У ліку першых пачалі і завяршылі ўборку азімага рапсу працаўнікі ААТ «Жацерава».
Гэтая тэхнічная культура займала ў гаспадарцы плошчу 210 гектараў. На палетках задзейнічалі тры экіпажы камбайнераў, якія своечасова справіліся з пастаўленай задачай.

– Сёлета мы вывелі камбайны на азімы рапс раней, чым у папярэднія гады, – у пачатку ліпеня, – расказвае галоўны аграном сельгаставарыства Іна Леўкавец. – Надвор’е, як вядома, не зусім спрыяла развіццю раслін, але разлічваем атрымаць з кожнага гектара каля 30 цэнтнераў масланасення – гэта больш, чым летась. Высявалі айчынныя сарты «вітаўт» і «прагрэс», а таксама два замежныя гібрыды – «рохан» і «геркулес».
Паступова выспявае збажына. У таварыстве неабходна ўбраць 769 гектараў азімых і 304 гектары яравых збожжавых культур. Масавае жніво ў гаспадарцы пачнецца, хутчэй за ўсё, на наступным тыдні. У працоўнай біяграфіі галоўнага спецыяліста сёлетняя ўборачная кампанія сёмая па ліку і мае быць самай ранняй па тэрмінах.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара