Беларуская зямля багатая на таленты

Важное Культура

Абласны конкурс-пленэр юных мастакоў «Фарбы роднай зямлi», прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння кампазітара Станіслава Манюшкі, прайшоў у Чэрвені.
Каб трапіць на конкурс-пленэр, Паліна Камёнка са Стоўбцаў прайшла сур’ёзны папярэдні адбор. Яна з’яўляецца выпускніцай 2019 года аддзялення выяўленчага мастацтва Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў (настаўнік Андрэй Зянько). Заключным акордам яе навучання стаў удзел у гэтым конкурсе-пленэры.
Гледзячы на геаграфію конкурсу, можна канстатаваць: беларуская зямля багатая на таленты. У першым туры конкурсу прымалі ўдзел усе ўстановы мастацтваў вобласці. Пасля адборачнага этапу засталося толькі 36 навучэнцаў, якія змагаліся за права стаць лепшымі. Практыка малявання пейзажаў з натуры – частка прафесійнай падрыхтоўкі будучых мастакоў. У конкурсе-пленэры «Фарбы роднай зямлi» малюнкі ацэньваліся на ўмовах ананімнасці: спярша выстаўлялася адзнака, а ўжо потым высвятлялася асоба аўтара.


Конкурс-пленэр доўжыўся чатыры дні. За гэты час для ўдзельнікаў была арганізавана цікавая і разнастайная праграма. У музеі г. п. Смілавічы дзяцей пазнаёмілі з творчасцю выдатнага кампазітара, пачынальніка польскай і беларускай нацыянальнай класічнай музыкі Станіслава Манюшкі. Юныя мастакі малявалі ў жывапісных кутках Чэрвеньскага раёна: у гарадскім пасёлку Смілавічы, у вёсцы Раванічы, у пасёлку Азёрны.
Вярнуўшыся з конкурсу-пленэру, Паліна падзялілася сваімі ўражаннямі. «Мне падабаецца, што, малюючы на свежым паветры, мы зліваліся з прыродай, пераносячы нашы ўражанні на паперу».
Па выніках конкурсу-пленэру дзяўчынка атрымала дыплом першай ступені. А падарункі пераможцам арганізатары падбіралі з сэнсам: пастэлі, алоўкі, тэмперныя і акрылавыя фарбы, паперу для малявання.
Падчас правядзення конкурсу-пленэру для Паліны адбылася яшчэ адна значная падзея. У рамках Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі ЮНЭСКА праводзілася рэспубліканская выстава мастацкіх твораў навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Беларусі, прымеркаваная да Году малой радзімы. Работы вучаніц Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Паліны Камёнка, Анастасіі Маскаленчык, Карыны Суднік былі прадстаўлены на выстаўцы і ўвайшлі ў каталог лепшых.
Выклікае радасць і задавальненне тое, што сярод дзяцей ёсць сапраўдныя аматары сваёй справы, і тыя, хто ў перспектыве можа звязаць сваё жыццё з выяўленчым мастацтвам. Мы ўпэўнены, што мастацтву заняпад не пагражае, таму што падрастае дастойная змена цяперашнім майстрам.
Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *