У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» летась атрымана адна з самых высокіх у раёне ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур. Сёлета тут прыкладаюцца ўсе намаганні для таго, каб перакрыць мінулагодні паказчык. У прыватнасці, гэтымі днямі азімыя збожжавыя апрацоўваюцца рэгулятарамі росту раслін. Як вядома, гэты агратэхнічны прыём адыгрывае важную ролю ў павелічэнні ўраджайнасці. Заняты на апырскванні сельгаскультур механізатар Мікалай Ланкевіч, які працуе на трактары «Беларус-1221» з апырсквальнікам «Калумбія-18». Дбайны працаўнік штодзень удвая перавыконвае норму выпрацоўкі.
Механізатар правёў на ўсёй плошчы і хімпраполку азімых. Гэтымі днямі шпаркімі тэмпамі ў таварыстве вядзецца падрыхтоўка глебы пад яравую сяўбу, уносяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні.
Надзея БАТАЛКА