Лета. Канікулы. Адпачынак

Адукацыя Главное

Аздараўленчая кампанія 2019 года набірае ход. Цяпер на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна працуе 32 лагеры. Дзейнічаюць тры кругласутачныя лагеры – «Церамок», «Нёман», Я. М. Чайкі, 29 дзённых на базе ўстаноў адукацыі, у тым ліку  сем спартыўна-аздараўленчых.

Такое доўгачаканае і для дзяцей, і для дарослых лета абрынулася на ўсіх надзвычай цёплым і нават спякотным для першага месяца надвор’ем. Не пралічыліся тыя дзеці, хто для летняга адпачынку абраў першую змену ў аздараўленчым лагеры «Нёман» Стаўбцоўскага раёна. Яна прайшла пад назвай «Мікспарк «Колер чараўніцтва».

У рамках рэспубліканскай акцыі «Малая радзіма: эстафета карысных спраў» былі праведзены конкурс каляровых алоўкаў «Чароўныя фарбы малой радзімы» і канцэртная праграма «Пад сцягам міру і дабра». Спартыўныя спаборніцтвы «Беларускі асілак» былі прымеркаваны да правядзення ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў. Асаблівасцю акцыі з’яўляюцца мерапрыемствы, накіраваныя на добраўпарадкаванне малой радзімы, стварэнне спрыяльных умоў для вывучэння, захавання і развіцця беларускай культуры. Менавіта таму падчас першай змены ў аздараўленчым лагеры «Нёман» праходзілі мерапрыемствы экалагічнага напрамку,  такія як конкурс талентаў «Табе, мая Беларусь», «Экамода», батл «Вянок беларускіх танцаў», экалагічны дэсант, квэст «Час дзеянняў», конкурс патрыятычнай песні «Спяваю табе, мая Айчына», конкурсная праграма «Выратуем прыроду разам»,  конкурс вырабаў з прыродных матэрыялаў «Ложка-матрешка», шоу «Фестываль мастацтваў». Самымі доўгачаканымі конкурсамі ў лагеры застаюцца «Міс і містэр Нёман – 2019», «Міні-міс і міні-містэр».

На працягу ўсёй змены працавалі аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя  секцыі. Праводзіліся кіналекторыі і экскурсіі.

Падчас знаходжання ў лагеры ў дзяцей было шмат цікавых і запамінальных момантаў. Так, для выхаванцаў лагера была здзейснена экскурсія ў Жукаў Барок, арганізавана пясочнае шоу. Час, праведзены ў басейне Стаўбцоўскага фізкультурна-аздараўленчага комплексу,  выклікаў калейдаскоп эмоцый, а вячэрнія вогнішчы кранулі сэрца кожнага ўдзельніка.

У лагеры створаны ўсе ўмовы, каб летнія канікулы прынеслі дзецям яркія ўражанні, незабыўныя сустрэчы, каб іх вольны час быў бяспечным і цікавым. Першая змена завершана, і «Нёман» зноў чакае сваіх сяброў. У рамках арт-праекта «18 жамчужын малой радзімы» плануецца арганізаваць работу двух профільных атрадаў з удзелам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

А з 25 чэрвеня пачнуць сваю работу профільныя лагеры: абаронна-спартыўны на базе Коласаўскай СШ і турыстычна-краязнаўчы на базе ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа».

Наперадзе ў школьнікаў яшчэ шмат дзён, ясных і цёплых, напоўненых сяброўствам і духам саперніцтва. Няхай летні адпачынак прынясе дзецям толькі станоўчыя эмоцыі, умацуе іх здароўе і дапаможа  ім знайсці новых сяброў.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *