Справа ў майстра спорыцца

Важное Сельская гаспадарка

Віталій Шода прыехаў у ААТ «Вішнявецкі-агра» з Ганцавіцкага раёна. У таварыстве працавала яго старэйшая сястра, і малады чалавек вырашыў змяніць месца жыхарства. На гэты час ён ужо адслужыў у арміі. Уладкаваўся трактарыстам і сямнаццаць гадоў шчыруе на палетках. У яго распараджэнні – магутны энерганасычаны трактар «Беларус-3022», на якім ён выконвае розныя работы. На збожжаўборачным камбайне рупіцца на жніве. У перыяд нарыхтоўкі кармоў заняты на касьбе траў. І заўсёды спраўляецца з даручанай справай своечасова і якасна. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена работай механізатара. Менавіта на такіх працаўніках, як Віталій Шода, і трымаецца сельская гаспадарка. Сціплы і нешматслоўны, ён ніколі не адмовіцца, калі надараюцца няштатныя сітуацыі і трэба тэрмінова выйсці на работу або замяніць калегу, які захварэў. Віталія Анатольевіча паважаюць у калектыве за спакойны і памяркоўны характар.

Віталій Шода любіць тэхніку. Гэта яго хобі. Уласную аўтамашыну заўсёды сам рамантуе. Мужчына ён кемлівы, таму вясковыя аўтааматары пастаянна  раяцца з ім, просяць, каб дапамог высветліць прычыну той ці іншай няспраўнасці. Віталій Анатольевіч нікому не адмаўляе. І ўсе ведаюць, што ён ніколі не памыліцца, вынесе правільны вердыкт. Дапаможа і паломку ўхіліць.

Віталій Шода неаднаразова выходзіў пераможцам раённага і абласнога спаборніцтваў на выкананні палявых работ. На раённым конкурсе аратых, які праводзіўся ў 2015 годзе, Віталій Анатольевіч выдатна выступіў і заняў першае месца.

Фотаздымак дбайнага працаўніка летась быў занесены на раённую Дошку гонару.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *