У Стоўбцах прайшоў першы раённы фестываль дзіцячай творчасці “Маленькая краіна” (фота)

Адукацыя Главное

У знакамітай песні мы чулі, што за гарамі і за лясамі ёсць маленькая краіна. Але хто раскажа, хто падкажа, дзе яна? Каб яе адшукаць, у пачатку чэрвеня мы адправіліся ў ДУА “Дзіцячы сад № 8 г. Стоўбцы”. Менавіта там два дні запар праходзіў першы раённы фестываль дзіцячай творчасці “Маленькая краіна”. Ён аб’яднаў 159 маленькіх таленавітых артыстаў з 18 устаноў дашкольнай адукацыі і двух вучэбна-педагагічных комплексаў. Таксама ў фестывалі ўдзельнічала Дар’я Далідовіч, якая пакуль не наведвае дашкольную ўстанову.

Чацвёртага і пятага чэрвеня актавая зала дзіцячага сада ператварылася ў маленькую краіну, наведаць якую прыехала мноства цікаўных, яскравых канкурсантаў. Каб прадэманстраваць свае таленты, юныя артысты Стаўбцоўшчыны спрабавалі сябе ў розных відах творчасці. Але ў асноўным маленькія ўдзельнікі фестывалю былі задзейнічаны ў харэаграфічных пастаноўках. Напрыклад, выхаванцы ДУА “Шашкоўскі дзіцячы сад” прапанавалі танец з лыжкамі на новы лад. Гучна імі грукаючы, дзяўчынкі і хлопчыкі актыўна рухаліся па сцэне, што гарманічна складалася ў танцавальны нумар з беларускім каларытам. А вось дашкольнікі ДУА “Яслі-сад № 5 г. Стоўбцы” сапраўды стварылі ўтульную атмасферу для прысутных, прадэманстраваўшы харэаграфічны нумар пад песню “Птушкі, мае птушкі”. Акрамя таго, яны арганізавалі цэлы спектакль па казцы У. Суцеева “Пад грыбам”,  дзе кожны адчуў сябе акцёрам і паспяхова выканаў сваю ролю.

Цікава было назіраць за ўдзельнікамі з ДУА “Дзераўнянскія яслі-сад”, якія пазнаёмілі гледачоў з беларускай народнай гульнёй у танцавальнай форме. Нікога не пакінуў абыякавым і вальс у іх выкананні. А вось песня “Цік-так ходзікі” ўвогуле падтрымала вясёлы настрой прысутных і прымусіла іх падпяваць.

Сярод танцавальных нумараў былі і тыя, якія закранулі бытавыя тэмы. Напрыклад, дзяўчынкі з ДУА “Яслі-сад № 7 г. Стоўбцы” падрыхтавалі музычна-рытмічную кампазіцыю “Мыем”, падчас якой актыўна змагаліся за чысціню.

Юныя артысты на раённым фестывалі з задавальненнем выконвалі песні, чыталі вершы. Чатырохгадовая Дар’я Далідовіч прадэкламавала слухачам верш “Родная мова”, тым самым прыемна здзівіўшы ўсіх сваёй падрыхтоўкай, выкананнем і пачуццёвасцю. Маргарыта Бохан, выхаванка ДУА “Яслі-сад № 1 г. Стоўбцы”, прапанавала прысутным верш “Дарагая Беларусь” Петруся Броўкі.

Адна з умоў фестывалю – выкананне беларускага народнага нумара. Усе ўдзельнікі старанна рэалізавалі патрабаванне: гучалі родная мова, музычныя народныя матывы, прысутнічалі нацыянальныя касцюмы. Беларускія народныя песні мелі асаблівую папулярнасць на фестывалі. Аліна Валчок з ДУА “Цясноўскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага” выканала песню “Мае вочы чорныя”. Выхаванцы ДУА “Навасвержанскія яслі-сад” прадэманстравалі гледачам песню “Буслік” пра адзін з сімвалаў Беларусі.

Падчас выступлення маленькіх артыстаў склалася ўражанне, што Беларусь – гэта і ёсць тая маленькая краіна, якую мы шукаем, аб якой марым. Падарожнічаючы разам з дашкалятамі па гэтай краіне, здзіўляешся іх таленавітасці, адкрытасці, бадзёрасці і любові да роднага краю. Менавіта яны, падрыхтаваўшы нумары, прадэманстравалі, што маленькая краіна знаходзіцца зусім побач, яна – у нас. І з гэтым нельга не згадзіцца.

Такі фестываль упершыню праходзіў на Стаўбцоўшчыне. Ён не толькі дапамог раскрыць юныя таленты, але і даў магчымасць дзецям адчуць сябе зоркамі на сцэне. Нездарма арганізатарамі па выніках фестывалю была прадугледжана цырымонія ўзнагароджання дыпломамі ўсіх удзельнікаў мерапрыемства. Таксама падчас двух фестывальных дзён для іх была арганізавана і забаўляльная праграма: майстар-класы, выступленне клоўна Цукеркі, спартыўныя і інтэлектуальныя гульні.

Фестываль “Маленькая краіна” сапраўды дапамог нам адшукаць гэтую краіну, разгледзець яе і пазнаёміцца з ёй бліжэй. Хочацца верыць, што мы вернемся сюды зноў. Да хуткай сустрэчы!

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *