ў сваю прафесію, што патрабуе вялікай працы – душэўнай і разумовай. Той факт, што маладому спецыялісту Раману Кукішу даверана быць загадчыкам неўралагічнага аддзялення, гаворыць сам за сябе. Адміністрацыяй заўважаны ў ім якасці для такога высокага назначэння. Аляксандр Плюшчаніца – урач-інтэрн, хірург. Ён паспрабаваў сябе і на паліклінічным прыёме, і ў стацыянарным аддзяленні, і ў аперацыйнай. Выказвае вялікую ўдзячнасць настаўніку моладзі, аўтарытэтнаму ўрачу-хірургу Дзмітрыю Плескачу за навуку, выдатна спасцігаць сваю прафесію пад такім кіраўніцтвам. Аляксандр Плюшчаніца, як і іншыя яго маладыя калегі-медыкі, выказаўся наконт выдатных умоў працы ў стаўбцоўскай бальніцы, укаранення новых тэхналогій, належнага забеспячэння абсталяваннем, такога ўзроўню, гаворыць, ён не бачыў у іншых гарадскіх бальніцах. Аляксандр Васільевіч падзяліўся сваёй радасцю: са жніўня ў стаўбцоўскую бальніцу пераязджае яго жонка, малады тэрапеўт, якая адпрацоўвала пасля ўніверсітэта ў Лідскай бальніцы.

Адміністрацыя медустановы перад прафесіянальным святам не забыла і пра ветэранаў, хто ўнёс вялікі асабісты ўклад у развіццё сферы аховы здароўя раёна. Ганна Шынгель, медыцынская сястра вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, медыцыне прысвяціла больш за 40 гадоў жыцця. Фельчар па спецыяльнасці, спачатку працавала на ФАПах, а пасля пераезду ў Стоўбцы была старшай медыцынскай сястрой скурна-венералагічнага дыспансера і 25 гадоў – галоўнай медыцынскай сястрой райбальніцы. Гаворыць, што Святлана Высоцкая, якая на гэтай пасадзе ў цяперашні час, – яе выхаванка. Ганна Станіславаўна з вялікай любоўю да сваёй работы, да медыцынскіх работнікаў успомніла старшых медыцынскіх сясцёр райбальніцы, з якімі працавала ў свой час: Аляўціну Сінкевіч, Людмілу Суднік, Марыю Квас, Валянціну Фядотаву, Ніну Асіпенка, Ніну Злотнікаву, Марыю Адаміцкую, Ніну Каўрэвіч. Гэта той касцяк, на якім трымалася бальніца ў арганізацыі работы спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу. На пытанне аб тым, што яна думае аб прафесіі медыка, Ганна Станіславаўна дала такі адказ. На адміністрацыйнай рабоце яна заўсёды шкадавала пацыентаў і ў такой жа меры шкадавала і персанал, таму што работа ў медыкаў вельмі няпростая. Працяг сябе ў прафесіі Ганна Станіславаўна атрымала ад дачкі Святланы, якая працуе памочнікам урача-траўматолага ў сталічнай паліклініцы. Ганна Станіславаўна выказала свае жаданні: як бы ёй хацелася зноў сустрэцца са сваімі былымі калегамі, з якімі засталіся вельмі прыязныя, паважлівыя адносіны. І мы прапаноўваем ёй паехаць у Рубяжэвічы, што стала для Ганны Станіславаўны нечаканым сюрпрызам, сапраўдным падарункам. Праз гадзіну мы назіралі такі прыемны малюнак: радасць сустрэчы з абдымкамі, пацалункамі Ганны Шынгель і Зінаіды Гайдукевіч. Зінаіда Макараўна прыехала працаваць па размеркаванні акушэркай у Засульскую ўчастковую бальніцу. Калі яе мужа Дубінку Сцяпана Васільевіча накіравалі на працу галоўным урачом Рубяжэвіцкай участковай бальніцы, пераехала працаваць у гэтую медыцынскую ўстанову, дзе была старшай медыцынскай сястрой і практыкавала як акушэрка. Стаж работы ў медыцыне ў Зінаіды Макараўны складае 46 гадоў. Цяпер яна на заслужаным адпачынку, застаецца актыўнай, жвавай і разглядае запрашэнне ўнука з Вашынгтона  прыехаць да яго на вяселле.

Прыемная сустрэча Ганны Шынгель і Зінаіды Гайдукевіч

Легендай сферы аховы здароўя раёна можна назваць Вінадору Журомскую. Хіба не? Стаж яе работы ў медыцыне складае 50 гадоў, 47 з іх – у Засульскай урачэбнай амбулаторыі. Вінадора Канстанцінаўна на пасадзе ўчастковага ўрача працавала да 75-гадовага ўзросту і толькі 10 месяцаў таму пакінула работу. Для свайго ўзросту яна выдатна выглядае, абаяльная як у разважаннях, успамінах, так і ў адносінах да сябе, людзей, прафесіі. Прыехалі яны з мужам у наш раён у 70-х гадах. Муж заняў пасаду галоўнага ўрача Засульскай участковай бальніцы, а яна –  урача-тэрапеўта. У яе працоўнай біяграфіі – гісторыя раёна. На той час Засульская ўчастковая бальніца на 75 ложкаў абслугоўвала 8 тысяч чалавек. Была вялікая колькасць дзяцей, у ваколіцах акрамя сярэдняй працавалі пачатковыя школы. Вінадора Канстанцінаўна, расказваючы пра свае медыцынскія будні, успамінае, як у цяжкія моманты, якія бываюць у кожнай прафесіі, яна дзялілася з мужам, маўляў, чаму не пайшла ў педагогі (маці вельмі хацела, каб яна стала настаўніцай). Мікалай Данілавіч заўсёды яе перарываў, маўляў, ты што, прафесія ўрача –  высакародная, яе ні з якой іншай нельга параўнаць, дапамагаць людзям, ратаваць іх жыцці – нічога важней за гэта быць не можа. Вінадора Канстанцінаўна са светлай памяццю пра мужа згодная з ім.

Ветэран аховы здароўя Вінадора Журомская

І нам застаецца падагульніць, што прафесія медыка – гэта подзвіг ахвярнай любові да людзей. Пажадаем працаўнікам сферы аховы здароўя працаваць так, каб пацыенты адчувалі гэта і адказвалі даверам і бязмежнай удзячнасцю за шчасце перамогі над хваробамі. А яшчэ – самім медыкам, нават ва ўзросце «пад 80», выглядаць так, як іх шаноўныя ветэраны-калегі, у якіх мы пабылі ў гасцях з нагоды свята.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *