У Старым Свержані пачала працаваць трэнажорная зала, куды прыходзяць падлеткі, мясцовыя жыхары і іншыя жадаючыя.
Больш за год ішло абсталяванне падвальнага памяшкання, размешчанага ў Старасвержанскім Цэнтры культуры. Калісьці там знаходзілася більярдная, але апошнім часам вялікае памяшканне проста пуставала. Работнікі інспекцыі па справах непаўналетніх вырашылі адрамантаваць яго сваімі рукамі – з прыцэлам, што трэнажорная зала прыцягне з вуліцы ў першую чаргу так званых цяжкіх падлеткаў, асабліва ў летні канікулярны перыяд, калі важна заняць кожнага непаўналетняга, калі міліцыя сумесна з зацікаўленымі службамі праводзіць міжведамасную прафілактычную акцыю «Клопат».
Па дапамогу звярнуліся да дырэктара ААТ «Агранёманскі» Іосіфа Меляшкевіча, які ва ўсім падтрымаў нас. З дапамогай гаспадаркі закуплены спортінвентар, сантэхніка для душавога пакоя і туалета, неабходныя будаўнічыя матэрыялы. Электрык гаспадаркі дапамог зрабіць у зале асвятленне.
У трэнажорнай зале ўстаноўлены комплексны сілавы трэнажор для ўсіх груп мышцаў, велатрэнажоры, ёсць баксёрская груша, штанга. Супрацоўнікі інспекцыі прынеслі з дому гантэлі, іншыя спартыўныя прыстасаванні. Мясцовая школа падзялілася тэнісным сталом, а Цэнтр культуры закупіў на ўсю сцяну люстэркі. Заняткі з падлеткамі ў трэнажорнай зале – бясплатныя, а праводзіць іх работніца Цэнтра культуры Ірына Крывіцкая.
Самы галоўны вынік – трэнажорная зала, зробленая агульнымі намаганнямі, не пустуе.
Міхаіл ТУРКО, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі