«Сямья». Васіль Забродны ўмацоўваецца ў сваім статусе клапатлівага бацькі

Соцыум Спецвыпускі «Праменя» Сям'я

Вячаслаў і Маргарыта з любімай бабуляй

Для службы аховы дзяцінства ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама заўсёды вялікая радасць, калі дзеці з аддзялення дзіцячага прытулку, з інтэрнатаў, дзіцячых дамоў вяртаюцца ў  родныя сем’і, а тым больш, калі здараюцца выпадкі аднаўлення бацькоў у бацькоўскіх правах. Разам з загадчыцай сектара выхаваўчай і спартыўна-масавай работы і аховы дзяцінства Аленай Гамза мы не раз выязджалі ў гэтыя сем’і, каб парадавацца такім шчаслівым падзеям. І на гэты раз Алена Станіславаўна папрасіла нас падтрымаць сям’ю з Зарэчча, у якой бацька Васіль Забродны адноўлены ў бацькоўскіх правах. Факт гэты адметны, таму што часцей у бацькоўскіх правах аднаўляюцца жанчыны, а тут ініцыятарам вярнуць дзяцей у сям’ю стаў бацька.

Мы з вялікім інтарэсам сустрэліся з Васілём Забродным. Ён такасама рады свайму статусу. З любоўю расказвае пра дзяцей Вячаслава і Маргарыту, якія паспяхова вучацца ў Засульскай сярэдняй школе. З вялікай удзячнасцю гаворыць пра сваю маці Галіну Аляксандраўну Суганяка, якая ў цяжкі перыяд яго жыцця ўзяла клопат пра дзяцей, зрабіла ўсё для таго, каб забраць іх з прытулку. Прыкладвала і прыкладвае цяпер нямала сіл у клопаце пра дзяцей, іх выхаванне. У Васіля Уладзіміравіча задача зарабіць на сям’ю, каб дзеці былі забяспечаны ўсім, што патрэбна для іх развіцця, і не адчувалі сябе чымсьці абдзеленымі на фоне сваіх равеснікаў.

Васіль Забродны працуе аператарам на сучаснай рабатызаванай ферме ў ААТ «Каганец». Той выпадак, калі варта сказаць добрае слова ў адрас дырэктара Пятра Малахава, які даверыў Васілю Заброднаму працаваць на аўтаматызаванай дойцы, кіраваць скаладанай камп’ютарнай тэхнікай. Аператар апраўдвае давер кіраўніцтва.

Васіль Уладзіміравіч выказаў удзячнасць не толькі кіраўніцтву сельскагаспадарчага таварыства за такую своечасовую падтрымку і дапамогу, але і дырэктару і педагогам Засульскай школы. Жыць у вёсцы – як на вітрыне: усё тут пра ўсіх ведаюць. Знаходзіліся людзі, якія праяўлялі недалікатнасць, непатрэбную цікаўнасць, лезлі да дзяцей з пытаннямі, ускладнялі і так іх нялёгкі псіхалагічны стан. І так дарэчы была правільная пазіцыя педагогаў, іх узважаная прафесіянальная падтрымка.

Васіль Забродны, скарыстоўваючы магчымасць, папрасіў праз газету звярнуцца да ўсіх, хто мае залежнасць, каб сказаць, што патрэбна толькі жаданне, і можна вярнуцца да нармальнага ладу жыцця. У гэтым дапамогуць наркалагічныя службы медыцынскіх устаноў.

–       Я не чакаў нават такой падтрымкі, чым быў вельмі ўражаны, дзеліцца перажытым Васіль Уладзіміравіч. – Урач псіхіятр-нарколаг наркалагічнага кабінета райпаліклінікі стаўбцоўскай бальніцы Яўгеній Бахар праявіў такт, сваімі ўважлівымі і паважлівымі адносінамі да мяне выклікаў мой давер. Пасля таго як я прайшоў амбулаторна курс лячэння пад яго кіраўніцтвам у наркалагічным кабінеце, Яўгеній Міхайлавіч звязаўся з аддзяленнем рэабілітацыі «Исток», якое функцыянуе пры мінскім абласным клінічным цэнтры «Псіхіятрыя-наркалогія». Тэрмінова правёў усю арганізацыйную работу, каб мяне прынялі на лячэнне. І ўжо назаўтра я адправіўся ў цэнтр «Исток». Там працуюць вопытныя спецыялісты, у ліку іх Валерыя Пагоская, адзін з вядучых псіхатэрапеўтаў Беларусі. Яны культурныя, далікатныя, прыемныя людзі, якія з разуменнем адносяцца да чалавека. Цэнтр праводзіць эфектыўнае лячэнне залежных асоб. Я вярнуўся з медыцынскай установы з іншым адчуваннем жыцця, з жаданнем рэабілітаваць сябе ў сваёй сям’і, у грамадстве. На ўласным прыкладзе ўпэўніўся, наколькі прафесіянальна працуе наркалагічная служба, як нашай раённай бальніцы, так і ў сталіцы, дзе я лячыўся. Урач Яўгеній Бахар у наркалагічным кабінеце ажыццяўляе далейшае суправаджэнне на шляху майго выздараўлення. Хачу звярнуцца да людзей, якія трапілі ў вялікую бяду алкагольнай залежнасці, што гэтую асабістую трагедыю можна пераадолець, патрэбна толькі мець жаданне гэта зрабіць. Для тых, хто стаіць на ўліку ў наркалагічным кабінеце, ёсць магчымасць атрымаць бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя» і ў аддзяленні рэабілітацыі «Исток» Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія».

Цяпер у дзяцей летнія канікулы. Вячаслаў і Маргарыта са сваёй любімай бабуляй, вялікім аматарам збору грыбоў і рыбалкі, шмат часу праводзяць у лесе, ля вадаёма. Набіраюцца сіл перад новым навучальным годам. Васіль Уладзіміравіч не адмаўляецца ад дадатковых начных дзяжурстваў на ферме, каб зарабіць сродкі і патраціць іх на падтрыхтоўку дзяцей да школы. Сям’я згуртавалася, усе разумеюць, што патрэбна замацаваць гэтыя здаровыя пазіцыі, на якія сталі, утрымацца, даказаць у першую чаргу сабе, што заўсёды можна ўстаць, калі ўпаў. Пераадолець залежнасць па сіле валявым людзям, што падымае іх на вышыню. З павагай да Васіля Заброднага пажадаем яму ўмацоўвацца ў сваім статусе клапатлівага бацькі, добрага сем’яніна. Дзеці ўжо адказваюць на гэты пазітыў і любоў – сваёй стараннай вучобай. У Маргарыты, напрыклад, сярэдні бал атэстата за восьмы клас – 8,4. Так што светлае будучае на далоні.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *