Творчы радавод, якім можна ганарыцца

Важное Культура

У нашай сям’і не двое дзяцей, не трое і нават не дзесяць. Калі палічыць усіх, то выйдзе чалавек пяцьдзясят, як мінімум! Калі збіраемся з бацькамі за вячэрай, мы хвалімся поспехамі выхаванцаў, перажываем разам іх няўдачы, абмяркоўваем іх перспектывы. Вось такое яно – жыццё ў настаўніцкай сям’і!

Мае бацькі – Сяргей і Людміла Крамко – працуюць ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў доўгі час. Гэтая ўстанова з’яўлялася і маім другім домам. Будучы школьніцай, была асабіста знаёмая з усімі настаўнікамі і шматлікімі навучэнцамі. Я і цяпер адчуваю дачыненне да ўсіх творчых працэсаў у школе. Апошнім часам на слыху ў нашай сям’і тры імені: Ксюша, Саша і Ціхан. Часам, вядома, даводзіцца выслухоўваць скаргі маіх бацькоў на хлопчыкаў і дзяўчынку з разраду «нехта дрэнна да ўрока падрыхтаваўся”, але часцей за ўсё я бачу, як гараць вочы таты і мамы, калі яны распавядаюць пра поспехі і выступленні сваіх вучняў. Ксенія Стонька, Аляксандр Уласік і Ціхан Ланкевіч – гонар не толькі нашай сям’і, але і ўсяго Стаўбцоўскага раёна. Вы пра іх не чулі? Прыкры промах! Давайце знаёміцца!

Існуе меркаванне, што прырода на дзецях адпачывае. Але гэты выраз дакладна не пра таленавітыя сем’і Ксюшы, Сашы і Ціхана, дзе любоў да музыкі перадаецца з пакалення ў пакаленне. Ва ўсіх гэтых дзяцей – багаты творчы радавод, якім кожны з іх можа ганарыцца.

Ксенія Стонька – вучаніца 4 класа СШ № 2 г. Стоўбцы. У школе мастацтваў навучаецца трэці год. Яе дзядуля і трое яго братоў ігралі на цымбалах, акардэоне і барабане. Сама ж Ксенія віртуозна іграе на баяне, спраўляецца з праграмай высокага ўзроўню складанасці. Таксама Ксюша іграе ў аркестры, удзельнічае ў канцэртах і конкурсах, як сольна, так і з калектывам. Інтарэсы і захапленні Ксюшы не абмяжоўваюцца музыкай, яна таксама з задавальненнем займаецца польскай мовай, удзельнічае ў лінгвістычных конкурсах.

Ксенія Стонька, Аляксандр Уласік, Ціхан Ланкевіч

Аляксандр Уласік – вучань 5 класа гімназіі № 1. У школе мастацтваў, як і Ксенія, вучыцца ў трэцім класе. Яго стрыечны дзядуля, Васіль Уласік, усё сваё жыццё працаваў выкладчыкам па класе акардэона ў школе мастацтваў. Сашына маці наведвала тэатральны гурток, яе сястра іграла на цымбалах. Але, мабыць, самым цікавым для мяне было тое, што прадзед Сашы іграў на скрыпцы, мандаліне, балалайцы і акардэоне, рабіў сам цымбалы. Прасочваючы гісторыю сям’і, відаць, як з пакалення ў пакаленне перадаваліся творчыя музычныя здольнасці. Але, як усім вядома, адных задаткаў недастаткова, каб дасягнуць поспеху і пэўнага ўзроўню майстэрства. Патрэбна ўпартая штодзённая праца. І вось тут Саша праявіў сябе як вельмі працаздольны вучань. Ён напорысты, цягавіты і поўны артыстызму. Саша – яркі выканаўца, які ўмее засяродзіць увагу гледачоў на сваёй ігры. Выступае, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, захапляецца вывучэннем англійскай мовы.

Ціхан Ланкевіч – навучэнец 5 класа СШ № 3 г. Стоўбцы. Музыкай займаецца чацвёрты год. Яго сям’я таксама мае сваю творчую гісторыю. Прадзядуля ў свой час быў музыкам на вяселлях (іграў на трубе). Бабуля скончыла Маладзечанскае музычнае вучылішча па класе баяна, была актыўнай удзельніцай калектыву «Гарэзы». Маці Ціхана іграла на цымбалах. У іх нават было сямейнае трыа, якое прымала ўдзел у шматлікіх канцэртах. Ціхан – вельмі адказны, працаздольны і старанны вучань. Выконваючы творы, стараецца дакладна перадаць эмацыянальны змест і ўкласці ў яго задуму аўтара. У агульнаадукацыйнай школе Ціхан выдатна разбіраецца ў матэматыцы. Гэта яго любімы прадмет. Старэйшы брат Ціхана Даніла ў гэтым годзе заканчвае школу мастацтваў па класе баяна, а малодшая сястрычка Дзіяна вучыцца на харэаграфічным аддзяленні.

У гэтым навучальным годзе Ксенія, Аляксандр і Ціхан прынялі ўдзел у шматлікіх конкурсах і амаль заўсёды вярталіся з перамогай (г. Любань – «Снегавік», г. Мінск – «Гармоніка», г. Баранавічы – «Крынічка»). Нядаўна паспяхова выступілі на VI Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе «Львенок» («Лідскі вянок»). Ксенія стала лаўрэатам II ступені, Саша – лаўрэатам III ступені, Ціхан – дыпламантам I ступені.

Заключным акордам у гэтым навучальным годзе стала выступленне на рэгіянальным конкурсе імя К. І. Паплаўскага ў горадзе Івянец, дзе Ксенія Стонька атрымала гран-пры конкурсу, Саша Уласік – першае месца, Ціхан Ланкевіч – другое месца. А ў намінацыі «Ансамбль» хлопчыкі занялі першае месца.

Каб дасягнуць такіх поспехаў, патрэбны велізарная праца, уседлівасць, імкненне да перамогі. У занятках музыкай – як і ў спорце: не пазаймаўся некалькі дзён – можаш пачынаць усё спачатку.

Хацелася б пажадаць Ксюшы, Сашы і Ціхану поспехаў ва ўсіх іх пачынаннях. А нашай сям’і – папаўняцца такімі выдатнымі выхаванцамі!

Вера Крамко

Фота Валерыя ШуцілаВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *