16 чэрвеня праваслаўныя хрысціяне адзначылі Святую Тройцу.
У вялікі дзень Пяцідзесятніцы ў беларускіх вёсках існуе старадаўняя традыцыя адзначаць Сёмуху, ладзіць фэст. Тройца ўваходзіць у цыкл святочных дзён, якія пачынаюцца з чацвярга сёмага тыдня пасля посту. Святы доўжацца сем дзён, адсюль і назва – Сёмуха. У гэты дзень звычайна ўпрыгожвалі хаты зялёнымі галінкамі, часцей за ўсё бярозавымі. Для жыхароў вёсак гэтыя дні заўсёды лічыліся развітаннем з вясной і сустрэчай з летам.
З нагоды свята Марына Халецкая і Ала Янская, супрацоўнікі цэнтра народнай творчасці ў в. Яблынаўка, арганізавалі фальклорна-забаўляльнае мерапрыемства»Завіванне бярозкі».
Па-святочнаму прыбраная тэрыторыя ля цэнтра народнай творчасці ў в. Яблынаўка гасцінна сустрэла ўсіх, хто ў гэты дзень вырашыў тут пабываць. Прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з суседніх населеных пунктаў. Адразу ж загучала музыка. На імправізаванай сцэне гучна і заўзята спявалі песні ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля «Коласавы землякі».
Праграма яблынаўскай Сёмухі ў гэтым годзе была незвычайная і насычаная: карагоды, гульнявыя праграмы, пляценне вянкоў з бярозавых галінак, абрад «Ваджэнне куста».
На стале красаваўся каравай, трапяталі пад ветрам святочныя стужкі, актыўна вёўся вулічны гандаль. Акрамя гэтага, наведвальнікаў свята чакалі танцавальная праграма, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзіцячыя атракцыёны.
Мясцовыя жыхары і госці прыбіралі ў бярозавае лісце лепшую прыгажуню ў вёсцы – такая традыцыя пачатку старога абраду «Ваджэнне куста». Пасля пераапранутая дзяўчына дакраналася сваімі «галінкамі» да кожнага госця, жадаючы шчасця і дабрабыту.
Свята Сёмухі доўжылася некалькі гадзін, госці прыязджалі і ад’язджалі, весяліліся і адпачывалі. Арганізатары шчыра сустракалі гасцей, спадзеючыся, што маштабы свята з кожным годам будуць толькі шырыцца.
Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара