26 чэрвеня — Дзень работнікаў пракуратуры

Афіцыйна

Сёння работнікі пракуратуры адзначаюць сваё прафесійнае свята. Напярэдадні свята рэдакцыя газеты «Прамень» наведала пракуратуру і ўзяла інтэрв’ю ў пракурора Стаўбцоўскага раёна Сяргея Грыцука.

– Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць работнік пракуратуры?

– Работнік пракуратуры заўсёды адрозніваецца ад іншых высокай самааддачай, адказнасцю, сумленнасцю, глыбокім веданнем сваёй справы, прынцыповасцю і патрабавальнасцю.

– З якімі пытаннямі часцей за ўсё, да вас звяртаюцца людзі?

– Спектр пракурорскага нагляду шматгранны. Часта людзі звяртаюцца па праблемах, якія не ўваходзяць у спецыфіку пракурорскага нагляду. Па сутнасці, на месцах пры правядзенні прыёму па звароце грамадзян не разглядаюцца пытанні, што хвалююць людзей, таму грамадзяне губляюць давер да таго ці іншага кіраўніка. Лічаць, што работнікі пракуратуры павінны разабрацца ў любой сітуацыі і аказаць дапамогу, няхай гэта будзе тэлефонны званок  ці гутарка.

–  На што ў першую чаргу арыентуецца пракуратура ў сваёй рабоце па барацьбе з карупцыяй?

– Пракурор з’яўляецца каардынатарам у барацьбе з карупцыяй. Асноўная задача – гэта прафілактыка. Мы не арыентуем на выяўленне перш за ўсё карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў, наша работа – прафілактыка і недапушчэнне дадзеных абставінаў.

–  Сёння, пракуратура працуе ў напрамку папярэджання,  фактаў парушэнняў заканадаўства. Якой вы бачыце ролю пракуратуры ў прафілактыцы правапарушэнняў у розных сферах?

– Яшчэ раз адзначу, што спектр работы пракуратуры ахоплівае ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства. Пачынаючы з пытанняў, якія звязаны з пракладкай асфальту, пасадкай дрэў, уборкай смецця, заканчваючы пытаннямі злачыннасці. Роля пракурора ў гэтым плане арыентавана на тое, каб прымусіць адпаведныя структуры працаваць належным чынам.

– Якія асноўныя меры прымаліся пракуратурай у 2018 годзе на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна для падтрымання законнасці?

– Пракуратура штомесяц аналізуе стан злачыннасці і правапарадку ў рэгіёне. З улікам крымінагеннай сітуацыі, якая складваецца ў той ці іншай галіне, прымаюцца адпаведныя меры рэагавання: праводзім аператыўныя, міжведамасныя нарады, накіроўваем інфармацыйныя запіскі ў раённы выканаўчы камітэт з мэтай актывізацыі работы і ўносім акты пракурорскага нагляду, пачынаючы ад прадпісанняў, прадстаўленняў і заканчваючы афіцыйным папярэджаннем, аж да ўзбуджэння крымінальнай справы.

– Якія планы на другое паўгоддзе? Якія пытанні актуальныя?

– Праца пракуратуры грунтуецца на планах. Штогод, зыходзячы з той сітуацыі, якая склалася ў нашым рэгіёне, мы распрацоўваем план работы.

Сёння назіраецца тэндэнцыя росту злачынстваў, якія здзейснены непаўналетнімі. Таксама ўзрасла колькасць крымінальна-каральных хуліганстваў і злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах. Назіраецца рост п’янай злачыннасці. Таму на наступнае паўгоддзе мы запланавалі правесці адпаведныя праверкі, каб не дапусціць росту ў даных напрамках нагляду.

Гутарыла Яўгенія Слесарчык, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *