На пляжы ракі Нёман актыўна працуюць матросы-выратавальнікі

Ахова правапарадку Главное

Пляж на рацэ Нёман – у ліку самых папулярных месцаў адпачынку. Яго найчасцей выбіраюць гараджане і госці горада.

Прываблівае сюды Нёман ды, безумоўна, блізкае размяшчэнне пляжа ад горада. Гэтае месца масавага адпачынку аснашчана ўсім неабходным, і сёлета яно стала яшчэ больш камфортным. Да вялікага і каляровага ценявога навесу, дзе можна схавацца ад сонца або дажджу, раздзявалак, туалетаў ды аўтастаянкі таксама дабавіўся «лягушатнік» – зона, адмыслова выгараджаная работнікамі Стаўбцоўскага АКС для бяспечнага купання малых дзяцей.

Хоць Нёман не можа пахваліцца значнай глыбінёй (наадварот, у межах усіх устаноўленых на рацэ на тэрыторыі раёна зон масавага адпачынку асабліва няма дзе па-сапраўднаму паплаваць), аднак заўсёды трэба мець на ўвазе цячэнне, якое здольна зрабіць сваю каварную справу.

Невыпадкова, што на пляжы пад сцягам Беларускага таварыства выратавання на водах працуе высоўны пост і нясуць дзяжурства матросы-выратавальнікі Лёнгін Ваяводскі, Анатоль Камароўскі, Сяргей Купчунас.

– Пазменна матросы-выратавальнікі адсочваюць «пляжную» абстаноўку аж да захаду сонца, паралельна вядуць з адпачывальнікамі прафілактычную работу. Наша асноўная задача – ахова жыцця людзей на водах, – зазначае старшыня раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах, старшы паста Іосіф Грыгарцэвіч. – У крайніх выпадках, калі знаходзяцца жадаючыя зайсці ў ваду ў стане алкагольнага ап’янення, выклікаюць на дапамогу міліцыю.

Лета наперадзе. У кожнага з нас ёсць магчымасць наведаць не толькі пляж на рацэ Нёман на ўскраіне Стоўбцаў, але і пляж на гарадскім возеры, дзе адкрыты стацыянарны выратавальны пост і ёсць усе магчымасці для бяспечнага і карыснага адпачынку. Абодва пляжы ў горадзе замацаваны за Стаўбцоўскім АКС. Акрамя таго, на Стаўбцоўшчыне сустракаюць яшчэ пяць зон масавага адпачынку на вадзе: на турбазе «Высокі бераг», ля аздараўленчага лагера «Церамок», на возеры Кромань, азёрах у вёсках Падгорная і Горкі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *