Шэсце байкераў і канцэрт беларускіх зорак. Як Стоўбцы адзначыў 3 ліпеня

Вялікай Перамозе прысвячаецца Мае родныя Стоўбцы Соцыум

3 ліпеня на плошчы Бесмяротнасці ў Стоўбцах адбыўся мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Традыцыйна ў гэты дзень мы ўшаноўваем нашу краіну з яе багатай шматвякавай гісторыяй і ўнікальнай культурнай спадчынай, адчуваем вялікі гонар за Айчыну, свой народ і родны край. З удзячнасцю мы ўспамінаем пакаленне тых, хто абараняў Радзіму, хто сеяў хлеб і будаваў заводы з надзеяй на шчаслівую будучыню сваіх дзяцей.

Сёлета ў святочнай калоне ішлі разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў Жашкава (Украіна) і Азёраў (Расія). Упершыню ў марш-парадзе прымалі ўдзел байкеры і рэтра-аўтамабілі, якія ўзначальвалі святочную калону.

Пачаў мерапрыемства старшыня Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень. Ён павіншаваў прысутных са святам. Сапраўды, гэта свята для ўсіх, хто ганарыцца сваёй краінай, шануе яе гісторыю, хто сваёй працай і талентам кожны дзень уносіць уклад у росквіт роднай зямлі.

Дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Мамайка ў сваім выступленні падкрэсліў, што Дзень Незалежнасці – гэта сімвал свабоды і адзінства беларускага народа, стабільнасці нашага грамадства, пераемнасці пакаленняў.

Пра аперацыю «Баграціён» і значнасць новых сродкаў абароны нагадаў начальнік штаба 25-га арсенала Віктар Шыманскі.

Вядучыя адзначылі на мітынгу, што 3 ліпеня займае асаблівае месца ў гісторыі нашай краіны і лёсе беларускага народа.

На ўрачыстасці таксама выступіў падпалкоўнік у адстаўцы, былы ваенны камісар Георгій Кароткін.

Ад гасцей з гарадоў-пабрацімаў асаблівыя словы ўдзячнасці з пажаданнямі моцнага здароўя, жыццёвых сіл і сямейнага дабрабыту гучалі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто цаной свайго жыцця здабываў для нас шчасце жыць на свабоднай зямлі. Да помніка ўскладалі вянкі і кветкі.

А ўрачыстае шэсце ваенных з вайсковай часці 25819 стала заключным акордам мітынгу.

Пасля стаўбчане госці горада прынялі ўдзел у масавым гулянні. Святочнае мерапрыемства працягвалася на тэатралізаваных пляцоўках па вуліцы Ленінскай у Стоўбцах, дзе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы прадстаўлялі свае падвор’і.

У парку «Дружба народаў» разгарнуліся гандлёвыя рады і выставы на любы густ. Тут можна было ўбачыць не толькі вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапісу, але і ўявіць сябе сапраўдным ваенным, патрымаць у руках аўтамат, кулямёт, вінтоўку і г. д. На пляцоўцы каля гарадскога магазіна «Гаспадарчыя тавары» былі арганізаваны выстава ваеннай тэхнікі і тэматычная пляцоўка ад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

У парку разгарнулася палявая кухня, дзе можна было пакаштаваць салдацкую кашу. Свае бізнес-кампаніі прадставілі не толькі навучэнцы ўстаноў адукацыі, але і рамеснікі. Паласавацца папкормам і салодкай ватай, пакатацца на атракцыёнах і зрабіць аквагрым змаглі ўсе жадаючыя.

Святочную атмасферу на танцпляцоўцы «Вербачка» стваралі музычныя калектывы Стаўбцоўшчыны. А на вялікай сцэне гасцей і жыхароў г. Стоўбцы чакалі знакамітыя артысты: Алёна Ланская, Ганна Шаркунова, гурт «Лялькі карпарэйшн» і шоу барабаншчыкаў Stress. Святочны канцэрт пачаўся паказальнымі выступленнямі раённага клуба «Абаронца Айчыны».

Яркім момантам у пачатку канцэрта стала ўрачыстае ўзняцце сцягаў лепшымі маладымі грамадзянамі Стаўбцоўшчыны, бо менавіта наша будучае пакаленне павінна з вялікім гонарам і задавальненнем праслаўляць сваю малую радзіму – Стаўбцоўшчыну!

Фінальным акордам свята стала рэспубліканская акцыя «Спяём гімн разам» і яскравы салют.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



1 комментарий по теме “Шэсце байкераў і канцэрт беларускіх зорак. Як Стоўбцы адзначыў 3 ліпеня

  1. Гасцей і жыхароў г. Стоўбцы чакалі знакамітыя артысты: Алёна Ланская, Ганна Шаркунова, гурт «Лялькі карпарэйшн» і шоу барабаншчыкаў Stress.

    знакамитыя? ОЧЕНЬ СОМНИТЕЛЬНО!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *