Стаўбчане – на міжнародным п’едэстале

Нумары Спорт

Традыцыйная матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы памяці заслужанага трэнера Беларусі С. А. Хамчука, як заўсёды, стала прадстаўнічай. І статус міжнароднай надаў удзел у ёй, акрамя спартсменаў Беларусі, таксама лёгкаатлетаў Расіі, Латвіі і Літвы.

Зразумела, што канкурэнцыя на «спартыўным экзамене» ў манежы сталічнага спарткомплексу «Дынама» была высокай. Юныя спартсмены суседніх краін стараліся праявіць сябе. І вельмі прыемна было чуць падчас узнагароджвання пераможцаў і прызёраў назву горада Стоўбцы.

Асаблівым поспехам адзначылася выступленне Уладзіслава Супруна. У разрадзе ўдзельнікаў 1999-2000 гадоў нараджэння яму не было роўных у кіданні кап’я і штурханні ядра. Кап’ё з рук Уладзіслава прызямлілася на адзнацы 45 метраў, а ядро – 14 метраў 77 сантыметраў. Гэта ўжо недалёка да ўзроўню першага спартыўнага разраду. Дарэчы, ядро праляцела на паўтара метра далей, чым у другога прызёра, юнага спартсмена з Латвіі. Зразумела, што масцітых трэнераў зацікавіла перспектыва спартыўнага росту Уладзіслава Супруна. А на згаданых спаборніцтвах ён прызнаны адным з лепшых спартсменаў.

Падтрымалі пачын таварыша і іншыя члены лёгкаатлетычнай каманды Стаўбцоўшчыны. Дзве ўзнагароды ў Кірыла Борыса, які паказаў другія вынікі ў скачках у даўжыню і трайным. Трэція месцы ў Паўла Базарэўскага ў бегу на 600 метраў і ў Аляксандра Уласіка на дыстанцыі ў дзесяць разоў карацейшай – 60 метраў. Гэтыя рабяты выступалі ў разрадзе пятнаццаці- і шаснаццацігадовых.

І ў расказе аб таксама значных спартыўных спаборніцтвах юных лёгкаатлетаў – першынстве Мінскай вобласці па праграме Спартакіяды ДЮСШ і ДЮСШ АР – пачнем з поспеху Уладзіслава Супруна. Зноў жа ніхто не змог стварыць канкурэнцыі нашаму спартсмену. І ў скачках у даўжыню, і ў штурханні ядра ў яго самыя высокія вынікі. Паспелі і тут паказаць сябе, сваю спартыўную форму Кірыл Борыс, Аляксандр Уласік і Павел Базарэўскі. Калі Кірыл заняў сваё «законнае» другое месца ў трайным скачку, то яго таварышы праявілі рознабаковасць спартыўнага амплуа. Павел стаў сярэбраным прызёрам таксама ў бегу на сярэднія дыстанцыі, але ўжо на 400 метраў. А Аляксандр смела выйшаў на трасу бегу на два кіламетры з перашкодамі і заняў трэцяе месца.

Даволі вялікі атрымаецца спіс, калі назавём і іншых прызёраў.  Антон Васілеўскі перамог у бегу на 400 метраў і стаў трэцім на 800-метровай трасе. У Кірыла Луцэвіча дзве сярэбраныя ўзнагароды – у бегу на 60 і 200 метраў. У Ільі Звярынскага другое месца ў трайным скачку і трэцяе – у скачках у даўжыню. Дарэчы, Ілья працягвае традыцыі свайго старэйшага брата Уладзіслава – удзельніка першынства рэспублікі і чэмпіёна вобласці.

Здатнасць праявілі таксама Юлія Грамыка (другое месца ў штурханні ядра), Дзмітрый Бохан (другое месца ў бегу на 1500 метраў з перашкодамі), Павел Ліпніцкі (трэцяе месца ў бегу на 400 метраў) і Максім Верабей (трэцяе месца ў бегу на 60 метраў).

Дасягненні выхаванцаў – лепшая адзнака трэнерскага майстэрства Анатоля Турчановіча. У падрыхтоўцы юных лёгкаатлетаў удзельнічаў і трэнер Юрый Кручок.

Ф. ФЯДОТАЎ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *