Пажаданні механізатара ўлічылі

Нумары Ураджай

image_pdfimage_print

Удала складваецца сёлетняя веснавая пасяўная для хлебаробаў ААТ «Каганец». Яны ў ліку першых  напрыканцы сакавіка вывелі на палеткі пасяўныя агрэгаты і першыя ў раёне пасеялі раннія яравыя збожжавыя, якія  занялі плошчу 570 гектараў. Увесь яравы клін складае ў таварыстве 1070 гектараў. 

– Надвор’е спрыяе выкананню палявых работ, –  гаворыць галоўны аграном Дзмітрый Вашкевіч. –  Таму як толькі пацяплела і прагрэлася глеба, мы  вырашылі пачаць пасяўную,  у мінулыя ж гады сеялі толькі у першых чыслах красавіка. Думаю, што паступілі правільна. Высявалі элітнае насенне перспектыўных сартоў, якое набываем у Чэрвеньскім раёне. Супрацоўнічаем з тамтэйшым элітгасам чацвёрты год запар. Нашы механізатары надзейна падрыхтавалі тэхніку і працягваюць шчыраваць без паломак.

На сяўбе ранніх яравых збожжавых былі заняты  вопытныя механізатары Іван Малчанаў і Яўген Шляўм. У распараджэнні абодвух камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. Дарэчы, Івану Васільевічу напярэдадні пасяўной даручылі новы АПП-6Д вытворчасці ААТ «Лідааграпраммаш».

– Тэхніка неблагая і скажу, што даўно мне знаёмая, бо гадоў шэсць назад навукоўцы прывозілі яе да нас на выпрабаванне, – расказвае механізатар. – Тады яна была яшчэ «сырая», і я прымаў самы непасрэдны ўдзел у даводцы гэтага пасяўнога агрэгата да ладу. Бачу, што мае пажаданні распрацоўшчыкамі  ўлічаны.

Штодзень руплівы механізатар засяваў раннімі збожжавымі культурамі звыш трыццаці гектараў. Столькі ж за змену было і на рахунку Яўгена Шляўма, у распараджэнні якога пасяўны агрэгат вытворчасці ААТ «Брэсцкі электрамеханічны завод». Удваіх яны паспяхова справіліся з даручанай  важнай работай.

Ранняя вясна настройвае хлебаробаў на мажорны лад. Механізатары таварыства парупіліся і своечасова закрылі вільгаць. Дарэчы, зябліва ўзаралі  восенню. У глебу ўнесена звыш 23 тысяч тон арганічных угнаенняў, пераважна пад цукровыя буракі і кукурузу, а таксама пад яравую пшаніцу. Старанна  выканала гэтую работу механізаванае звяно.

– Добра перазімавалі азімыя, якія знаходзяцца зараз у выдатным стане, – дадае Дзмітрый Яўгеньевіч. – Мы іх своечасова падкармілі азотам, і вегетацыя пайшла весялей. Спадзяёмся на неблагі ўраджай як азімых, так і яравых збожжавых, бо заправілі глебу  мінеральнымі ўгнаеннямі поўнасцю. Трывога, зразумела, застаецца, таму што надвор’е заўсёды трымае нас у напружанні.

На здымку: шчыруе на сяўбе механізатар Іван Малчанаў.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *