Бліц-апытанне: чаго чакаюць стаўбчане ад II Еўрапейскіх гульняў

2 Европейские игры Спорт

Мультыспартыўнае мерапрыемства пачалося 21 чэрвеня з феерычнай цырымоніі адкрыцця. Чаго яшчэ, акрамя перамог нацыянальнай зборнай, чакаюць жыхары нашага рэгіёна?

Раман Кузняцоў, дырэктар ДУ  «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна»:

– Гэта значнае мерапрыемства, на якое прыехала шмат спартсменаў і гасцей з іншых дзяржаў. Яны ўбачаць нашу інфраструктуру, магчымасці  правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў, пазнаёмяцца з методыкай выкладання і трэніровачным працэсам па падрыхтоўцы спартсменаў да гульняў, даведаюцца аб менталітэце і гасціннасці нашай краіны. Учора я пабываў на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы і атрымаў незабыўныя ўражанні ад напалу эмоцый, якія луналі ў зале. Хачу пажадаць зборнай камандзе Беларусі годна прадставіць краіну. Каб не толькі мы, але і іншыя дзяржавы ганарыліся нашымі спартсменамі і ўзроўнем іх фізічнай падрыхтоўкі.

Дзмітрый Сцепанюк, дырэктар ФАЦ Стаўбцоўскага раёна:

– Еўрапейскія гульні стаяць нароўні з алімпійскімі, таму для нашай краіны гэта вельмі знакавае мерапрыемства. Для нашых спартсменаў гэта магчымасць праявіць сябе. Для мяне – паглядзець на лепшых спартсменаў Еўропы. Для работнікаў комплексу былі набыты білеты на спаборніцтвы па настольным тэнісе і барацьбе. Асабіста буду хварэць за Уладзіміра Самсонава і хачу ўбачыць, як гуляе нямецкі спартсмен Ціма Боль. Вельмі чакаю, што наша зборная каманда заваюе вялікую колькасць медалёў, а таксама зможа дасягнуць добрых вынікаў і палепшыць тыя, якія ўжо ёсць.

Ягор Падольскі, выконваючы абавязкі першага сакратара раённага камітэта ГА «БРСМ»:

– Хачу пажадаць нашым спартсменам заняць годнае месца ў рэйтынгу. Спадзяюся, што пасля правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў штогод будзе павялічвацца колькасць спартыўных спаборніцтваў у нашай краіне. Да правядзення гульняў, а таксама чэмпіянату свету па хакеі ў рэгіёнах і г. Мінску пабудавана вялікая колькасць спартыўных аб’ектаў і гасцінічных комплексаў, гэта дапаможа нам павысіць цікавасць да здаровага ладу жыцця. Члены ГА «БРСМ» прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні ІІ Еўрапейскіх гульняў, гэта  паслужыць ім добрым прыкладам, і яны, як і знакамітыя спартсмены, змогуць падняцца на п’едэстал пашаны.

Ксенія Рубін, рэдактар радыё дзяржаўнай установы «Рэдакцыя газеты «Прамень» і праграмы радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы»:

– Гэтае мультыспартыўнае мерапрыемства стварыла станоўчы імідж нашай рэспублікі. Папярэдняя падрыхтоўка і піяр-кампанія да ІІ Еўрапейскіх гульняў паказалі, што Беларусь гатова і можа стаць сусветнай пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў такога ўзроўню. Таксама для гасцей нашай сталіцы арганізаваны шырокі спектр турыстычных паслуг, што дазволіць у будучыні прыцягваць у нашу краіну не толькі балельшчыкаў спартыўных мерапрыемстваў, але і турыстаў. Жадаю, каб кожны змог раскрыць свой патэнцыял і магчымасці, каб на спартыўным алімпе з’явіліся новыя імёны.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *