Маладыя эканамісты аб працы ў ААТ «Каганец»

Важное Сельская гаспадарка

Яўгеній і Настасся Нікіфаравы прыехалі працаваць у ААТ «Каганец» пасля заканчэння эканамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці «сусветная эканоміка» і магістратуры. Валодаюць англійскай і польскай мовамі. Апошнюю вывучылі, калі праходзілі практыку ў Шчэціне. Перспектыўныя маладыя спецыялісты.

Яўгенія адразу ж прызначылі галоўным эканамістам, Настасся працуе эканамістам.

– Нам пашанцавала, бо трапілі ў эканамічна моцную гаспадарку, – гаворыць Яўгеній. – Трэба было падтрымліваць напрацаваны да нас імідж і прымяняць атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы. Адразу прыходзілася нялёгка, бо ў сельгасвытворчасці зусім іншая спецыфіка, у якой мы не мелі ніякага вопыту работы. Дапамагала спасцігаць «азы» галоўны бухгалтар Гелена Эдвардаўна, раіліся  са спецыялістамі іншых таварыстваў і неўзабаве ўвайшлі ў курс спраў.

Сёння кожны кіраўнік без талковага эканаміста як без рук, бо гэта галоўная асоба на любым прадпрыемстве.

– З кожным годам тэмпы вытворчасці малака і мяса нарошчваюцца, і нам не ўсё роўна, колькі каштуе сельгаспрадукцыя, куды яе рэалізаваць, і што мы за яе атрымаем, бо ад гэтага залежыць развіццё гаспадаркі і, зразумела, узровень заработнай платы людзей, вырашэнне сацыяльных праблем, – падкрэслівае дырэктар Пётр Малахаў. – Работай галоўнага эканаміста задаволены. Яўгеній валодае аналітычным розумам. Пралічвае ў сваёй рабоце ўсе варыянты і выбірае найбольш эканамічна выгадны.

Маладым спецыялістам кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла дом з выгодамі. Купілі мэблю, набылі ўласную аўтамашыну, на якой ездзяць у госці да бацькоў у Клецкі раён і на Віцебшчыну. У вольны час любяць чытаць, катацца на веласіпедах. Яўгеній умее гуляць у баскетбол, нядаўнім хобі для яго была ігра на гітары.

– Гэтымі днямі больш часу ў нас адбірае агарод, – уступае ў размову Настасся. – Плануем неўзабаве схадзіць у лес, бо любім збіраць ягады і грыбы.

Маладыя людзі гавораць, што зрабілі правільны выбар, калі вырашылі паступіць на эканамічны факультэт. Работа ім падабаецца.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *