Зумба – гэта не проста фітнес, а стыль жыцця

Главное Спорт

Чарговы панядзелак. На гадзінніку 19.30. Заводжу свой маленькі сітраен. Праз адчыненае акно адчуваю цеплыню летняга паветра. Імчуся ў месца, якое, здаецца, стала зусім родным – фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Менавіта там праз паўгадзіны пачнуцца чарговыя заняткі па зумбе. Адчыняю дзверы ў знакаміты блакітны будынак па вуліцы Ленінскай г. Стоўбцы. Ужо здалёк бачу дзяўчат у рознакаляровым адзенні. Гэта яны, актыўныя наведвальніцы заняткаў па зумбе, ужо напагатове. Падымаюся на другі паверх. Ужо з лесвіцы чуюцца рытмічныя гукі. На гадзінніку амаль 20.00. Здаецца, не спазнілася. У раздзявалцы мнагалюдна. Сярод спартсменак бачу і галоўную – Вікторыю Суднік, нашага зумба-інструктара. Усе дзяўчаты з зацікаўленасцю распавядаюць пра свае поспехі, дзеляцца навінамі за мінулыя дні. Заняткі па зумбе – гэта не толькі аб фітнесе, але яшчэ і аб сціплых душэўных узаемаадносінах. Аднак аб усім па парадку… 

«Зразумела, што гэта маё»

Вікторыя Суднік, стаўбцоўскі першаадкрывальнік зумбы, нарадзілася ў г. Старыя Дарогі. З дзяцінства марыла аб танцах, але хадзіла ў музычную школу на клас фартэпіяна. «Была ў мяне аднойчы спроба сказаць маці, што хачу займацца танцамі, аднак яна не мела ніякага поспеху», – тлумачыць Вікторыя. Таму яна працягвала прафесійна займацца музыкай і адначасова, калі была магчымасць, танцаваць. Яшчэ вучаніцай Вікторыя заўсёды арганізоўвала танцавальныя пастаноўкі, актыўна ўдзельнічала ў мерапрыемствах. Таксама займалася валейболам і вольнай барацьбой. Калі Вікторыі споўнілася 17 гадоў, яна ўпершыню наведала заняткі па аэробіцы, якія праводзіліся ў яе родным горадзе. «Менавіта тады я зразумела: гэта тое, што мяне прываблівае і чым я хачу займацца. Хадзіла спачатку два разы на тыдзень, потым тры, а калі быў час, дык амаль кожны дзень. Моцнае ўражанне ў той час у мяне выклікала наш інструктар. Яна з’яўляецца прыкладам для мяне і сёння», – расказвае стаўбцоўскі інструктар.

Пасля заканчэння школы Вікторыя паступіла ў БДУ на факультэт філасофіі і сацыяльных навук. На першым курсе выйшла замуж, працягвала завочна вучыцца, адначасова працавала і, зразумела, не забывалася пра танцы і аэробіку. Бліжэй да заканчэння ўніверсітэта пайшла ў дэкрэтны адпачынак і пераехала на радзіму мужа, у Стоўбцы. Менавіта тут і пачалася новая старонка ў гісторыі яе жыцця.

Падчас майстар-класа Надзеі Сапожнікавай і Халеда Рамадана ў Стоўбцах

Рэалізаваная мара

Пераехаўшы ў Стоўбцы, Вікторыя поўнасцю прысвяціла сябе сям’і. Аднак у 29 гадоў пачала задумвацца, што час ідзе, а мара аб любімым занятку яшчэ не рэалізавана. Гэта і стала матывацыяй. «Якраз у той час у Стоўбцы прыехала зумба-інструктар з Мінска. Яна мае сваю дачу ў в. Новы Свержань і, каб не губляць спартыўную форму, пачала праводзіць бясплатныя трэніроўкі ў РЦК для стаўбцоўскіх жанчын. Да таго часу я шмат чула пра зумбу, але яшчэ ні разу не была на такіх занятках. І вось, здаецца, тады адбыўся той пераломны момант: я зразумела, што зумба – гэта інтэнсіўная кардыётрэніроўка, якая дапамагае не толькі пазбавіцца ад лішніх калорый, але і эмацыянальна разрадзіцца. Акрамя таго, тут аб’яднаны фітнес і танцы. А што можа быць лепей?» – гаворыць Вікторыя Суднік. Амаль праз некалькі месяцаў пасля гэтага Вікторыя пачала вучыцца на зумба-інструктара. Розныя курсы, семінары, пастаянная самаадукацыя і штодзённая практыка дазволілі ёй рэалізаваць сваю мару – арганізаваць заняткі па зумбе ў Стаўбцоўскім ФАКу.

Зумба ў Стоўбцах

Першыя заняткі як самастойнага трэнера ў Вікторыі адбыліся 11 кастрычніка 2016 года. Такі від фітнесу для жыхароў горада быў новым. Многія ўвогуле не ўяўлялі, што такое зумба і для чаго яна патрэбная. «Мы зрабілі актыўную рэкламу ў ФАКу, таму падчас першых заняткаў зала не пуставала. Зразумела, некаторыя прысутныя ведалі, што такое зумба, неаднаразова глядзелі відэа ў інтэрнэце. Аднак былі і тыя, хто ўпершыню знаёміўся з такім відам фітнесу. Заняткі ў нас праходзілі два разы на тыдзень, і ўжо праз некаторы час пачала фарміравацца сапраўдная група па зумбе. Сярод яе ўдзельнікаў – жанчыны розных узростаў, розных прафесій. Сумленна кажучы, я ніколі не думала і не марыла пра тое, што ўсе мы, такія рознабаковыя, рознаўзроставыя, зможам стаць сапраўднымі сябрамі. Мы вельмі часта праводзім наш вольны час разам: выязджаем на прыроду, ездзім у кіно, арганізоўваем велапрагулкі, трэніруемся на прыродзе, калі надвор’е дазваляе. Я ўжо не ўяўляю свайго жыцця без любімага занятку і маіх дзяўчат. Я сапраўды вельмі ўдзячная лёсу, што мяне акружаюць такія добразычлівыя і спагадлівыя людзі, таму даражу тымі, хто адкрыў для сябе зумбу і стаў яшчэ больш шчаслівы разам з намі. Вельмі радуе і тое, што наш састаў пастаянна абнаўляецца і да нас прыходзяць новенькія, якія таксама ўлюбляюцца ў зумбу», – з захапленнем працягвае Вікторыя.

Наведвальніцы зумбы не толькі разам адпачываюць, але і пастаянна ўдзельнічаюць у розных майстар-класах. Напрыклад, у сакавіку гэтага года Вікторыя Суднік запрасіла ў Стоўбцы зумба-інструктараў з Мінска. Надзея Сапожнікава і Халед Рамадан прапанавалі стаўбчанкам сапраўдны мікс фітнесу і танцаў. Такога эмацыянальнага і тэмпераментнага майстар-класа Стаўбцоўскі ФАК, мабыць, не забудзе ніколі. Акрамя таго, група па зумбе часта наведвае і сталіцу. У маі ў Мінску праводзіўся майстар-клас трэнера з Расіі па зумбе для ўсіх жадаючых. Сама Вікторыя таксама пастаянна ўдасканальвае веды і наведвае майстар-класы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Там іх праводзяць сусветна вядомыя зумба-інструктары з Англіі, ЗША, Егіпта, Расіі, краін Азіі. Летам жа ў Мінску сваю дзейнасць распачынае праект «Пешаходка»,  які карыстаецца папулярнасцю ў аматараў зумбы.

 

“Маешь мэту – ідзі да яе”

На жаль, многія жанчыны не могуць пераадолець свае комплексы і прыйсці на заняткі. Хтосьці сароміцца сваей фізічнай формы, ім здаецца, што ўсе будуць глядзець толькі на іх, іншыя думаюць, што нічога не атрымаецца і будзе сорамна. Вікторыя Суднік таксама разважае на гэту тэму: “Трэба абавязкова зразумець, што жыццё ідзе і калі мы нечага хочам, то трэба дзейнічаць. Трэба абстрагіравацца ад сваіх страхаў, комплексаў, узяць сябе ў рукі і запомніць, што на трэніроўцы ўсе глядзяць на трэнера або на сваё адлюстраванне ў люстэрку, але не на вас. Калі гэта зразумееце, прыдзеце і паспрабуеце, з часам пачнеце адчуваць сябе больш вольнымі і заўважыце, як пачынае ўсе атрымлівацца. Зумба – для ўсіх: худых, тоўстых, маладых і пенсіянераў. Калі ты прыходзіш сюды, неабавязкова павінен умець танцаваць. Усё ўніверсальна, кожны займаецца ў меру сваіх магчымасцей. Хтосьці можа гадзіну танцаваць без перапынку, а многім трэба адпачыць”.

Зараз у Вікторыі група складаецца  ў сярэднім з 15 чалавек. У планах з наступнага вучэбнага года арганізаваць групу па зумбе для школьнікаў і групу па аква-зумбе.

Галоўнае – сям’я

Цяпер Вікторыі 32 гады, яна шматдзетная маці, выхоўвае трох хлопчыкаў. Акрамя таго, што ў яе ёсць любімы занятак, яна сапраўдная гаспадыня і любячая жонка. Муж Ілья працуе праграмістам у Мінску, а Вікторыя займаецца дзецьмі. А самае важнае – у маладой сям’і пануюць узаемаразуменне і згода. «Часу сапраўды на ўсё не хапае. Выхоўваць трох хлопчыкаў – не такая лёгкая справа. Калі ў мяне ўзнікла ідэя арганізаваць групу па зумбе, хвалявалася, што не атрымаецца. Але муж падтрымаў і даў згоду. Я сапраўды вельмі ўдзячна яму за тое, што ён дапамагае ажыццявіць мае мары. Курсы, семінары – ўсё гэта патрабуе не толькі часу, але і матэрыяльных затрат.

Вікторыя Суднік з мужам Ільёй і сынамі Мацвеем, Аляксеем і Уладзіславам

Ілья – сямейны чалавек, мы ўсё робім разам. Нават у Кіеў на навучанне ён ездзіў са мной. Для яго галоўнае, каб я была вясёлая, шчаслівая. Ён залаты чалавек. Мабыць, каб не яго падтрымка, я і не змагла б усяго дасягнуць. Я вельмі ўдзячна і яго бацькам – Таццяне Барысаўне і Канстанціну Канстанцінавічу. Ведаю, што ў любы час магу на іх спадзявацца. Мая маці Людміла Эдуардаўна, якая жыве ў г. Старыя Дарогі, таксама прыязджае да нас, а мы ездзім да яе. Я вельмі цаню яе падтрымку і дапамогу. Яна заўсёды мяне выслухае, падкажа, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Мы хоць і не жывём у адным горадзе, але заўсёды на сувязі.

Ядзвіга Кураш, 58 гадоў:

«На зумбу я хаджу ўжо трэці год. З дзяцінства займалася танцамі, таму, калі ў Стоўбцах з’явілася зумба, для мяне гэта стала, так бы мовіць, выратаваннем. Прыйшла я не толькі для таго, каб танцаваць, але яшчэ і каб перамагчы «комплексы» наконт узросту. Спачатку хвалявалася, што пра мяне падумаюць. А цяпер у мяне ўсё атрымліваецца, і гэта радуе. Наш трэнер Вікторыя адразу знайшла падыход да кожнага, яна заўсёды падтрымае. Прыходзячы сюды, я забываю пра ўсе хваробы, праблемы. Аднойчы доктар спытаў у мяне: «Калі вам нічога не баліць?» А я адказала: «Калі танцую». І гэта сапраўды так. Тут я знайшла не толькі занятак для душы, але і падтрымку. Вікторыя, хоць і значна маладзейшая за мяне, але мацнейшая па характары. У нас вельмі з’яднаны калектыў. Калі я не прыйшла на заняткі, то ўсе абавязкова пацікавяцца, можа што здарылася. Ездзім у Мінск на розныя майстар-класы. І, зразумела, радуе, што побач моладзь. Гледзячы на яе, табе адразу хочацца быць актыўнай, і гэта атрымліваецца».

Паліна Камёнка, 15 гадоў:

Я на зумбу хаджу ўжо больш  за паўгода. Прыходзячы сюды, адключаю свае думкі і цалкам пагружаюся ў танец. Гэта ідэальная разрадка. Тут я атрымліваю столькі задавальнення і пазітыву, што пасля многія цікавяцца, што здарылася, чаму я такая шчаслівая. Калі я тут, то адчуваю, што ў мяне быццам адкрываецца другое дыханне. Я абавязкова буду хадзіць сюды і далей. А калі паступлю вучыцца ў Мінск, то буду працягваць займацца там. Дзякуючы Вікторыі і зумбе ў мяне з’яўляецца думка аб тым, каб у будучым таксама стаць зумба-інструктарам. Што можа быць лепей – займацца любімай справай і яшчэ атрымліваць за гэта грошы?  Спадзяюся, што з часам маё хобі перарасце ў нешта больш сур’ёзнае.

Ксенія РУБІН

Фота Вольгі ДАВЫДАВАЙ

P.S. Актыўныя наведвальніцы заняткаў па зумбе дзякуюць Вікторыі Суднік за павагу, добразычлівасць і прафесіяналізм, жадаюць ёй здароўя, аптымізму, сямейнага дабрабыту і ажыццяўлення ўсіх мар.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *