Маршрут II Еўрапейскіх гульняў

2 Европейские игры Важное Спорт

Эстафета алімпійскага агню «Полымя міру» II Еўрапейскіх гульняў завяршыла сваё падарожжа па Мінскай вобласці, наведаўшы знакавыя месцы сталіцы.

21 чэрвеня на нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» завяршыўся грандыёзны шлях эстафеты алімпійскага агню «Полымя міру», дзе запалілі агонь мультыспартыўнага форуму. Еўрапейскія гульні адкрыты.

Неабходна нагадаць, што эстафета агню «Полымя міру» стартавала ў Мінску 17 чэрвеня. Агонь II Еўрапейскіх гульняў запалілі на плошчы Свабоды. Затым вядомыя беларускія артысты, музыканты, урачы і спартсмены пранеслі яго ад Мінскай ратушы па праспекце Пераможцаў. На плошчу Дзяржаўнага сцяга агонь даставілі алімпійскія чэмпіёны Аляксандр Багдановіч і Дар’я Домрачава, а таксама чэмпіёнка свету Марына Арзамасава. Пасля цырымоніі запальвання агню на плошчы прайшоў святочны канцэрт, у якім прымалі ўдзел артысты беларускай і замежнай эстрады.

Да цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў эстафета алімпійскага агню «Полымя міру» пабывала на найбуйнейшых прамысловых прадпрыемствах Мінска: на МАЗе, МТЗ, у Парку высокіх тэхналогій і ў Белтэлерадыёкампаніі.

46 дзён 450 факеланосцаў з рук у рукі перадавалі агонь II Еўрапейскіх гульняў. Гэта людзі, якія дабіліся поспеху ў розных сферах і ўслаўляюць Беларусь сваёй працай і дасягненнямі. Дарэчы, у ліку факеланосцаў, якім даверылі сустрэць «Полымя міру» менавіта ў Мінску, – самыя лепшыя. Гэта Герой Беларусі Дар’я Домрачава, вясляр, алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч, лёгкаатлетка, чэмпіёнка свету і Еўропы Марына Арзамасава, барэц, трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь.

Разам з прызёрам алімпіяды ў Лондане Любоўю Чаркашынай узорнаму ансамблю мажарэтак «Феерыя» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў  выпаў гонар адкрыцця цырымоніі запальвання алімпійскага агню каля Мінскай Ратушы. Уражаннямі ад удзелу ў мерапрыемстве з намі падзялілася Кацярына Жук, кіраўнік ансамбля мажарэтак:

– Для нас вялікі гонар паўдзельнічаць на мерапрыемстве такога маштабу.  Падрыхтоўка і арганізацыя былі на самым высокім узроўні.  Гэта выдатна, калі мы можам мець дачыненне да такой урачыстай падзеі.  Для мяне і дзяцей вельмі хвалююча і ў той жа час прэстыжна папрацаваць на маляўнічай цырымоніі. Гэта было грандыёзнае шоу. Зрэшты, усе мы адчулі сапраўднае свята.

Сёння, 22 чэрвеня, праходзяць спартыўныя спаборніцтвы па акрабатыцы,  баскетболе, боксе, мастацкай гімнастыцы, настольным тэнісе, дзюдо, самба, веласіпедным спорце на шасэ. Пажадаем усім удзельнікам II Еўрапейскіх гульняў поспехаў, бадзёрасці, атрымаць заслужаныя ўзнагароды, а гасцям мультыспартыўнага мерапрыемства – станоўчых эмоцый, яскравых уражанняў ад спартыўных баталій і гасціннай Рэспублікі Беларусь.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *