Будуюць дом і сустракаюцца з саслужыўцамі

Соцыум

Ягор Чэрнік вярнуўся з арміі 13 мая, астатнія хлопцы – на некалькі дзён пазней. Першыя тыдні пасля тэрміновай ваеннай службы яны адвялі на адпачынак, хоць час не марнуюць. Робяць захады для працаўладкавання, займаюцца звычайнымі дамашнімі клопатамі, па якіх засумавалі ў арміі.  

Сустрэча з раённым ваенным камісарам Аляксеем Дзядковым. Злева направа: Павел Дошчачка, Сяргей Кляпінін, Андрэй Ламака, Ягор Чэрнік

Да прыкладу, Ягор Чэрнік разам з бацькам узяўся за ўстаноўку новай агароджы вакол дома. Андрэй Ламака і Павел Дошчачка, таксама сельскія хлопцы, дапамагаюць бацькам на агародзе, па гаспадарцы.

А Сяргей Кляпінін адразу набыў зямельны ўчастак у Стоўбцах – хоча пабудаваць уласны дом. «Сам умею ўсё рабіць. Бацька навучыў», – пахваліўся хлопец. 27 мая, калі мы сустрэліся ў райваенкамаце, якраз адзначаўся Дзень пагранічніка, і Сяргей прама з ваенкамата паехаў у Мінск, каб убачыцца з саслужыўцамі.

На 13-й пагранічнай заставе Гродзенскага пагранатрада яны здружыліся, сталі адзін аднаму як браты. Прыходзілася затрымліваць парушальнікаў дзяржаўнай мяжы, і за гэта на ваеннай форме Сяргея Кляпініна паблісквае нагрудны знак «Выдатнік пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь». У форме малады чалавек выглядае вельмі сур’ёзным, падцягнутым. Ён тлумачыць: «Займаюся цяжкай атлетыкай». Сяргею Кляпініну прапанавалі ў ААТ «Шашкі» вакантную пасаду галоўнага інжынера. «Праз тыдзень іду на работу», – кажа ўчарашні салдат.

Ягор Чэрнік служыў у Віцебску, у дэсантных войсках, і прыехаў дамоў з рэкамендацыяй свайго кіраўніцтва. Сяржант, камандзір аддзялення, ён хоча працягнуць службу на кантрактнай аснове. Выбраў воінскую часць у Мінску – каб было бліжэй да дому. «Праходжу медыцынскую камісію, – дзеліцца Ягор. – Буду вучыцца на прапаршчыка, а ў будучым хачу стаць афіцэрам».

Армейская служба змяніла не толькі прафесію Ягора Чэрніка (да арміі ён закончыў будаўнічы каледж), але і яго ўнутраны свет. Ураджэнец Коласавых мясцін, ён заахвоціўся да чытання кніг. Гэтую добрую звычку працягвае і цяпер. Свайму малодшаму брату-васьмікласніку Ягор расказаў, як скакаў з парашутам, як ездзіў на вучэнні. Паказаў армейскія фотаздымкі. У школьніка адразу загарэліся вочы: «Хачу служыць, як ты!»

Як і Ягор Чэрнік, сваё жаданне звязаць лёс з сілавымі структурамі выказаў налібаччанін Павел Дошчачка. Служыў Павел вадзіцелем ва ўнутраных войсках (да арміі закончыў універсітэт, атрымаў спецыяльнасць інжынера-тэхнолага харчовай прамысловасці). У армію ішоў мэтанакіравана. У лік яго саслужыўцаў трапіла нямала тых, хто са Стаўбцоўшчыны. «Нам цяжкавата было развітвацца перад «дэмбелем», – заўважае Павел, – сябрам жа яшчэ паўгода несці службу».

Адчуванне часу ў арміі не такое, як дома, але ўсё роўна дзень за днём прабеглі непрыкметна. Павел прыгадвае адметныя моманты ў строгім распарадку салдацкага жыцця: Дзень часці, Дзень унутраных войскаў, спартыўныя святы. Дамоў ён прыехаў з узнагародамі за перамогі ў гіравым спорце. Яго канёк – гіра вагой 24 кг, пры яе падняцці Павел дэманструе як хуткасць, так і вынослівасць.

Майму яшчэ аднаму новаму знаёмаму, Андрэю Ламаку, выпала служыць у знакамітай Аколіцы, што пад Мінскам, у другім патрульным батальёне. На працягу года ён ахоўваў правапарадак на вуліцах і плошчах нашай сталіцы.

– Чаму навучыўся? – цікаўлюся ў Андрэя.

– Ды многаму! Фізічна «падкачаўся». Навучыўся страляць. Асвоіў метады самаабароны. Атрымаў вопыт зносін з саслужыўцамі, а падчас нясення службы на вуліцах сталіцы – з грамадзянамі. Вывучаў заканадаўства рэспублікі…»

Відавочна, што да сваёй прафесіі, інжынера лясной гаспадаркі, Андрэй дабавіў крыху новых ведаў. З гэтым багажом ён вяртаецца ў Стаўбцоўскі лясгас, на ранейшае месца працы – пасаду інжынера па стандартызацыі і сертыфікацыі. «Буду працаваць з задавальненнем, – падкрэслівае Андрэй і тлумачыць: – Мой бацька, майстар лесу ў Хатаўскім лясніцтве, навучыў мяне любіць лес».

…Жыццёвы старт ва ўсіх хлопцаў, якія адслужылі, упэўнены, з, так бы мовіць, разгоністай бегавой дарожкі. Няхай ім пашчасціць і ў асабістым жыцці, каб яны знайшлі свае палавінкі і стварылі моцныя сем’і.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *