«Беларусь помнит». Слова пра майго прадзеда

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца Спецвыпускі «Праменя»

Мой прадзед, Дзікола Леанід Іванавіч, нарадзіўся 6 мая 1924 года ў мястэчку  Гавязна Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Бацька яго быў родам з-пад Баранавіч, з вёскі Дзіколы, а маці – тутэйшая. Калі майму прадзеду споўнілася 9 гадоў, маці яго памерла. Дзяцінства было цяжкім і гаротным. У 10 гадоў ён ужо араў поле, пасвіў карову, дапамагаў бацьку і мачысе па гаспадарцы. Перад самым пачаткам вайны прадзед паступіў у Нясвіжскае педвучылішча. Ён хацеў стаць настаўнікам фізічнай культуры. Але пачалася вайна. Яна перакрэсліла ўсе яго мары. У 1944 годзе майго прадзеда прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Цяжка прыйшлося яму на вайне. Удзельнічаў ён у баях пад горадам Кёнігсбергам (цяпер г. Калінінград, Расія), на тэрыторыі Германіі, пры вызваленні Польшчы, Чэхаславакіі. Прадзед быў разведчыкам.

Я раскажу пра выпадак, які здарыўся з ім пры вызваленні Германіі. Перад адным з вялікіх баёў семярых разведчыкаў, у тым ліку і прадзеда, паслалі даведацца, дзе і ў якім стане знаходзяцца нямецкія часці. Калі яны паўзлі цераз поле, то ўбачылі зямлянку, у якой знаходзіліся нямецкія афіцэры. Адзін з разведчыкаў знянацку ўскочыў у зямлянку і крыкнуў: «Рукі ўверх!» Затым ускочылі ў зямлянку яшчэ два разведчыкі, у тым ліку і мой прадзед. Немцы не чакалі такога напору і разгубіліся. Іх арыштавалі і прывялі ў сваю часць. За ўдзел у гэтай аперацыі мой прадзед быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Быў і такі выпадак. Разведгрупа на чале з маім прадзедам заўважыла, што на вялікіх могілках схавалася шмат немцаў. Разведчыкам не было магчымасці пазваць на дапамогу сваіх сяброў-воінаў. І яны вырашылі акружыць могілкі з усіх бакоў па два чалавекі, пачалі моцна крычаць, страчыць з аўтаматаў, каб немцы падумалі, што іх шмат. Так і здарылася: разведчыкі стварылі такі шум, што немцы павылазілі з-пад кустоў, з-за магіл і здаліся ў палон.

Цяпер я разумею, што на вайне патрэбны былі не толькі смеласць, мужнасць, адвага, але часта і кемлівасць.

Прадзеда ўзнагародзілі шмат якімі медалямі і ордэнамі. На жаль, пражыў ён нядоўга. Калі яму было яшчэ толькі 54 гады, ён раптоўна памёр.

Я не бачыў прадзеда, аповеды пра яго мне расказвае мой бацька, настаўнік гімназіі № 1 г. Стоўбцы Нарановіч Леанід Іванавіч (у гонар прадзеда бацьку назвалі Леанідам).

Пасля вайны прадзед працаваў у падатковай інспекцыі і ў Стаўбцоўскім райспажыўтаварыстве.

Мне так шкада, што я яго не бачыў, не чуў яго аповедаў, але калі разглядаю фатаграфіі ў сямейным альбоме і бачу прыгожага, маладога і статнага сяржанта, то думаю аб тым, якія  няшчасці прыносіць вайна людзям. Можа, калі б не было вайны, то прадзядуля быў бы здаровым і пражыў бы намнога больш.

Уладзіслаў Нарановіч, вучань ДУА «СШ № 3 г. Стоўбцы»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *