Былыя вязні падарылі свой аптымізм

Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное

Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» арганізаваў дабрачынную акцыю «Клопат» для былых вязняў.

Акцыя была прадугледжана для непаўналетніх і паўналетніх вязняў, інвалідаў дзяцінства, якія атрымліваюць пенсію па страце кармільца і маюць інваліднасць. Разам з віншаваннямі і паштоўкай-трохкутнікам ад Прэзідэнта краіны кожнаму з іх перадалі прадуктовыя наборы, якія прадставіла грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд міласэрнасці і здароўя».

У некаторых адрасатаў гэтай акцыі разам з прадстаўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра – спецыялістам па сацыяльнай рабоце Марынай Еўстратчык і загадчыкам аддзялення Сяргеем Есісам – пашчасціла пабываць і журналісту газеты. Паездку суправаджала знаёмства з цікавымі людзьмі, якія, нягледзячы на перажытае, на хваробы ды балячкі, не страцілі веру ў дабро. У свае 80 і больш гадоў яны захавалі любоў да жыцця. Характэрна і лагічна, што іх старасць абагрэта ўвагай дзяцей і ўнукаў, а старэнькія сядзібы многіх не пазнаць пасля сучаснага рамонту. Яны з новымі вокнамі, блішчаць на сонцы свежай фарбай, вакол іх –   агароджы з металапрофілю, дагледжаныя клумбы…

Работнікі Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра Марына Еўстратчык і Сяргей Есіс у былога непаўналетняга вязня Станіслава Трубіша з вёскі Пятрылавічы

Каля дома Станіслава Трубіша з вёскі Пятрылавічы растуць не толькі кветкі, але нават і суніцы. Кусцікі хораша цвітуць, ды і ягадкі, духмяны ласунак, ужо пачырванелі. Гаспадар убачыў нас з акна і заўсміхаўся. Ён жыве з дачкой. Усё ў яго ў парадку, настрой – цудоўны. «Выходжу на двор, каб пасядзець у халадку», – гаворыць Станіслаў Сцяпанавіч пра свае цяперашнія клопаты.

У Налібаках нас сустракае Марыя Рацько. Жанчына прысела на канапе. Дзеці вядуць рамонт у доме, у тым ліку і ў пакоі Марыі Карлаўны. «Малайцы, хай робяць, як ім падабаецца, – кажа Марыя Карлаўна і тлумачыць: – Я ўжо не маю сілы, здала паўнамоцтвы гаспадыні дачцэ».

Раней Марыя Рацько працавала ў мясцовай школе. Была тэхнічкай, поварам. Пасля вайны закончыла тры класы вячэрняга аддзялення школы. У яе шэсць гадоў, калі дзеці звычайна ідуць у школу, сям’ю вывезлі ў Германію. Працавалі. Елі гнілую бручку. Марыя захварэла, але выжыла. Пазней яна выйшла замуж таксама за былога вязня. Яго ўжо няма ў жывых. У бабулі сёння восем унукаў і шэсць праўнукаў.

Жыве з аптымізмам Марыя Рацько

– Так хораша жыць, усяго ўдосталь. Галоўнае – каб было здароўе, – гаворыць на развітанне Марыя Рацько.

Фелікса Нахая з Церабейнага сустрэлі па дарозе ў магазін. Хата яго наводшыбе, таму бярэ з сабою веласіпед. Да багажніка прыстроена карзінка, каб не несці прадукты ў руках. Падспор’ем мужчыну, які жыве адзін, будзе і прадуктовы набор, перададзены падчас акцыі.

З Янінай Вайткевіч з Дзераўной сустрэліся не адразу. З раніцы жанчына пайшла ў касцёл, потым зазірнула ў мясцовую бальніцу. У гэтай бальніцы яна адпрацавала ўсё жыццё медсястрой. Дзераўнянцы і сёння ідуць да яе, калі трэба зрабіць укол, атрымаць параду.

Віншаванні Яніне Уладзіміраўне перадаём, падкрэсліваючы яе жаночую вабнасць, душэўную маладосць (у вачах скачуць агеньчыкі), працавітасць (каля дома – цэлы «батанічны сад» з вазонаў). «У мяне такіх трохкутнікаў многа», – эмацыянальна рэагуе жанчына.

Фелікса Нахая сустрэлі па дарозе ў магазін

Яна расказвае, як вывозілі іх у жніўні 1943-га з хутара непадалёку Церабейнага. Да Стоўбцаў ехалі на конях, а там пагрузілі ў таварныя вагоны. У Беластоку прайшлі праз дэзкамеры, і іх сям’ю забраў гаспадар маёнтка непадалёку ад Берліна. Матуля хадзіла на палявыя работы, а яны, двое старэйшых дзяцей, глядзелі малога брата. Асабліва ўрэзаўся ў памяць момант заканчэння вайны. Як па-дзіцячы пляскалі ў ладкі і гучна крычалі пра перамогу. А пры вяртанні дадому на вакзале ў Стоўбцах здарыўся кур’ёз: з вагонаў скідвалі мяхі з вопраткай і рэчамі і прынялі ўхутаную дзяўчынку Яніну за такі мех… На шчасце, усё абышлося добра.

Сацыяльны работнік Вера Гурневіч, якая абслугоўвае Яніну Вайткевіч і яшчэ 11 пажылых людзей у дзераўнянскіх ваколіцах, дадае пра сваю падапечную: «Яніна Уладзіміраўна пячэ цудоўныя пірагі! Людзі цягнуцца да яе».

Яніна Вайткевіч (справа) з сацыяльным работнікам Верай Гурневіч: яна і выглядае цудоўна, і душой маладая

Сярод былых вязняў, каму былі перададзены віншаванні, – таксама Ганна Белановіч (Мархачоўшчына), Леанора Лукашэвіч (Церабейнае), Паліна Пазняк і Галіна Уладыс (Шашкі), Кацярына Казлоўская і Ніна Цвірка (Стары Свержань), стаўбчане – Яніна Гарэлік, Ніна Лапко, Ганна Купчунене, Анатоль Сяргун, Міхаіл Кубрын.

Дабрачынная акцыя ад тэрытарыяльнага цэнтра суправаджалася падарункамі для былых вязняў, а мне здаецца, што гэта яны, былыя вязні, падарылі нешта важнае нам, сучаснікам, – у выглядзе аптымізму, чалавекалюбства, мудрасці. Дзякуй ім!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *