Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Падзеі і здарэнні

У пажарнай часці зафіксавалі 23 выезды на загаранне смецця і сухой расліннасці. Па гэтай прычыне гарэў лес – 28 і 29 сакавіка на плошчы 0,02 і 0,03 га, у абодвух выпадках – на тэрыторыі Акінчыцкага лясніцтва. У Тонаве дачнік-мінчанін, выпальваючы траву, спаліў суседні дом. За пагрозу распаўсюджвання агню ў пажаранебяспечны перыяд парушальнікі (г. Стоўбцы, вуліца Танкістаў, 2; в. Задвор’е, вуліца Маладзёжная, 19; аг. Дзераўная, вуліца Калгасная, 60 і іншыя) аштрафаваны на 5-30 базавых велічынь. На працягу красавіка  па сельсаветах будуць арганізаваны сумесныя рэйды з супрацоўнікамі міліцыяі, лясгаса і іншымі для выяўлення падпальшчыкаў.  

 Міліцыяй зарэгістраваны 112 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны сем крымінальных спраў, у шасці з іх устаноўлены падазраваемыя. Злодзей выкраў з двара ў Цеснавой дарожны веласіпед. Махляр двойчы падмануў кіяскёра гандлёвага павільёна і шляхам злачынных дзеянняў завалодаў 1 340 000 рублёў, чым нанёс страты РУП «Мінаблсаюздрук».

. Стаўбцоўская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету нагадвае, што з 1-га красавіка (па 30 мая) пачала дзейнічаць забарона на адлоў усіх відаў рыбы ў сувязі з нерастам. За кожную незаконна здабытую рыбіну прыйдзецца заплаціць у трохкратным памеры.

Пракуратурай раёна вынесена прадпісанне ў адрас начальніка філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» –»ДРБУ № 135″ за нездавальняючы стан аўтадарогі Аталезь – Сула, які стварае пагрозу бяспецы дарожнага руху (мноства глыбокіх выбоін прымушае выязджаць на сустрэчную паласу для аб’езду, за неналежны стан абочыны). 

Суд прыгаварыў да аднаго года пазбаўлення волі 22-гадовага жыхара пасёлка Нёман, не раз судзімага, які ўхіляўся ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі. На 20 базавых велічынь кожны аштрафаваны трое грамадзян – жыхары Вязаўца, Цвірак і Дзераўной, якія ажыццявілі самавольнае ўзвядзенне жылых і гаспадарчых пабудоў. 39-гадовы стаўбчанін, які парушыў грамадскі парадак і пры гэтым непадпарадкаваўся патрабаванням участковага інспектара міліцыі, пакараны штрафам на суму, роўную чатыром базавым велічыням.  

ДАІ выявіла 189 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – восем п’яных і 14 бяспраўных вадзіцеляў, 21 недысцыплінаваны пешаход. Падчас акцыі «Цвярозасць – норма на дарогах», што завяршылася 30 сакавіка, затрымана восем нецвярозых вадзіцеляў і вадзіцеляў, якія адмовіліся прайсці агляд. Здарылася 12 дарожных аварый. 27 сакавіка каля 10.00 на вуліцы 17 Верасня ў Стоўбцах вадзіцель райспажыўтаварыства, кіруючы аўтамабілем «ГАЗ-3309», падчас левага павароту не саступіў дарогу аўтамабілю «Рэно-19». У выніку сутыкнення пацярпела пасажырка іншамаркі. Жанчына змешчана ў бальніцу. 

«Хуткая» выязджала да хворых 174 разы, у прыватнасці, сем сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *