Жыльцам рэкамендавана ўстанавіць апавяшчальнік

Ахова правапарадку Важное

На мінулым тыдні гарадская аглядавая камісія працавала на вуліцы Свярдлова ў Стоўбцах і наведала жыхароў дамоў №№ 37 і 39. Фактычна ў кожнай кватэры жыльцам была выдадзена адна і тая ж рэкамендацыя – устанавіць у жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі (АПА).

Рэкамендацыі аглядавай камісіі падтрымлівае Валянціна Бакуновіч

З больш чым двух дзясяткаў кватэр, з жыльцамі якіх удалося сустрэцца членам аглядавай камісіі, выключэннем сталі толькі дзве. Апавяшчальнікі ўстаноўлены ў кватэры адзінокай пажылой жанчыны, а таксама шматдзетнай сям’і. Большасці ж жыльцоў (а сярод іх пераважаюць людзі пажылога ўзросту, сем’і з малымі дзецьмі) кіраўнік групы № 2 гарадской аглядавай камісіі Іна Гапановіч тлумачыла: «Апавяшчальнік патрэбен для вашай бяспекі».

Гарадская аглядавая камісія, як і аналагічныя камісіі пры сельвыканкамах, пачала працаваць з канца мінулага года. Адпаведнае рашэнне было прынята райвыканкамам у мэтах павышэння эфектыўнасці пажарна-прафілактычнай работы сярод насельніцтва.

Штотыдзень члены гарадской аглядавай камісіі выходзяць на замацаваныя вуліцы. Падчас абходу не прапускаюць ніводнай кватэры. Каб ахапіць большую колькасць жыльцоў, свае выхады ажыццяўляюць у вячэрні час, выхадныя дні. У складзе камісіі – прадстаўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і міліцыі, сацыяльнай і іншых службаў, рэдакцыі газеты «Прамень».

Упэўніліся ў тым, што большасць стаўбчан адкрывае дзверы ахвотна. Не раз даводзілася чуць: «Праходзьце, праходзьце!..» Жыльцы прыязна рэагуюць, падтрымліваюць размову. Ім не прывыкаць: у кватэры і дамы перыядычна прыходзяць работнікі газавай, камунальнай і іншых службаў.

«Можна ўдакладніць інфармацыю адносна пажарнага стану вашай кватэры?» – гэта адначасова і пытанне, і просьба ад членаў гарадской аглядавай камісіі. Інфармацыя фіксуецца ў акце абследавання супрацьпажарнага стану домаўладання. У выніку – рэкамендацыя ўстанавіць у жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

У размове жанчына пенсійнага ўзросту выказала заклапочанасць: «Мы зрабілі ў кватэры рамонт, і як цяпер устанавіць гэты прыбор?» Хваляванні дарэмныя. Мацуецца ён да столі з дапамогай двух невялікіх балтоў, таму нічога не папсуецца. І, дарэчы, зрабіць гэта нескладана самім. Апошнім часам нормамі пажарнай бяспекі дазволена размяшчаць прыбор у пакоі на вышыні. Напрыклад, можна пакласці яго на шафу. Галоўнае – сачыць за тым, каб у ім батарэйка была рабочай. Для надзейнасці элемент сілкавання неабходна мяняць раз у год.

Нельга не падзяліцца і такім назіраннем. Ужо колькі сказана выратавальнікамі пра карысць АПА (у выпадку задымленасці ў памяшканні ён здольны сваім сігналам разбудзіць нават таго, хто спіць), аднак ад жыльцоў паступіла шмат пытанняў наконт таго, дзе набыць прыбор. Калі даведваліся, што цана яго – каля 15 рублёў і за набыццём не трэба ісці далёка (прыбор прадаецца ў тым ліку ў крокавай даступнасці – у магазіне гаспадарчых тавараў), то і самі здзіўляліся: «На чым мы эканомім? На ўласнай бяспецы?..»

Падчас абходу члены гарадской аглядавай камісіі звярталі ўвагу акрамя пажарнай бяспекі і на іншыя пытанні. У сям’і, дзе муж з’яўляецца інвалідам, пацікавіліся: «Якая дапамога патрэбна?» Высветлілася, што мужчына не можа трапіць на вуліцу, таму што ў доме адсутнічае безбар’ернае асяроддзе. Выкарыстоўваючы магчымасць, жыльцы і самі задавалі пытанні, якія іх хвалююць. Сярод іх – як адзінокаму пажылому чалавеку атрымаць дапамогу ў мыцці вокнаў. А ветэран працы Тамара Кулік, наадварот, падзялілася тым, якую дапамогу яна атрымала ад тэрытарыяльнага цэнтра, паказала кветкі, якія цвітуць на кожным акне яе кватэры. Людзей хвалюе і тое, што адбываеццца ў іх двары. Позна вечарам тут збіраецца моладзь, і не дае адпачываць гучная музыка. Раніцай і вечарам каркаюць вароны, якія звілі на высокіх дрэвах каля дзясятка гнёздаў.

– Людзей турбуюць розныя пытанні. Усе яны актуальныя, некаторыя закранаюць жыццё не асобнай сям’і, а цэлага мікрараёна і, зразумела, павінны вырашацца. Але ўвага да пажарнай бяспекі – гэта тое, што нельга пакідаць на потым і, тым больш, лічыць другарадным пытаннем. Мы растлумачылі неабходнасць у кватэры аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка і спадзяёмся на разуменне жыльцоў, – падвяла вынік абходу аглядавай камісіі Іна Гапановіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *