Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста адбылася на Стаўбцоўшчыне

Культура

Маладыя бярозкі і мноства кветак упрыгожылі чатыры алтары на шляху працэсіі Божага Цела з Новага Свержаня ў Стоўбцы.

Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 23 чэрвеня пачалася Святой Імшой у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Новым Свержані. У прамоўленым Божым слове пробашч Ігар Лашук, як заўсёды, з запалам абвяшчаў спрадвечныя Божыя праўды, дапаўняючы іх прыкладамі з сучаснага жыцця. Дапамагаў цэлебраваць Імшу і ўдзельнічаў у працэсіі ксёндз Станіслаў Адамовіч, які зусім нядаўна закончыў вышэйшую духоўную семінарыю і атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне.

Пасля Імшы і малітвы ля першага алтара, прыбранага новасвяржанамі побач з касцёлам, святары і вернікі з дзвюх парафій рушылі ў працэсіі да касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах. Святары, змяняючы адзін другога, неслі Хрыста ў манстранцыі. Здавалася, што сам жывы Езус, прысутны ў Эўхарыстыі, ішоў разам з намі ў гэты дзень па дарозе, усыпанай мноствам пялёсткаў ад кветак, ішоў там, дзе штодзень ходзяць і ездзяць мясцовыя жыхары.

Другі алтар – ля крыжа перад мостам праз Нёман. Пакланенне Целу Хрыста,  чытанне ўрыўка з Евангелля і малітва. Праз некалькі метраў – запланаваны прыпынак на мосце праз раку, каб благаславіць яе воды і папрасіць Бога аб іх карысці для жыхароў навакольных населеных пунктаў.

На ўсім шляху да працэсіі далучаліся вернікі: і малыя, і старыя з радасцю ўдзельнічалі ва ўрачыстасці дзеля Божай славы. Перад трэцім алтаром, змайстраваным насупраць зруйнаванага касцёла святога Казіміра ў райцэнтры, сабралася ўжо вялікая колькасць людзей. І зноў – пакланенне Целу Хрыста,  чытанне Евангелля, усеагульная шматгалосая малітва і словы святара:

– Благаслаўленне Бога Усемагутнага няхай сыдзе на вас,  няхай захавае вашы палі і сцеражэ вашы дамы і месцы працы. У імя Айца, і Сына, і Духа Святога…

Адсюль працэсія рушыла ўжо пад гукі аркестра «Віціны», які суправаджаў вернікаў да чацвёртага алтара, размешчанага ля сцен новага касцёла.

Спяваючы рэлігійныя песні і молячыся каля алтароў, удзельнікі ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, прысвечанай найвялікшаму скарбу Касцёла – галоўнаму сакрамэнту – Эўхарыстыі, прасілі ў Бога патрэбнай ласкі для сябе і сваіх сем’яў, а таксама для ўсіх жыхароў Стаўбцоўшчыны і Беларусі. Таму наступная Святая Імша, ужо ў касцёле святога Казіміра, пачалася з благаслаўлення на чатыры бакі свету, а закончылася словамі ўдзячнасці, выказанымі ксяндзом Ігарам Лашуком усім прысутным, а таксама кіраўніцтву райвыканкама, РАУС, райбальніцы і аркестру за падтрымку і супрацоўніцтва.

Ганна БЫЧЫНСКАЯ

Фота Веранікі ВАЛАДЗЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *