Настрой аптымістычны

Нумары Ураджай

У галоўнага агранома ААТ «Рубяжэвічы» Міхаіла Севасцьяновіча зараз самая гарачая пара – пасяўная.  Зразумела, што клопатаў у галоўнага спецыяліста хоць адбаўляй. З ранку да позняга вечара ён на палях.  Яравы клін немалы, адных толькі ранніх збожжавых патрэбна пасеяць 950 гектараў. На большай палове плошчаў работа гэтая выканана. Шчыруюць у полі  тры сеяльшчыкі –  Сяргей Кажамяка, Пётр Гурын і Уладзімір Маргаўнічы.

–  Вясна сёлета выдалася ранняя, але мы былі гатовы да правядзення палявых работ, – расказвае Міхаіл Мікалаевіч. – Гэта дазволіла нам пачаць іх у канцы сакавіка. Вядуцца работы комплексна. У кожнага механізатара свая тэхналагічная аперацыя. Выконваюць  усе  работу сумленна. Людзі працуюць, разумеючы, што ад іх рупнасці будзе залежаць ураджай.

Непадалёку ад Рубяжэвічаў шчыраваў на палетках вопытны механізатар Сяргей Кажамяка, які сеяў ячмень. Ніякіх прэтэнзій да работніка ў галоўнага агранома не ўзнікла. Міхаіл Мікалаевіч яшчэ раз праверыў норму высеву насення і застаўся задаволеным – тэхніка як след адрэгулявана. Пахваліў механізатара за старанне, бо Сяргей Міхайлавіч за светлавы дзень выконвае літаральна дзве нормы, а гэта – шаснаццаць гектараў. Сеялка «Амазонэ» невялікая, трохметровая, таму  і трэба парупіцца, каб столькі пасеяць. Аднак настрой у працаўніка аптымістычны. Яму не прывыкаць да цяжкасцяў. На працягу многіх гадоў Кажамяку давяраюць сеяць збожжавыя, і ён апраўдвае давер.

– Трактар сучасны, працую на ім шэсць гадоў, – расказвае механізатар. – Вопыту дастаткова, таму ўсё атрымліваецца. Гарачы абед прывозяць у поле. Адпачываю крышку, калі загружаецца насенне, а затым зноў працягваю работу. Трэба хутчэй  сеяць, каб укласціся ў аптымальныя тэрміны.

Як расказвае галоўны аграном, сучасных камбінаваных пасяўных агрэгатаў у таварыстве пакуль няма, але і наяўныя сеялкі добрыя, з актыўнымі рабочымі органамі.

–  Высяваем насенне першай рэпрадукцыі, а таксама набылі элітныя ячмень і авёс у элітгасе ААТ «Агранёманскі», – дадае Міхаіл Мікалаевіч. – А вось яравую пшаніцу – у элітгасе «Танежыцы» Слуцкага раёна.

Акрамя збожжавых у таварыстве плануецца пасеяць 350 гектараў цукровых буракоў, плошча пад іх павялічана сёлета на 130 гектараў. І гэта апраўдана, бо гаспадарка набыла летась сучасны буракаўборачны камбайн. На 100 гектараў павялічана плошча і пад кукурузу,  а ўвогуле «каралева палёў» зойме у севазвароце 650 гектараў, з якіх 200 адведзена на зерне. А вось пад бульбай плошча будзе зменшана да 70 гектараў.

– Гэтага дастаткова, бо цяпер гаспадарка не з’яўляецца элітгасам па вырошчванні бульбы, – тлумачыць галоўны спецыяліст. – Насення для пасадкі дастаткова. Яно добра захавалася ў бульбасховішчы, дзе ўстаноўлены мікраклімат. Людзі зацікаўлены купіць яго, таму, магчыма, пэўную колькасць прададзім. У наяўнасці беларускія сарты  «скарб» і «брыз» – эліта, «крыніца», «дэльфін» і сорт нямецкай селекцыі «белароса».

У таварыстве завяршаецца ўнясенне арганікі пад веснавую сяўбу, у прыватнасці, пад кукурузу. Вядзецца догляд  азімых культур, якія перазімавалі няблага.

Адным словам, робіцца ўсё для таго, каб атрымаць сёлета максімальны  ўраджай.

На здымку: галоўны аграном Міхаіл Севасцьяновіч (злева) і механізатар Сяргей Кажамяка правяраюць норму высеву насення.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *