Іосіф і Софія Качановічы аб жыцці і працы ў «маленькай Швейцарыі»

Важное Год малой родины

Іосіф і Софія Качановічы жывуць у Варапаях. У маляўнічых мясцінах, якія мясцовыя жыхары называюць «маленькай Швейцарыяй». Усё працоўнае жыццё гэтых людзей, як і іх бацькоў, звязана з сельскай гаспадаркай. Іосіф Люцыянавіч і Софія Станіславаўна працавалі на ўсіх вытворчых участках: і ў паляводстве, і ў жывёлагадоўлі. Некалі калгас «Шлях да камунізму» быў багатай гаспадаркай, вядомай не толькі ў нашым раёне дзякуючы сумленнай рабоце і гэтых простых працавітых людзей. Цяпер муж і жонка на пенсіі. Але і сёння яны шчыруюць з раніцы да позняга вечара. Не могуць сядзець склаўшы рукі.

Іосіф і Софія Качановічы

Калі мы завіталі да Качановічаў, гаспадыня сена падсушвала, а гаспадар кляпаў касу.

– Многа спраў у жыцці перарабілі, а цяпер вось дома тупаем, – сказала, павітаўшыся, жанчына. – І так поўны дзень. Няма прасвету. Работы многа, але інакш не можам. Прывыклі.

Нібыта чытаючы мае думкі, Софія Станіславаўна адрапартавала, што на курорты не ездзілі. Працаваць трэба было. Ды і як выбрацца? Гаспадарка свая была вялікая, і хто ж карову будзе даіць. Практычна нікуды далёка не выязджалі. Толькі паблізу. Успомніла, што была неяк у Стоўбцах, калі прэмію давалі. У госці да сяброўкі ў Мінск наведвалася, але гэта было даўно.

– А я тры разы быў у сталіцы, – уступае ў размову Іосіф Люцыянавіч. – У водпуск прылятаў на самалёце з Новасібірска, дзе служыў, і потым – назад. А трэці раз, калі «дэмабілізаваўся». Ці шкадуем, што вось так жыццё прайшло? Пэўна, не. Кожнаму сваё, лёсам наканаванае. А добрага таксама было нямала. Галоўнае, што дзеці побач – наша падтрымка і апора.

Абодва героі аповеду з гэтых месцаў. Софія Станіславаўна з Апонаўшчыны. Яны працавалі разам у калгасе, хадзілі на танцы ў клуб. Высокі, статны хлопец глянуўся дзяўчыне. І Іосіф з усіх выбраў менавіта Софію. Яна і стала яго вернай спадарожніцай  па жыцці. Душа ў душу жывуць амаль паўстагоддзя. Качановічы пажаніліся ў пачатку 1970 года. Софія пайшла жыць да мужа. У старэнькую хатку. На месцы той, у якой зараз жывуць, стаяў толькі зруб. Паціху будаваліся. Восенню нарадзіўся першынец Вова.

– Акурат 26 паздзерніка,  – удакладняе Софія Станіславаўна, называючы на страславянскі лад месяц кастрычнік, а Толя – праз тры гады.

Абодва сыны Качановічаў прадоўжылі дынастыю, жывуць і працуюць у таварыстве. І на такіх людзях трымаецца сельская гаспадарка.

Старэйшы, Уладзімір Іосіфавіч, па адукацыі ветфельчар, шчыруе брыгадзірам на МТФ «Рудзевічы». Пабудаваў хату на адным участку з бацькамі. Анатолій Іосіфавіч – у ліку лепшых механізатараў. Людзі сціплыя, хваліцца не любяць, і такія ж працавітыя, як і іх бацькі. З дзяцінства прывучаныя да нялёгкай сялянскай работы.

Іосіф і Софія Качановічы трымаюць на падвор’і карову, авечак, свіней, курэй. Бульбу і буракі кармавыя садзяць у полі. Гавораць, што трэба да пенсіі мець прыробак, каб унукам, а іх чацвёра, абавязкова чым-небудзь дапамагчы. Асабліва тым, хто вучыцца. Сыны Анатолія таксама застаюцца вернымі сялянскай дынастыі. Вадзім працуе ў таварыстве бухгалтарам, скончыў сельскагаспадарчы каледж і завочна вучыцца ў сельгасакадэміі ў Горках. Малодшы, Юрый, атрымлівае прафесію тэхніка-механіка ў Мар’інагорскім каледжы. Агульны працоўны стаж толькі двух пакаленняў Качановічаў складае звыш 120 гадоў.

Прафесій на свеце многа, і адна з самых высакародных, але, на жаль, непрэстыжных – нялёгкая і пачэсная сялянская праца. Не шкадуючы сіл, вясковыя людзі шчыруюць для таго, каб на нашым стале заўсёды былі хлеб, малако і мяса. І за гэта ўсім ім вялікі дзякуй.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *