У аздараўленчым лагеры «Нёман» стартавала другая працоўная змена

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

У мінулыя выхадныя ў аздараўленчым лагеры «Нёман» была адкрыта новая старонка студатрадаўскага руху – дадзены старт другой працоўнай змене.

Студэнцкі атрад – гэта незабыўнае лета,  каманда сяброў,  нязменнае развіццё, раскрыццё талентаў і здольнасцяў, а галоўнае – магчымасць быць часткай вялікага  руху, які аб’ядноўвае рэгіёны і пакаленні.

Ад раённага аб’яднання ГА «БРСМ» і аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама маладых грамадзян віталі выконваючы абавязкі першага сакратара БРСМ Ягор Падольскі і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анастасія Віслаўская.

У сваім выспупленні Ягор Юр’евіч падкрэсліў, што за летнюю азадараўленчую кампанію будзе працаўладкавана больш за 70 маладых юнакоў і дзяўчат. Студэнцкія атрады – гэта не толькі гарантаваная занятасць, магчымасць атрымаць працоўныя навыкі, але і зарабіць у летні час, а таксама накіраваць сваю энергію ў патрэбнае рэчышча.

У другую змену ў аздараўленчым лагеры «Нёман» у склад атрада працоўнай моладзі ўвайшло 10 чалавек. Дзейнасць педагагічнага атрада накіравана на работу з дзецьмі ў якасці выхавацеляў і педагогаў. Каб даведацца, якія ўмовы і магчымасці дае праца ў студатрадзе, мы пагутарылі з Хрысцінай Кавалёвай, выхавацелем лагера «Нёман» і ўдзельніцай педагагічнага атрада.

– Хрысціна, кім ты працуеш па-за межамі лагера?

– Працую настаўніцай. У 2018 годзе скончыла Беларускі  дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.  Танка па спецыяльнасці «Хімія. Біялогія», па размеркаванні трапіла ў Рубяжэвіцкую сярэднюю школу.

– Як ты працаўладкавалася ў лагер «Нёман»?

– Летні адпачынак у нас – педагогаў – вялікі, таму, каб не губляць каштоўны час, вырашыла падзарабіць грошай. А праца выхавацелем у лагеры не патрабуе ад мяне шмат намаганняў, таму што вельмі люблю дзяцей. З’яўляюся класным кіраўніком вучняў пятага класа, цяпер шостага (смяецца), якія таксама будуць адпачываць у лагеры. Таму  па прапанове адміністрацыі ўстановы адукацыі я звярнулася ў РА ГА «БРСМ» і запісалася ў студатрад.

– Ці чула ты раней што-небудзь пра студатрады?

– Вядома ж, са школьнай праграмы па гісторыі памятаю пра камсамольскія будоўлі і разумею, што гэта своеасаблівая традыцыя. Магчымасць не толькі зарабіць грошы, але і пазнаёміцца з іншымі людзьмі, набыць вопыт, зарэкамендаваць сябе.

– Ці ведаеш, якія яшчэ студатрады будуць працаваць на тэрыторыі раёна?

– Так, ведаю. Шмат маладых грамадзян будуць працаваць у сэрвісных атрадах на базе Стаўбцоўскага АКС і УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ», а таксама ў сельскагаспадарчым  атрадзе  на базе ААТ «Агранёманскі».

– Што бы ты змяніла ці дадала ў арганізацыю работы студатрадаў?

– Напэўна, я павялічыла б колькасць арганізацый, якія могуць прымаць маладых юнакоў і дзяўчат на працу.

– Ці падабаецца табе працаваць у лагеры?

– Я пакуль яшчэ не з усімі пазнаёмілася, але, напэўна, мы станем адной камандай.

– Зараз у краіне праходзяць ІІ Еўрапейскія гульні. Што ты пажадаеш нашым спартсменам?

– Ну, вядома, лёгка сказаць, каб медалёў было больш. Пажадаю поспеху, бо гэта і  ёсць заклад перамог!

– Дзякуй, цікавай табе змены і ўдачы!

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *