
У ведамасным магазіне «Вішнявецкі кірмаш», які належыць ААТ «Вішнявецкі-агра», заўсёды можна набыць неабходныя прадукты харчавання. Вядзецца тут і гандаль агародніннай прадукцыяй з уласнага саду.
Сюды пастаянна заходзяць не толькі работнікі таварыства і вяскоўцы, магазін практычна не мінаюць тыя, хто едзе па аўтадарозе Стоўбцы – Нясвіж. Размяшчэнне гандлёвай кропкі выгаднае, таму ў дырэктара таварыства Івана Краўчука ўзнікла думка дадаткова адкрыць у будынку кафетэрый.
– Плошча дазваляе, пустуе другі паверх, куды і плануем перавесці магазін, а на першым абсталяваць невялікае прыдарожнае кафэ, – расказвае Іван Васільевіч. – Зробім рамонт, адрэстаўрыруем і аформім належным чынам залу. Наведвальнікі змогуць папіць тут кавы, чаю, купіць розныя салодкія вырабы.
Пакуль што ў гаспадарцы рыхтуюць і афармляюць дакументацыю, якую неабходна ўзгадніць у розных інстанцыях. Паступова будуць набывацца будаўнічыя матэрыялы. У наступным годзе разлічваюць задумку ажыццявіць. Для зручнасці кліентаў пабудуюць побач з магазінам і стаянку для аўтамашын.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара