Зварот грамадскасці Міншчыны да жыхароў Мінскай вобласці ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Навіна дня Нумары

Паважаныя суайчыннікі! У гэтыя веснавыя дні, калі абуджаецца прырода і ўсё навокал ажывае, калі зямля патрабуе да сябе асаблівай увагі, клопату і працавітасці, мы звяртаемся да ўсіх жыхароў Міншчыны, працоўных калектываў, ветэранаў вайны і працы, нашай выдатнай моладзі аб’яднаць свае намаганні, веды і прафесіяналізм, каб сустрэць 70-годдзе вызвалення беларускага народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў новымі працоўнымі поспехамі, каб сямідзясятая пасляваенная пасяўная была праведзена ў аптымальныя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні.

Зямля была, ёсць і будзе карміцелькай народа. Нездарма народная мудрасць гаворыць: “Хлеб – усяму галава”. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя партызаны і падпольшчыкі, жыхары вёсак з болем у душы ўспамінаюць веснавую палявую кампанію 1944 года, якая праходзіла пад дуламі варожых аўтаматаў. Нямецка-фашысцкія захопнікі імкнуліся зламаць непакорлівых беларусаў голадам, сарваць веснавыя палявыя работы, знішчаючы пасевы азімых, асабліва ўздоўж дарог.

У гэтых складаных умовах, не маючы неабходнай тэхнікі і зведваючы непамерна цяжкую фізічную працу, пад пагрозай варожага нападу, беларускія сяляне разам з камандаваннем партызанскіх фарміраванняў знайшлі ў сабе сілы пераадолець усе нястачы і цяжкасці, каб правесці веснавыя палявыя работы. Змаганне, што разгарнулася на палях нашай рэспублікі за правядзенне веснавой палявой кампаніі, стала састаўной часткай барацьбы з ворагам.

Дзякуючы гераізму байцоў Чырвонай Арміі і партызан, працаўнікоў сяла планы гітлераўскіх акупантаў па арганізацыі голаду на беларускай зямлі былі сарваны, што садзейнічала хутчэйшаму аднаўленню разбураных вайной гарадоў і сёл нашай рэспублікі.

Сёння мы з гонарам гаворым, што многія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, партызаны і падпольшчыкі пасля заканчэння вайны вярнуліся ў родны край, на сваю Міншчыну, узначалілі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і за кароткі тэрмін вывелі іх у лік перадавых. Радзіма высока ацаніла іх працоўныя подзвігі. Толькі ў Любанскім раёне высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы было прысвоена 17 кіраўнікам гаспадарак і працаўнікам сяла.

Усе мы схіляем галовы перад Героямі Працы і тымі, каго ўжо няма сярод нас, шануем іх памяць і на іх прыкладзе беззапаветнага служэння свайму народу павінны выхоўваць наша маладое пакаленне.

Паважаныя жыхары Міншчыны! Сёння, у гэты няпросты час, калі многія дзяржавы пакутуюць ад палітычных канфліктаў і ваенных сутыкненняў, самай галоўнай задачай для ўсіх нас з’яўляецца забеспячэнне міру і стабільнасці на нашай зямлі.

Паважаныя педагогі! Заўсёды памятайце, што вашы сённяшнія вучні – будучыя гаспадары на зямлі. Пастарайцеся даць ім як мага больш ведаў аб беражлівых і старанных адносінах да прыроды і ўсяго таго, што створана працай старэйшых пакаленняў.

Паважаныя бацькі! Далучайце сваіх дзяцей да працы на зямлі, выхоўвайце паважлівыя адносіны да навакольнага свету. Давайце ім больш магчымасцяў судакранацца з унікальнай прыроднай прыгажосцю і даражыць тым, чым багаты наш край.

2014 год вызначаны ў нашай краіне як Год  гасціннасці. Напярэдадні правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў сталіцы нашай  Радзімы горадзе-героі Мінску кожны з нас павінен прасякнуцца большай адказнасцю за лёс роднай Міншчыны, Беларусі, прымаць самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах па навядзенні парадку на зямлі, рацыянальным і беражлівым выкарыстанні прыродных рэсурсаў, фарміраванні навыкаў экалагічнага мыслення і выхавання высокай экалагічнай культуры.

Толькі сумеснымі намаганнямі школы, сям’і і шырокай грамадскасці мы можам выхаваць сапраўдных патрыётаў Айчыны, грамадзян, якія любяць сваю зямлю, родны край, дастойных прадаўжальнікаў добрых спраў, барацьбітоў за справу міру, дабра і справядлівасці.

Зварот прыняты на пашыраным пасяджэнні Мінскага абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *