Працаўнікі ААТ «Агранёманскі» па тэмпах правядзення палявых работ у кагорце лідараў. Яны паспяхова завершылі сяўбу ранніх яравых збожжавых. Вызначыліся на гэтай рабоце Дзмітрый Сагайдакевіч і Аляксандр Гірлоўскі. Тры дні назад агранёманцы першымі прыступілі да сяўбы кукурузы на зерне (рупіцца на палетках Аляксандр Пухоўскі) і цукровых буракоў (шчыруе Анатоль Казлоўскі). У набраных тэмпах заслуга механізатараў Аляксандра Фалюка, Арцёма Дарашэвіча, Антона Букаты і Уладзіміра Кішэні, якія якасна і своечасова рыхтуюць глебу.
– Вялікі дзякуй нашым шэфам, якія аказваюць дапамогу, – гаворыць намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі. – Гэта Аляксандр Дошчачка з ДУП «Стаўбцоўскае ПМС» і Алег Бохан са Стаўбцоўскіх электрасетак.
НА НОВЫМ РАССЕЙВАЛЬНІКУ
Гэтымі днямі на ўнясенні мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу на палетках ААТ «Шашкі» задзейнічана новая тэхніка. А іменна, высокапрадукцыйны і эканомны ў выкарыстанні РМУ-8000. Кіраўніцтва таварыства запланавала такую пакупку напрыканцы сакавіка, бо дзве «Альфы» не спраўляліся з вызначаным аб’ёмам работ. У мінулую пятніцу рассейвальнік мінугнаенняў з’явіўся на мехдвары. Выпускае тэхніку ДП «Шчучынскі рамонтны завод». Каштуе яна 150 мільёнаў рублёў. Вытворцы паставілі рассейвальнік шашкоўцам з растэрміноўкай пляцяжу. Даручылі РМУ вопытнаму механізатару Мікалаю Кутасу, які працуе на энерганасычаным трактары «Беларус-1221». Дбайны працаўнік зараз уносіць тукі пад сяўбу яравых культур. Дарэчы, рассейвальнік можна выкарыстоўваць на падкормцы сельскагаспадарчых культур, а таксама і на вапнаванні глебы.
У ДЗВЕ ЗМЕНЫ
У гарачыя перыяды палявых кампаній энерганасычаныя трактары, якія выкарыстоўваюцца ў сельгаставарыствах на розных тэхналагічных аперацыях, звычайна задзейнічаны ў дзве змены. Робіцца гэта з мэтай эфектыўнага іх выкарыстання і хутчэйшага выканання запланаваных работ. Такая практыка працягваецца і на сёлетняй веснавой пасяўной. У прыватнасці, у ААТ «Вялікі Двор»,» «Агранёманскі», «Дзераўное» і некаторых іншых. У ААТ «Жацерава», напрыклад, па такім графіку працуюць дзве адзінкі тэхнікі. Механізатары заняты на перадпасяўной апрацоўцы глебы – дыскаванні і чызеляванні. На трактары «Беларус-1221» шчыруюць Віталій Тарабэш і Андрэй Клімко. А на «К-744», усім вядомай маркі «Кіравец», якія выпускаюцца зараз на ААТ «Пецярбургскі трактарны завод», працуюць Уладзімір Праскура і работнік УП «Стаўбцоўскае АКС» Алег Душкевіч, камандзіраваны ў гаспадарку на дапамогу. Штодзень усе яны рыхтуюць пад сяўбу яравых да 80 гектараў глебы.
Надзея БАТАЛКА