Каштуе танна, абыходзіцца – дорага

Важное Эканомiка

У гэтыя спякотныя дні водаспажыванне ў горадзе ўзрасло больш чым на трэць і дасягае ў суткі 4000 м3 вады. Ці хапае спажыўцам вады, і што будзе далей, калі ўсё лета выдасца такім гарачым? Сёння, бадай, гэта самыя актуальныя пытанні. Адказаць на іх мы папрасілі намесніка дырэктара Стаўбцоўскага АКС па водаканалізацыйнай гаспадарцы Андрэя СУДНІКА.  

– Свідравіны і станцыя другога пад’ёму на гарадскім водазаборы «Альхоўка» функцыянуюць у штатным рэжыме. Падключана больш магутная помпа, якая рэгулюе і падтрымлівае ў сістэме ціск. Аб’ёмаў вады таксама хапае. На даны момант працуюць чатыры свідравіны (у звычайныя дні – тры), і дзве свідравіны застаюцца рэзервовымі.

Адносна работы абсталявання пытанняў няма, затое ёсць пытанні іншага характару. Для надзейнага водазабеспячэння жыхароў Стоўбцаў неабходна развіваць інфраструктуру. Гэта звязана з заменай старых сетак, узвядзеннем станцыі трэцяга пад’ёму для рэгуліроўкі ціску пры падачы вады ў шматпавярховыя дамы. Наш горад разбудоўваецца, таму такая неабходнасць наспела.

– Андрэй Станіслававіч, жыхары шматпавярховага мікрараёна ў Стоўбцах скардзяцца на мутную ваду з крана. У чым прычына?

– Бываюць кароткатэрміновыя замутненні, і мы просім за гэта ў абанентаў прабачэння. Калі ідзе вялікі разбор вады, то ў трубе ўзнімаюцца часцінкі жалеза. Такое назіраецца і пры парывах, аварыйных сітуацыях на сетках. Прамываем трубы, але не ўсё, што назапасілася там за гады эксплуатацыі, можна ўзяць і выдаліць. Сеткі водазабеспячэння далёка не новыя.

Санітарнай службай ажыццяўляецца пастаянны маніторынг якасці вады. Пробы яе для даследавання па бактэрыяльных і хімічных паказчыках бяруцца непасрэдна на водазаборы і ў 12 кантрольных кропках горада. Па меры неабходнасці вядзецца абеззаражванне вады з дапамогай сучаснага прэпарата «Акватабс». У дамашніх умовах для ачышчэння пітной вады ад украпін і механічных прымесяў рэкамендую прымяняць фільтры.

– Як вядзецца работа па замене састарэлых водаправодных сетак?

– У гэтым годзе запланаваны капітальны рамонт участкаў сетак па вуліцы А. Кашавога (0,8 км) і ў вёсцы Дразды (2 км). Сродкі на гэта выдзелены з рэспубліканскага бюджэту. Ужо прайшлі таргі, і вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя. А ўвогуле праблемных участкаў у раёне шмат. Сельгаставарыствы перадаюць на наш баланс свае старыя водаправоды, якія маюць патрэбу ў перакладцы. Бюджэтнае фінансаванне абмежавана, і, на жаль, у абанентаў няма жадання ўкладваць уласныя сродкі. Асобныя з іх нясвоечасова плацяць за ваду, стараюцца карыстацца вадой у абход лічыльніка… Такім ставім на лічыльнікі антымагнітныя маркі.

– У планах на наступны год – будаўніцтва станцый абезжалезвання ў двух населеных пунктах, Вішняўцы і Рубяжэвічах.

– У іх утрыманне жалеза ў вадзе перавышае 1 мг/л пры нарматыве 0,3 мг/л (да ведама: на гарадскім водазаборы «Альхоўка» ўтрыманне жалеза ў вадзе складае 0,1-0,28 мг/л).

У нашым раёне першая такая станцыя функцыянуе з 2015 года ў Заямным. Кошт яе высокі, і абслугоўванне – нятаннае. У гэтым годзе двойчы выконваліся прафілактычныя работы на станцыі, у тым ліку з выездам спецыялістаў абслуговай фірмы. Яны ўдзяляюць увагу рабоце электронных блокаў, а больш простыя пытанні, як прамыўка, чыстка фільтраў аэратара, вырашаем, з мэтай эканоміі сродкаў прадпрыемства, сваімі сіламі.

– Што новага ў рабоце водаканала?

– У найбліжэйшы час чакаюцца арганізацыйныя змены. Аблвыканкамам прынята рашэнне аб вылучэнні водаканала з АКС і ўтварэнні самастойнага спецыялізаванага прадпрыемства на пяць раёнаў – Слуцкі, Уздзенскі, Стаўбцоўскі, Старадарожскі і Капыльскі.

З новага – мадэрнізавана частка ачышчальных збудаванняў у Заямным, дзе ўстаноўлена сучасная энергазберагальная паветрадуўка. Новыя помпы забяспечваюць перапампоўванне сцёкаў на гарадской каналізацыйна-помпавай станцыі, на каналізацыйна-помпавай станцыі ў Любкаўшчыне. Падключаем новых абанентаў у гарадскім мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы Паўночны.  Работа складаная, але неабходная для людзей. Адчуваем недахоп кваліфікаваных электрыкаў, машыністаў.

– Што варта нагадаць людзям у летні перыяд?

– Беражыце ваду! Не палівайце агароды ў дзённы час. У летні перыяд напаўняць басейны і іншыя ёмістасці можна толькі ноччу. Не забывайце аб тым, што вада каштуе танна, але абыходзіцца – дорага.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *